Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы могуць мець вынікі рэфэрэндуму ў Францыі наконт Канстытуцыі Эўразьвязу?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 30 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і дырэктар Цэнтру ў праблемах эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Вынікі рэфэрэндуму ў Францыі нельга назваць нечаканымі, яны прагназаваліся. Адмоўнае стаўленьне французаў да Канстытуцыі Эўразьвязу (ЭЗ) тым больш знамянальнае, што менавіта Францыя была адным з галоўных архітэктараў і рухавікоў эўрапейскай інтэграцыі ад пачатку гэтага працэсу пасьля другой усясьветнай вайны. А праект Канстытуцыі Эўразьвязу, наконт якога вызначаліся францускія выбарцы ў нядзелю, рыхтаваўся пад кіраўніцтвам былога прэзыдэнта Францыі Жыскар-д’Эстэна. Другі раз у гісторыі Пятай Рэспублікі Францыі дзейны прэзыдэнт церпіць паразу на рэфэрэндуме. Першы раз гэта адбылося з генэралам дэ Голем у 1969 годзе, пасьля чаго ён быў вымушаны сысьці ў адстаўку.

Чым вы патлумачыце такое галасаваньне францускіх выбарцаў: адмоўным стаўленьнем да эўрапейскай інтэграцыі, незадавальненьнем дзейнасьцю ўраду і прэзыдэнта краіны ці чым іншым?”

(Андрэй Фёдараў: ) “На мой погляд, у больш значнай ступені вынік рэфэрэндуму вызначыла адмоўнае стаўленьне французаў ня столькі да эўрапейскай інтэграцыі, колькі да сёньняшняга францускага прэзыдэнта і правацэнтрысцкага ўраду. Бадай што толькі крайне правыя на чале зь Лё Пэнам выступалі супраць гэтай Канстытуцыі. Яны палохалі французаў, што прыедзе польскі сантэхнік Пётар і адбярэ ў іх працоўнае месца. Але, падаецца, што пытаньне тут больш складанае. Відаць, пакуль ня ўся Эўропа гатовая да новага аб’яднаўчага кроку наперад. І рэфэрэндум адлюстраваў гэты факт”.

(Юры Шаўцоў: ) “Рэфэрэндум паказаў праблему ўдасканаленьня ЭЗ, увогуле эўрапейскай інтэграцыі. Бо Францыя, якая сапраўды актыўна выступала за гэтую інтэграцыю на працягу ўсяго пасьляваеннага пэрыяду, краіна калі не нацыяналістычная, дык зь вельмі вялікай сваёй уласнай ідэнтычнасьцю. І гэтая ідэнтычнасьць ёсьць эўрапейская і, найперш, заходнеэўрапейская.

Таму Францыі вельмі цяжка пераварыць тое, што павінна было адбыцца і павінна ўрэшце адбыцца, калі будзе прынятая Канстытуцыя ЭЗ. Бо ў вялікім ЭЗ з Польшчай, Эстоніяй, а хутка і Баўгарыяй, а, можа, і Турэччынай будзе распушчацца тая француская ідэнтычнасьць, распушчацца тое эўрапейскае, што блізка вялікай колькасьці францускіх грамадзянаў. Вынікі рэфэрэндуму сьведчаць пра тое, што францускае грамадзтва, а разам зь ім вялікая колькасьць эўрапейцаў, найперш заходнеэўрапейцаў, разгубленыя і проста не падрыхтаваныя да такіх хуткіх тэмпаў посьпеху свайго ўласнага праекту эўрапейскай інтэграцыі.

Такая сытуацыя характэрная для Францыі. Нават калі быў рэфэрэндум у пытаньні падтрымкі Маастрыскіх пагадненьняў, зь якога пачаўся цяперашні этап будаўніцтва ЭЗ, французы прагаласавалі “за” зь перавагаю 1% галасоў. Так і цяпер — пройдзе нейкі час, і кампраміс будзе знойдзены. Бо спыніць працэс эўрапейскай інтэграцыі немагчыма”.

(Карбалевіч: ) “Вынікі рэфэрэндуму ў Францыі выклікалі значны рэзананс у Эўропе. Выказала шкадаваньне кіраўніцтва Эўразьвязу, плянуецца правесьці саміт арганізацыі, каб вызначыцца з далейшымі крокамі. Адмоўнае стаўленьне да канстытуцыі Эўразьвязу прагназуецца яшчэ ў некаторых краінах, напрыклад, у Нідэрляндах, Англіі. Як могуць адбіцца вынікі францускага рэфэрэндуму на разьвіцьці эўрапейскай інтэграцыі?”

