Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавілася судовая спрэчка паміж падаткавікамі і правабаронцамі з БГК


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд краіны сёньня вернецца да справы Беларускага Гэльсынскага камітэту. У падатковай інспэкцыі па-ранейшаму лічаць, што гуманітарная дапамога грамадзкім арганізацыям павінна абкладацца падаткамі, што аспрэчваюць праваабаронцы.

Ад таго, чыя пазыцыя пераможа, залежыць лёс ня толькі БГК, але і дзесяткаў грамадзкіх арганізацыяў, лічаць спэцыялісты.

Яшчэ пры канцы мінулага году здавалася, што ў працяглай судовай спрэчцы падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну сталіцы зь Беларускім Гэльсынскім камітэтам Вышэйшы гаспадарчы суд паставіў кропку, калі адхіліў прэтэнзіі прадстаўнікоў улады. Але ў сакавіку ўступіў у дзеяньне новы Гаспадарча-працэсуальны кодэкс, які пашырыў магчымасьці абскарджваць судовыя рашэньні. Гэтым скарысталіся чыноўнікі падатковай інспэкцыі. Яны зноў патрабуюць прызнаць, што справядліва прымушалі Беларускі Гэльсынскі камітэт сплаціць каля 140 тысяч даляраў з грантаў праграмы ТАСІС Эўразьвязу.

Нагадаю, гэтыя прэтэнзіі сталі падставай для завядзеньня пракуратурай крымінальнай справы супраць старшыні і галоўнага бухгальтара БГК. Былое рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі на карысьць БГК мела вялікі розгалас. Міжнародныя арганізацыі віталі яго, бо гэта адпавядала сусьветнай практыцы, паводле якой гуманітарная дапамога не абкладаецца падаткамі.

І вось суду прыйдзецца зноў вызначаць пераможцу ў спрэчцы. Гэтым разам Беларускі Гэльсынскі камітэт ў судзе будзе прадстаўляць выканаўчы дырэктар арганізацыі юрыст Алег Гулак. Ён спадзяецца, што суд пацьвердзіць былое рашэньне. А дзеяньні падатковых інспэктараў Алег Гулак тлумачыць загадам зьверху.

(Гулак: ) “ На маю думку, зь юрыдычнага пункту гледжаньня адказы на ўсе пытаньні ўжо атрыманыя, таму, мяркую, гэта не пазыцыя падатковай інспэкцыі, а пазыцыя міністэрства падаткаў і збораў. Вядома, што ня толькі супраць нас вядуцца падобныя працэсы, але і супраць іншых грамадзкіх арганізацыяў”.

З тым, што падатковыя прэтэнзіі становяцца сродкам палітычнага ціску, пагаджаецца і старшыня беларускага Саюзу моладзевых і дзіцячых арганізацыяў “Рада” Святлана Каралёва. Заўтра яна пойдзе ў гарадзкі Гаспадарчы суд на працэс, аналягічны справе Беларускага Гэльсынскага камітэту. Паводле пазову, “Рада” не сплаціла каля 140 мільёнаў рублёў з грантаў дзіцячай праграмы ЮНІСЕФ Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Святлана мяркуе, што ў выніку пагроза навісла над дзесяткамі іншых грамадзкіх арганізацыяў, якія аб’ядноўваюць тысячы беларускіх дзяцей і падлеткаў.

(Каралёва: ) "Ва ўсім сьвеце праграмы ЮНІСЕФ і ТАСІС не абкладаюцца падаткам. Гэта закон. Таму гэтыя прэтэнзіі праз падаткі, калі ТАСІС і ЮНІСЕФ не дамовяцца зь беларускім урадам, могуць стаць дадатковым мэханізмам для закрыцьця непажаданых грамадзкіх арганізацыяў . А дапамогу атрымлівалі дзясяткі. Таму я лічу, што гэта найперш палітычная акцыя”.

Даведацца пра стаўленьне чыноўнікаў да гэтых меркаваньняў не ўдалося. У падатковай службе Маскоўскага раёну Менску наўпрост адмовіліся іх камэнтаваць, у міністэрстве падаткаў і збораў заявілі, што прэсавы сакратар звольніўся, а міністар з дарадцам у адпачынку. Прадстаўніца падатковай інспэкцыі Вольга Тарасевіч, якая сёньня будзе прадстаўляць сваю службу на працэсе ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, сказала толькі, што іх пазыцыя засталася нязьменнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG