Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “На пытаньне, што ёсьць нацыянальная ідэя, у мяне 200 адказаў”.


Міхась Скобла, Менск (эфір 29 траўня). Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Беларусь — краіна падзелаў. На беларускай тэрыторыі адбываецца водападзел. У Беларусі здарыўся падзел шырокай плыні хрысьціянства на дзьве канфэсіі. Новая і найноўшая гісторыі прынесьлі беларускаму народу яшчэ два падзелы: паводле моўнай прыкметы ды палітычных перакананьняў… А што можа зьяднаць беларусаў? Палітык і публіцыст Павал Севярынец прапанаваў свой варыянт Беларускай нацыянальнай ідэі, галоўная формула якой: “Хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў”. Прэзэнтацыя праекту адбылася паміж паседжаньнямі ў Цэнтральным судзе Менску, дзе яго аўтара — ужо 42 раз! — судзяць за апазыцыйную дзейнасьць. У чаканьні чарговага прысуду Павал распавёў пра новую кнігу.

(Міхась Скобла: ) “Павал, калі я чытаў вашую кнігу, то час ад часу прыгадваў самую галоўную кнігу ўсіх туркмэнаў, “Рухнаму”. У яе аснове Кур’ан, у вас — Біблія. Ці ўзорам для перайманьня для вас паслужыла штосьці іншае?”

(Павал Севярынец: ) “У першую чаргу, безумоўна, узорам для мяне была Біблія. Калі гаварыць пра літаратуру мастацкую, то ўзор тут — “Зямля пад белымі крыламі” Ўладзімера Караткевіча. Плюс найлепшыя беларускія энцыкляпэдыі, якія нават у савецкі час выдаваліся нацыянальнымі дзеячамі”.

(Скобла: ) “Паводле вашых словаў, “гістарычная місія Беларусі — прасьвятляць і настаўляць Расею, уздымаць заняпалую Ўсходнюю Эўропу і натхняць Захад”. А што, калі яны ўсе разам скажуць: наш лекар, вылечыся сам? Сёньняшняя Беларусь нагадвае вучня-лайдака, які пяць гадоў праседзеў у адной клясе, але хоча ўсіх павучаць. Вам так не здаецца?”

(Севярынец: ) “Не здаецца. Кніга “Нацыянальная ідэя” напісаная не для расейцаў, не для ўкраінцаў, не для немцаў, а для беларусаў. Задача кнігі — абудзіць у беларусах тое пачуцьцё, якое дазволіць ім дзейнічаць так, як яны дзейнічалі ў свае лепшыя часы, напрыклад, у 16 стагодзьдзі. А тады Беларусь сапраўды ўздымала Расею, натхняла Эўропу і істотным чынам уплывала на Захад.

Нацыянальная ідэя ёсьць нацыянальнай адметнасьцю. На мой погляд, беларуская нацыянальная адметнасьць заключаецца ў хрысьціянскім мэсіянстве, якое праз пакуты, праз ахвяры ідзе да любові. Да той любові, якая дазваляе любіць ворага, выратоўваць іншых нават коштам свайго ўласнага жыцьця, свайго дабрабыту, свайго камфортнага самаадчуваньня. Вось такі лёс, такое наканаваньне ў Беларусі”.

(Скобла: ) “Любіць ворага, ратаваць другіх… Можа, прыйшоў час Беларусі падбаць найперш пра сябе? Ці не выдаткавала Беларусь свой патэнцыял на другіх, нічога не пакінуўшы сабе?”

(Севярынец: ) “Ня згодны. Таму што свае лепшыя часы Беларусь перажывала якраз падчас хрысьціянскіх абуджэньняў. Нельга сказаць, што сёньняшняя Беларусь — краіна веруючая. Наш час нельга параўнаць з 12 стагодзьдзем, з часамі Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага ці Кліма Смаляціча. Нельга параўнаць і з 16 стагодзьдзем — часамі Радзівілаў, Сымона Буднага, Мялеція Сматрыцкага. Наш час нават нельга параўнаць з тымі часамі, калі Зянон Пазьняк заклікаў суайчыньнікаў “шукаць не каўбасы, а Бога”. Цяпер усё значна больш прагматычна, духова прыземлена. Сёньняшняя Беларусь мае патрэбу ў закліку да пакаяньня. Толькі праз пакаяньне яна можа ісьці да абуджэньня, нацыянальнага адраджэньня і ўсьведамленьня свае місіі. То бок мая кніга — ня проста выклік агульнапрынятым канцэпцыям нацыянальнай ідэі, гэта яшчэ й заклік да самой нацыі”.

(Скобла: ) “Вы прыдумалі трапную формулу: “Беларуская форма — хрысьціянскі зьмест”. Але й форма сама па сабе можа быць вылучна ваяўнічай. Вазьміце ножны — акрамя як для шаблі яны больш ні для чаго непрыдатныя. Так і вы: пішаце пра хрысьціянскую міласэрнасьць, і раптам гэткі пасаж: “Беларусь — найлепшы кірунак удару па Расеі, сходу і пад дых. Мы — Божая зброя ў апошнім паходзе на Маскву”. Проста нейкі новы крыжовы паход… Які вірутнік з-пад чорнай зоркі штурхануў вашае міралюбнае пяро, калі вы гэта пісалі?”

(Севярынец: ) “Мілітарысцкая лексыка ўласьцівая ня толькі ваяўнічым тэкстам. У Бібліі можна прачытаць ваяўнічыя радкі. “Ня мір я вам прынёс, а меч, — кажа Ісус. — Апраніцеся ў браню праведнасьці, вазьміце шалом збавеньня й меч, які ёсьць Слова Божае”. Усе гэтыя словы блізкія чалавечай сьвядомасьці. Іх выкарыстоўваю і я. Безумоўна, тут маецца на ўвазе духовая экспансія, а ня збройная”.

(Скобла: ) “Сваю нацыянальную ідэю вы разьмясьцілі ў своеасаблівую пэрыядычную табліцу беларускіх зьяваў, фактаў, падзеяў. Іх роўна 200. Хімік Мендзялееў сваю табліцу прысьніў, а вы якім чынам правялі свой топ-рэйтынг беларушчыны?”

(Севярынец: ) “Будова кнігі сяміпавярховая, яна як бы падымаецца ад зямлі да неба, ад матэрыяльнага да духовага. Для сучаснай масавай сьвядомасьці — рэклямнай і кліпавай — ролю вырашальнай аргумэнтацыі адыгрываюць агульнавядомыя, раскручаныя брэнды. Чым беларусы могуць ганарыцца перад усім сьветам? Якой беларуская нацыя мусіць быць у ідэале? На гэтыя пытаньні ў мяне дзьвесьце адказаў — 200 фэномэнаў, прыведзеных у кнізе.

Кніга выбудоўвае герархію нацыянальнае ідэі. Ад зямлі, на якой грунтуецца Беларусь, ад гісторыі, што фармуе нацыянальны падмурак беларускасьці, празь зьдзяйсьненьні нацыі ў гаспадарцы, культуры і спорце — да постацяў нацыянальных герояў, асобаў і найвышэйшай сфэры сымбалічнага, рэлігійнага, звышнатуральнага — духовасьці. Нацыянальная ідэя — 200 фэномэнаў усясьветнага значэньня.

Напрыклад, дзяржаваўтваральныя гарады: Полацак, Менск; падземныя воды, соль, далей — БелАЗ, трактар “Беларус”, Няміга, “Песьняры”, “НРМ”, “Наша Ніва”, бел-чырвона-белы сьцяг — усё гэта ключавыя паняткі беларушчыны. Ёсьць такі закон у біяхіміі, які цьвердзіць: у кожным кавалку рэчыва адбываецца крышталізацыя паводле сваёй сыстэмы. Сфакусаваць Беларусь у кожным зь пералічаных фэномэнаў і была задача кнігі. Скажу шчыра, было няпроста, працэс адбору працягваўся некалькі тыдняў, а потым пачалася карпатлівая праца над кожным з гэтых фэномэнаў. Прызнаюся, свой сьпіс фэномэнаў я карэктаваў з дапамогай аўтарытэтных людзей, спэцыялістаў у нейкай пэўнай галіне. Фэномэнаў беларускасьці нашмат больш, чым 200. Іх можна было разгледзець і 400, і 1000, але гэта значна запаволіла б працу. Але і 200 кавалачкаў мазаікі здольныя даць уяўленьне пра карціну”.

(Скобла: ) “Пасьля вашай кнігі я зразумеў, чаму Беларусь ёсьць нязручнай для сьвету. Вы пішаце: “Яна — гіганцкія могілкі, поле бою і поле болю, на якім усе павінны каяцца”. А я нават прыкінуў, каму дзе: расейцам — у Курапатах, немцам — у Хатыні, палякам — у Картуз-Бярозе, латышам — у Асьвеі, французам — на Бярэзіне, швэдам — пад Лясной… А людзі каяцца ня любяць… Вось яно, апраўданьне ізаляцыі Беларусі! Гэты аргумэнт могуць выкарыстаць беларускія ўлады”.