(Фёдараў: ) “Нічога вельмі страшнага для эўрапейскай інтэграцыі не адбылося. Безумоўна, атрымала непрыемнасьці францускае кіраўніцтва, таксама кіраўніцтва ЭЗ. У пэўнай ступені больш шкадуюць аб такіх выніках у дзесяці новых краінах Эўразьвязу, бо гэтая Канстытуцыя набліжала іх да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, агульных мэтаў, на якія гэтыя дзяржавы, як больш эканамічна слабыя, больш разьлічвалі. Але на самай справе працягваюць дзейнічаць усе сотні і тысячы законаў ЭЗ, эканамічныя пагадненьні, працягвае працу Эўрапейская камісія. Напэўна, у значнай часткі эўрапейцаў яшчэ не насьпела разуменьне гэтага кроку.

Якія крокі могуць быць прынятыя цяпер? Я ня думаю, што будуць тэрмінова абмяркоўвацца шляхі зьмяненьня гэтай Канстытуцыі, каб зрабіць яе прывабнай для французаў. Бо гэта было б неэтычна ў адносінах тых краінаў, якія ўжо прагаласавалі. Напрыклад, да той жа Гішпаніі, дзе насельніцтва на рэфэрэндуме прагаласавала “за”. На мой погляд, спачатку пройдзе этап ратыфікацыі Канстытуцыі ва ўсіх краінах ЭЗ. У тых дзяржавах, дзе вынік будзе адмоўны, пачнуць высьвятляць прычыны такога стаўленьня і шукаць сродкі ўплываць на іх, каб пераканаць, што эўрапейскую Канстытуцыю прымаць трэба. Увогуле, працэсу эўрапейскай інтэграцыі гэтая адносная няўдача ня спыніць”.

(Шаўцоў: ) “Пасьля гэтага рэфэрэндуму эўрапейская інтэграцыя крыху запаволіцца. Дакладней, яна ўжо запаволілася. Бо трэба чакаць, што пад уплывам гэтага рэфэрэндуму і Галяндыя таксама можа прагаласаваць супраць, а затым яшчэ нейкія краіны. Але гэтае запаволеньне не зьяўляецца прынцыповым. Нічога страшнага для інтэграцыі не адбылося. Бо незалежна ад вынікаў францускага рэфэрэндуму працэдура ратыфікацыі гэтай Канстытуцыі працягнецца ня менш за год. У кожнай краіны свая працэдура ратыфікацыі. Таму цяпер пойдзе складаны перамоўны працэс. Будуць высьвятляць, што ж на самай справе адбылося ў францускім грамадзтве. І потым празь нейкі час адбудзецца новы рэфэрэндум. Магчыма, Канстытуцыя будзе прынятая зь нейкімі агаворкамі. Такія прэцэдэнты былі, калі некаторыя эўрапейскія краіны прымалі агульнаэўрапейскія дакумэнты, за выключэньнем нейкіх артыкулаў.

Праблема з францускім рэфэрэндумам паставіла па-новаму пытаньне перад прыхільнікамі эўрапейскай інтэграцыі пра ідэалёгію і каштоўнасьці гэтага працэсу. Высьветлілася, што каштоўнасьці Вялікай Эўропы аказаліся занадта зарыентаванымі на ўсходніх эўрапейцаў. Але забыліся пра заходнеэўрапейцаў, якія пачалі ўспрымаць новы зьвяз як нешта ня тое, пра што яны марылі.

Таму трэба чакаць, што ў бліжэйшыя год-тры прыхільнікі эўрапейскай інтэграцыі зьвернуць увагу на прапаганду, на дапрацоўку агульнаэўрапейскай сыстэмы каштоўнасьцяў, каб яна была больш яснай для грамадзянаў разьвітых краінаў. Перавага эўраскептыкаў у Францыі ў 10% — гэта сур’ёзна. Але на фоне таго, што рэйтынг Шырака аказаўся 13%, гэта можа сьведчыць пра тое, што шмат хто галасаваў менавіта супраць свайго прэзыдэнта, а не супраць Канстытуцыі ЭЗ”.

