Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа змагаецца з паленьнем


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У гэтым месяцы пачынаецца агульнаэўрапейская антынікатынавая кампанія, галоўная мэта якой паказаць, што паліць – гэта сьмешна і ня модна.

У межах кампаніі, якую ладзіць урад Эўрапейскага зьвязу – Эўрапейская камісія - ад 6 чэрвеня ва ўсіх краінах Эўразьвязу па тэлебачаньні пачнуць паказваць тры рэклямныя фільмы, якія тычацца розных аспэктаў залежнасьці ад тытуню.

У гэтых роліках паказаны падлетак, якога калегі змушаюць закурыць, потым дарослы, які ўсяляк намагаецца кінуць паліць, а таксама чалавека, які ня паліць, але вымушаны цярпець ад дыму, які выпускаюць курцы, не зьвяртаючы ўвагу на тое, што ёсьць людзі побач, якім гэта можа не падабацца.

“Мы хочам паказаць, што паленьне выглядае сьмешна, што гэта нешта маруднае, гэта глупства і гэта рэч нэгатыўная”, - заявіў, гаворачы пра падрабязнасьці кампаніі, сябра Эўрапейскай камісіі ў справах здароўя і аховы спажыўцоў Маркас Кыпрыянаў.

Паводле ягоных словаў, “моладзь не павінна адчуваць сябе самотнай – трэба, каб маладыя людзі ведалі, што нехта хоча ім дапамагчы”.

Эўрапейская камісія мае намер выдаткаваць на антынікатынавую кампанію каля 70 мільёнаў эўра. У межах другога этапу кампаніі, які пачнецца восеньню, пачне працаваць адмысловая інтэрнэт-старонка, на якой будуць сабраныя шматлікія парады, як кінуць паліць і які ўплыў на здароўе тых, хто паліць і тых, хто іх атачае, мае гэтая звычка.

Адказваючы на абвінавачаньні, што Эўразьвяз фінансуе антынікатынавую кампанію, а пры гэтым дае прыкладна мільярд эўра ў год даплаты фэрмэрам, якія вырошчваюць тытунь, Эўракамісія заяўляе, што да 2010 году гэтыя даплаты будуць ліквідаваныя.
XS
SM
MD
LG