(Севярынец: ) “Пакаяньне — адзін з самых галоўных паняткаў у сыстэме хрысьціянскага сьветапогляду. Яно першы крок на шляху да Бога, а першы крок, як вядома, самы цяжкі. А што да магчымай спробы ўладаў выкарыстаць маю вэрсію ў сваіх мэтах, то я ня веру, што праваслаўным атэістам нешта ў ёй можа спатрэбіцца.

Мне здаецца, што вы маеце рацыю, кажучы пра нязручнасьць Беларусі для іншаземцаў. І тыя самыя немцы, і тыя ж самыя палякі, і тыя ж самыя расейцы быццам перажываюць амнэзію, калі згадваюць пра Беларусь. Яны гатовыя гаварыць пра Савецкі Саюз, Літву, Расею, толькі не пра Беларусь. Як чалавек, які ведае, дзе баліць і стараецца не дакранацца да балючага месца. Тут трэба сур’ёзна, на мэнтальным роўні прааналізаваць нацыянальны характар ня толькі беларусаў, але і нашых суседзяў”.

(Скобла: ) “Вы з такім замілаваньнем апісваеце дом, у якім мае жыць беларуская сям’я! Нават мэблю расставілі і прадукты адпаведныя ў лядоўню паклалі. Усё ў доме гэтым мае быць сваё, айчыннае. І нават унітаз зь менскага “Кераміну”, а туалетная папера з Альбярціну. Прызнайцеся, што тут вы трошкі перабралі меру — у любові да свайго”.

(Севярынец: ) “Безумоўна, тут я ўжыў гіпэрбалізацыю — мастацкі прыём, які дазваляе чалавеку адчуць каштоўнасьць свайго. З прыватным побытавым патрыятызмам я сустракаўся значна часьцей, чым з патрыятызмам сьвядомым, нацыянальным”.

(Скобла: ) “У вас нацыянальная ідэя грунтуецца на Бібліі. “Гісторыя Беларусі — як Біблія”, — кажаце вы. Але ж Біблія ўнівэрсальная, і можна сказаць, што і ўкраінская гісторыя нагадвае біблейскую, і польская…”

(Севярынец: ) “Так сказаць, вядома ж, можна, але задача беларусаў — знайсьці ў Бібліі нешта сваё. Як казаў Францішак Скарына, Біблія — як рака. Яе бывае і слану цяжка пераплыць, але і авечка можа перабрысьці празь яе. Гэта азначае, што тыя глыбокія месцы ў Бібліі, куды памяшчаецца Беларусь, беларусы павінны ведаць дасканала. Напрыклад, вывучыць Кнігу Ёва — самую пакутную, самую балючую, самую беларускую. А вазьміце Нагорную казань — гэта ж проста гімн нацыянальнай беларускай ідэі! “Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае…” Якую яшчэ больш убогую за Беларусь краіну можна прывесьці ў прыклад? Альбо вазьміце знакамітае: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых, маліцеся за тых, хто ненавідзіць вас — дзеля таго, каб былі вы сынамі Айца вашага, які ёсьць у нябёсах”. Сказана нібы пра Беларусь, і беларусы павінны адчуць, як словы гэтыя адгукаюцца ў беларускім мэнталітэце.

Сапраўды, беларуская гісторыя вельмі нагадвае Біблію. У мяне нават ёсьць мэтадычны прыём для адшуканьня нацыянальнай ідэі ў любым пункце беларускай прасторы і часу. Дзе б, у якім месцы вы б ні былі, вазьміце Біблію на роднай мове і знайдзіце гэтае месца ў Сьвятым Пісьме. Беларусь, як і Біблія, мае два пэрыяды сваёй гісторыі — Стары і Новы Запаветы. “Прышэсьце Божае” ў беларускай гісторыі, паводле маіх разьлікаў, адбылося ў 16 стагодзьдзі, калі Беларусь перажыла наймацнейшае хрысьціянскае абуджэньне. Я нават паспрабаваў вылічыць дакладны год — 1563. У гэты час беларуская гісторыя робіць кардынальны паварот, як і гісторыя чалавецтва, калі ў сьвет гэты прыйшоў Ісус Хрыстос. У Беларусі пачынаецца пэрыяд ахвяры, пэрыяд пашырэньня Эвангельскага слова, пэрыяд пакутаў, крыві, пэрыяд, які ў беларускай гісторыі пазначаны сымбалем уваскрослага Хрыста — бел-чырвона-белай палатнінай.