(Фёдараў: ) “Хацеў бы нагадаць, што французы маглі б вырашыць пытаньне ратыфікацыі Канстытуцыі ня шляхам рэфэрэндуму, а шляхам галасаваньня ў парлямэнце, як гэта адбылося ў шэрагу краінаў ЭЗ”.

(Шаўцоў: ) “Грамадзтва буйных эўрапейскіх краінаў перастала баяцца. Калі існаваў СССР, то эўрапейская інтэграцыя разумелася як чыньнік, якія супрацьстаіць гэтай недэмакратычнай звышдзяржаве. Пасьля распаду Савецкага Саюзу інтэграцыя супрацьстаяла хаосу, які адбываўся на ўсходзе Эўропы. А цяпер, калі сытуацыя на ўсходзе стабілізавалася, туды пашырыўся ЭЗ, зьнікла неабходнасьць нейкай ўнутранай мабілізацыі”.

(Карбалевіч: ) “Якія магчымыя наступствы гэтага рэфэрэндуму для Беларусі? Ці замарозяцца беларускія праекты Эўразьвязу? Якія зьмены ў зьвязку з гэтым можа чакаць праграма “Новае суседзтва”? Як могуць выкарыстаць гэтую сытуацыя беларускія дзяржаўныя СМІ?”

(Фёдараў: ) “У прынцыпе, для Беларусі нічога не зьмянілася. Праграма “Новае суседзтва” зьменена ня будзе. Беларускія дзяржаўныя мэдыі, зацятыя крытыкі эўрапейскай інтэграцыі выкарыстаюць гэта, каб давесьці людзям марнасьць надзеяў на інтэграцыю ў Эўропу. Яны будуць казаць, маўляў, бачыце, Эўропа напалоханая нашэсьцем з усходу, яна супраць, нас там ніхто не чакае, таму наш шлях самы правільны. Зь іншага боку, рух Эўропы да яднаньня запаволіўся. А гэта азначае, што яна ня так далёка адыдзе ад нас у параўнаньні з той сытуацыяй, калі б усе хутка ратыфікавалі гэтую Канстытуцыю. І калі Беларусь усё ж вырашыць ісьці ў гэтым кірунку, то адлегласьць паміж намі і ЭЗ будзе меншай”.

(Шаўцоў: ) “Хутчэй за ўсё, ідэалягічная канфрантацыя паміж Беларусьсю і Эўропай будзе нарастаць. Бо цяпер, каб мацней інтэграваць Эўропу, трэба павялічыць моц панэўрапейскіх ідэяў, кансалідацыю людзей вакол эўрапейскіх каштоўнасьцей. І ідэалягічная канфрантацыя зь Беларусьсю стала часткай эўрапейскіх каштоўнасьцяў. І цяжка ўявіць, каб Эўропа пайшла на прымірэньне з нашымі рэаліямі.

Зь іншага боку, беларускі крызіс, у які мы ўвайшлі ў зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі ў наступным годзе, гэта ня проста крызіс беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў. Гэта крызіс паміж беларуска-расейскім саюзам, з аднаго боку, і ЭЗ, зь іншага боку. І вось у дачыненьні саюзу Беларусі і Расеі ЭЗ ня зможа дзейнічаць так арганізавана і эфэктыўна, як ён мог бы тэарэтычна дзейнічаць, калі б Канстытуцыя была б прынятая хутка. Цяпер Эўропа будзе шчыльна занятая сваімі праблемамі.

І яшчэ адзін чыньнік. Запавольваньне эўрапейскай інтэграцыі дзякуючы французам разьвязвае рукі на нейкі час краінам Цэнтральнай Эўропы ва ўсходняй палітыцы. Яны цяпер будуць прымаць рашэньні, якія ў іншай сытуацыі прымаў бы Брусэль. І тут для Беларусі палягае галоўная праблема і галоўная нечаканасьць. Палітыка ЭЗ у дачыненьні да Беларусі ў больш значнай меры становіцца палітыкай Літвы, Польшчы, можа, Украіны”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, адрозна ад Беларусі, дзе падчас рэфэрэндуму сюрпрызы немагчымыя, у сапраўды дэмакратычных краінах электарат можа ўнесьці сур’ёзныя карэктывы ў пляны палітыкаў. Лішні раз пацьвярджаецца вядомая выснова, што аб’яднаньне дэмакратычных краінаў — справа цяжкая, ёй спадарожнічаюць розныя нечаканасьці. Гэта адзін з галоўных урокаў францускага рэфэрэндуму”.
XS
SM
MD
LG