Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Паўла Севярынца Тацяна: "Павал вытрымае, ён моцны..."


Алесь Дашчынскі, Менск Учора вядомыя апазыцыйныя дзеячы Мікола Статкевіч і Павал Севярынец былі асуджаныя Цэнтральным судом Менску да трох гадоў абмежаваньня волі. Суд прызнаў іх вінаватымі ў арганізацыі масавых акцый пратэсту, якія адбыліся пасьля мінулагодняга рэфэрэндуму.

Паводле абвінавачваньня, Статкевіч і Севярынец арганізавалі дэманстрацыі на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, у часе правядзеньня якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Суд таксама ўлічыў, што ў часе сьледзтва была абвешчана амністыя. Таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец будуць адбываць пакараньне не тры гады, а два. Як паставіліся да судовага выраку сябры, паплечнікі і сваякі асуджаных?

Маці Паўла Севярынца Тацяна працуе настаўніцай у школе. Адразу пасьля абвяшчэньня прысуду мы зьвязаліся зь ёю.

(Карэспандэнт: ) “Вы, відаць, ужо ведаеце…

(Тацяна: ) “Я ведаю, так, які прысуд, я ведаю, што адбывалася, таму што ў мяне сёньня былі іспыты, я ж у школе працую, і адсылала дачку. Старэйшая сястра Пашы была на прысудзе, на судзе, на апошнім слове, яна ўсё чула. А я ўжо ведаю, што і як адбывалася ".

(Карэспандэнт: ) “І вашыя першыя пачуцьці, як Вы адрэагавалі на рашэньне суду ?”

(Тацьцяна: ) “Ну, гэта беззаконны акт – гэта мае адносіны да суду, да ўсяго, што было. А сам прысуд у гэтай сыстэме, у якой мы жывем, і што мы чакалі, дык я памалілася, таму што я вельмі баялася, што, можа, у якую калёнію адправяць, гэта цяжкавата было б, ну а “хімія“ – перажывем, што ж рабіць, можа, што і зьменіцца за гэты час ".

(Карэспандэнт: ) “Вы маеце спадзеў, што Павал вытрымае…"

(Тацяна: ) “Ён вытрымае, ён вельмі моцны чалавек, ён духоўна вельмі багаты, ён падрыхтаваны да гэтага, ён маральна падрыхтаваны, ён ведаў на што йшоў і ведаў, што яно так і будзе. Карацей, я малюся, што здарылася так. Два гады мнагавата, я думала, што скасьцяць болей, таму што амністыя. Але год дык год, таму што ж прысуджалі тры. Ну два гады, я ўжо падлічыла, хлопцу майму будзе 30 у той час, калі ён будзе свабодным, пасталее. Галоўнае, каб здароўе было, кідаць мы яго не зьбіраемся, будзем падтрымліваць, гэта безумоўна ”.

Павал Севярынец – адзін са стваральнікаў “Маладога фронту”. Прадстаўнік новага пакаленьня гэтай моладзевай арганізацыі – Зьміцер Дашкевіч. Фактычна, ён - пераемнік Севярынца.

(Дашкевіч: ) “Не хапае нават словаў, каб выказаць сваё стаўленьне да гэтай бесчалавечнай сыстэмы. То бок мы, безумоўна, усё ж такі спадзяваліся ўвесь час, што прысуд будзе менш жорсткім, але, бачыце, суд вынес тое, што запатрабаваў пракурор. Зараз спадзяемся, што Паша здолее апратэставаць у вышэйшых судах гэты прысуд. Безумоўна, відавочным зьяўляецца тое, што рэпрэсіўная машына рэжыму Лукашэнкі дзейнічае па ўсіх франтах і ў першую чаргу яна спрабуе падмяць пад сябе самых шчырых і адданых змагароў за Бацькаўшчыну ".

(Карэспандэнт: ) “Як ты лічыш, ці перашкодзіць гэтая “хімія” палітычнай дзейнасьці Паўла Севярынца?”

(Дашкевіч: ) “Ну, ён даволі мужны чалавек, нават калі ў яго не атрымаецца абскардзіць гэты прысуд, зьмяніць - безумоўна, не перашкодзіць. Прыйдзе час, і я спадзяюся ён прыйдзе вельмі хутка, і заслугі кожнага чалавека перад гэтай краінай насамрэч будуць ацэненыя. Безумоўна, усе мы шкадуем, што Павал будзе пазбаўлены магчымасьці найбольш актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці, але тут нічога ня зробіш. Я думаю, усё ж такі ён вельмі мужны чалавек, каб два гады гэтыя пратрымацца ”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе нейкая падтрымка з боку сяброў, аднадумцаў?”

(Дашкевіч: ) “Безумоўна, мы будзем праводзіць акцыі пратэсту, мы будзем наведваць яго пастаянна, таму што любому чалавеку, каторы хоць раз падвяргаўся прэсінгу з боку сучаснага беларускага рэжыму, а тым больш быў неяк абмежаваны ў свабодзе, ён разумее, што самае галоўнае для такіх людзей у гэты момант - маральная падтрымка з боку сяброў, з боку паплечнікаў, каб упэўніцца ў сваёй пазыцыі. Таму мы зробім усё магчымае, каб Павал цягам свайго зьняволеньня адчуваў найбліжэйшую нашую маральную падтрымку ”.

Актывіст беларускай палітычнай апазыцыі Вячаслаў Сіўчык лічыць, што вынесены прысуд Севярынцу і Статкевічу наўрад ці нанясе шкоду іхнай палітычнай дзейнасьці.

(Сіўчык: ) “Натуральна, у іх значна больш складаная сытуацыя ўзьнікае, бо іх, у прынцыпе, “падвесілі” гэтым прысудам. Сам па сабе суд быў абсалютна цынічны. Судзьдзя нават не рабіў выгляду, што гэта ёсьць незалежны суд. Я думаю, што Мікалай і Павал былі гатовыя да такога прысуду, нічога для іх нечаканага не адбылося. Проста шкада, што такія суды адбываюцца і хочацца выказаць спадзеў, што ўрэшце рэшт гэта ўсё закончыцца. Я думаю, сёньняшні прысуд не адменіць тыя падзеі, якія будуць у Беларусі”.
XS
SM
MD
LG