Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі пачынае “партыйную чыстку”


Іна Студзінская, Менск Зь 1 чэрвеня рэгіянальныя ўпраўленьні юстыцыі пачнуць здымаць з уліку арганізацыйныя структуры палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, не пераведзеныя ў нежылы фонд. Без рашэньня суду і нават без пісьмовага папярэджаньня. Гэта патрабаваньне Мінюст абгрунтоўвае нормамі Жыльлёвага кодэксу

.

Яшчэ мінулай восеньню Міністэрства юстыцыі разаслала ўсім партыям, грамадзкім арганізацыям ліст, у якім запатрабавала выправіць становішча з рэгістрацыяй пад пагрозай закрыцьця. Усе партыйныя структуры, NGO павінны былі знайсьці юрыдычны адрас у адміністрацыйных будынках. Што гэта за дакумэнт, камэнтуе юрыст выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі Юрась Чавусаў.

(Чавусаў: ) “Сапраўды, гэта быў не нарматыўны акт, а проста папярэджаньне, якое міністэрства юстыцыі ня мае права выдаваць. Партыі гэта праігнаравалі, але грамадзкія аб’яднаньні з большага вырашылі падпарадкавацца. Частка арганізацыяў знайшла для сваіх структураў магчымасьць перарэгістрацыі ў адміністрацыйных будынках. Большая частка не знайшла. У лютым, калі стала відавочна, што мала хто выправіў гэта становішча, міністэрства юстыцыі адклала гэты працэс да 1 чэрвеня. Пры гэтым выбарачна выдала папярэджаньні. Партыі, вядома, абскарджвалі гэта ўсё ў судах, але ніхто не атрымаў ад гэтага карысьці”.

Гэтая спрэчка ўзьнікла з-за нявызначанасьці артыкулу 8 Жыльлёвага кодэксу. Калі ў кватэры зьбіраецца некалькі дзесяткаў чалавек, каб, напрыклад, піць гарэлку, гэта ня ёсьць парушэньнем закону, ня лічыцца парушэньнем выкарыстаньня кватэры. А вось калі там зьбіраюцца тры чалавекі – сябры суполкі – гэта “нямэтавае выкарыстаньне жыльлёвага фонду”. Гаворыць юрыст Юрась Чавусаў:

(Чавусаў: ) “Партыі і грамадзкія аб’яднаньні гэта трактуюць на сваю карысьць, міністэрства юстыцыі трактуе на карысьць дзяржаўнага кантролю і памяншэньня колькасьці арганізацыяў”.

У сакавіку у Правілы аб рэгістрацыі аргструктур былі ўнесеныя зьмены, бо дагэтуль прававога мэханізму скасаваньня арганізацыйнай структуры не было – толькі праз суд. Гэта азначала, што па кожнай партыі, у якой ёсьць рэгіянальныя структуры – дзесяткі судоў, па грамадзкіх аб’яднаньнях – наагул сотні. Рэгістрацыя аргструктур знаходзіцца ў кампэтэнцыі мясцовых выканаўчых органаў. І вось у Правілы рэгістрацыі ўнесьлі наступныя зьмены: калі ў дзейнасьці аргстуктуры былі заўважаны недахопы, вынесена папярэджаньне, і цягам месяца парушэньні не былі выпраўленыя, то гэтая структура можа быць ліквідаваная ў пазасудовым парадку, то бок без суду. Так бы мовіць, Мінюст “падправіў” заканадаўства.

Безумоўна, колькасьць рэгіянальных структур грамадзкіх арганізацыяў значна паменшыцца - лічыць ганаровы старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП “Народная грамада” Анатоль Ляўковіч.

(Ляўковіч: ) “Лёгіка гэтага рэжыму зразумелая: ні кроку назад і толькі наперад – у сэнсе “зачышчэньня” палітычнай прасторы, зьнішчэньня грамадзкага сэктару. Апазыцыя і так несыстэмная, а гэта крок да таго, каб яе зрабіць наагул маргінальнай. Юрыдычныя адрасы знайсьці ў прынцыпе немагчыма. Канечне, там, дзе існуюць жывыя структуры, ёсьць сапраўдныя лідэры, там гэтыя структуры будуць існаваць, як кажуць, у падпольным стане. Але сытуацыя, канечне, значна пагоршыцца”.

І яшчэ адна акалічнасьць. Паводле словаў міністра юстыцыі Віктара Галаванава, міністэрства юстыцыі вырашыла пайсьці насустрач пэўным арганізацыям. Меркаваньне юрыста выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі Юрася Чавусава.

(Чавусаў: ) “Зараз мы сутыкнуліся з тым, што міністэрства юстыцыі ўжо ў адкрытую падзяліла арганізацыі на карысныя і шкодныя. Ёсьць даволі жорсткія заявы Галаванава пра тое, што партыйныя структуры і грамадзкія арганізацыі будуць здымацца з уліку не ў судовым парадку, а наўпрост, а пры гэтым жа адзначаецца, што насустрач некаторым дабрачынным, вэтэранскім, арганізацыям інвалідаў – ім дазволена разьмяшчацца ў прыватных кватэрах грамадзянаў. Такім чынам, трэці сэктар падзелены на дзьве паловы”.
XS
SM
MD
LG