Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі павялічваюць набор рэзэрвістаў


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Беларусі пачынаецца чарговы этап прызыўной кампаніі. Прадстаўнікі воінскіх частак і злучэньняў вядуць адбор навабранцаў на службу ў рэзэрве ва ўсіх без выключэньня абласьцях Беларусі.

Нагадаю, што якраз міністэрства абароны Беларусі было ініцыятарам новага закону аб вайсковым абавязку і вайсковай службе, які прыняты парлямэнтам у чэрвені 2003 году. Закон вызначае, што грамадзянаў прызываюць на службу ў рэзэрве па хадайніцтве кіраўнікоў дзяржаўных ворганаў.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, калі дырэктар заводу, фабрыкі альбо навуковай установы зацікаўлены, каб малады працаўнік не губляў сваёй кваліфікацыі на салдацкай службе, то хадайнічае перад міністэрствам абароны аб накіраваньні маладога спэцыяліста на службу ў рэзэрве. Паводле начальніка галоўнага мабілізацыйнага ўпраўленьня міністэрства абароны Ігара Глода, за год службы ў рэзэрве залічваюцца вайсковыя зборы, на якія рэзэрвіст выклікаецца зь месца працы два разы на год. Ён кажа, што ўпершыню ўлетку мінулага году было набрана 800 рэзэрвістаў, а сёлета іх павінна быць 3 тысячы. Прычым, калі летась на службу ў рэзэрв ня бралі прызыўнікоў з так званых праблемных чарнобыльскіх раёнаў, то цяпер, паводле афіцэра Глода, сытуацыя іншая.

(Глод: ) “У гэтым годзе будуць усе 6 абласьцей, юнакі атрымаюць магчымасьць праходзіць службу ў рэзэрве”.

Вядома, што ў аніводнай краіне СНД, у тым ліку Расеі, да сёньняшняга дня няма такога віду службы для юнакоў прызыўнога ўзросту як служба ў рэзэрве. А ў Беларусі колькасьць рэзэрвістаў павялічваецца. Як гэта ацэньваюць незалежныя экспэрты? Я гутарыў з былым міністрам абароны Беларусі Паўлам Казлоўскім. Вось што ён паведаміў радыё Свабода.

(Казлоўскі: ) “Агульны беларускі сцэнар, які гучыць з вуснаў кіраўніка дзяржавы, – ідзе мілітарызацыя, запалохваньне грамадзтва. Вось НАТО, амэрыканцы і яшчэ нехта супраць Беларусі, і таму раскручваецца гэта тэза падрыхтоўкі рэзэрву. Сёньня палітыка дзяржавы такая: трэба патрапіць ва ўнісон кіраўніку, які кажа, што нам ёсьць пагроза і абароназдольнасьць павінна быць на вышэйшым узроўні. Вось і міністар абароны, я так мяркую, прагнуўся вельмі нізка і хоча дагадзіць галоўнакамандуючаму”.

Гаварыў генэрал Павал Казлоўскі. Як вынікае з папярэдняй нашай гутаркі, адбор рэзэрвістаў у ваенкаматах супаў па тэрмінах з выпускнымі экзамэнамі ў вышэйшых навучальных установах. На жаль, ёсьць прыклады непаразуменьняў паміж вайскоўцамі і будучымі рэзэрвістамі. Тыповую рэакцыю адлюстроўвае фрагмэнт гутаркі зь Сяргеем Агейчыкам, выпускніком лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Паводле ягоных словаў, павелічэньне набору ў рэзэрвісты не пакідае шанцаў адшукаць цікавую працу і замацаваць атрыманыя веды.

(Агейчык: ) “Першая ўмова - прынесьці да 15 чэрвеня (гэта крайні тэрмін) так званае хадайніцтва з прадпрыемства, якое пагодзіцца ўзяць мяне на працу. Ня ўлічваюцца ні вышэйшая адукацыя, ні спэцыялізацыя. Нічога. Мая кваліфікацыя зьвязаная з мовамі. Калі я ня буду займацца мовамі месяц ці два, гэта будзе вельмі дрэнна для мяне. А калі я забуду пра гэта на цэлы год, то буду некампэтэнтным спэцыялістам”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі міністэрства абароны, прозьвішчы выпускнікоў ВНУ, якія ўхіляюцца ад службы ў рэзэрве, зьявяцца на Інтэрнэт- сайце гэтага ведамства.
XS
SM
MD
LG