І вось якраз да гэтых новазапаветных ісьцінаў з Нагорнай казані, з Эвангельляў, з Пасланьняў апосталаў, мне здаецца, мы й павінны скіроўваць сваю ўвагу. Бо паглядзіце, як прэзэнтавалася ў сьвеце Беларусь: убогая невыразная, у параўнаньні зь іншымі суседзямі мае неваяўнічую гісторыю, не захопніцкую псыхалёгію, беларусы чужых земляў не здабывалі, не былі багатымі… А вы паглядзіце на гісторыю раньнехрысьціянскай царквы, на служэньне Ісуса Хрыста — максымальная ўбогасьць, мінімум матэрыяльных дабротаў. Так і Беларусь — багатая духам, але бедная матэрыяльна”.

(Скобла: ) “Вы даволі падрабязна спыняецеся на праваслаўі, каталіцтве, пратэстантызьме, іх ролі ў беларускай гісторыі. І фактычна прамінаеце паганства. Але ў нас вельмі моцныя паганскія перажыткі, тыя ж Дзяды — гэта цалкам паганскі абрад. Вы згадвалі на пачатку гутаркі, што Беларусь не зусім хрысьціянская краіна. “Беларусы — кшчоныя паганцы”, — пісаў і Рыгор Барадулін. Зноў жа, згадайма, як беларускія землі хрысьцілі тысячу гадоў таму — агнём і мячом. А нашыя продкі прымусу не любілі. Дык можа, настаў час правесьці ўсебеларускую акцыю, яшчэ адно, добраахвотнае і сьвядомае хрышчэньне беларускага народу?”

(Севярынец: ) “Ідэя грандыёзная. Бо — і гэта вынікае з маёй кнігі — для беларусаў хрысьціянская ідэя аснаватворная. Кожны чалавек і кожная нацыя ў куточку сваёй душы носяць паганства, якое здольнае пашырацца на ўсю істоту, на чалавека ці нацыю, калі чалавек адыходзіць ад Бога, бо сьвятое месца пустым, як вядома, не бывае. Я не зусім згодны, што хрысьціянства на беларускіх землях насаджалася гвалтоўна. Не заўсёды і не паўсюль так было. Так, Тураў хрысьцілі агнём і мячом, але адносна Полацку такіх зьвестак няма. Беларусы маюць патрэбу ў хрышчэньні, пакаяньні й хрысьціянскім абуджэньні ўвесь час. Што да ўсеагульнага хрышчэньня краіны, кіраўнік якой да гэтай пары публічна вызнае сябе “праваслаўным атэістам”, то гэта вельмі цікава. Пра гэта варта падумаць і да гэтага варта ісьці”.

(Скобла: ) “Чытаючы вашу кнігу, я амаль з усім пагаджаўся, пакуль не дайшоў да спорту. Патлумачце, якое дачыненьне да нацыянальнай ідэі можа мець замежны спартсмэн-легіянэр, найміт? Ён жа куплены (а значыць, і мэдаль яго куплены) за грошы, як… бляшанка кансэрваў дзе-небудзь у Рызе”.

(Севярынец: ) “Перад прынцыпам этнічнага паходжаньня таго ці іншага героя я аддаю перавагу прынцыпу зямлі. Мне здаецца, што тыя людзі, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, працуюць на Беларусь, зьяўляюцца ў пэўнай ступені беларусамі. І калі яны здольныя выступаць пад сьцягам нацыянальнай зборнай, то сур’ёзна засьведчваюць сваю беларускасьць. Нацыя — панятак для мяне ня столькі этнічны, колькі грамадзянскі. Гэта як у ЗША, дзе прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў утвараюць амэрыканскую нацыю. Зрэшты, у маёй кнізе героямі беларускай гісторыі зьяўляюцца пераважна этнічныя беларусы. Кожны, хто прыяжджае ў Беларусь, адчуваючы яе духовую энэргетыку, пераўтвараецца і робіцца крыху беларусам”.

(Скобла: ) “А ўжо калі прачытае вашу кнігу...”

(Севярынец: ) “Будзем спадзявацца, што прачытае”.

(Скобла: ) “Аднак, я меў на ўвазе даволі распаўсюджаную ва ўсясьветным спорце зьяву. Спартсмэн зьяўляецца ў краіну, за якую выступае, толькі на трэніроўкі. Выходзіць на памост, ставіць рэкорд, і зьяжджае выступаць за іншую краіну. Але пры чым тут нацыянальная ідэя?”

(Севярынец: ) “Усёй душой спартовага заўзятара з вамі згодны. Глядзець на расейскія чарнаскурыя футбольныя каманды проста сьмешна і няёмка. Ведаеце, тут вельмі тонкая мяжа паміж этнічным нацыяналізмам і грамадзянскім патрыятызмам, і я стараўся на гэтай мяжы балянсаваць. Але пытаньні да Зубрылавай ці Драчова застаюцца. Наколькі яны змогуць прадстаўляць менавіта беларускую Беларусь? Мне здаецца, што Беларусь здольная нараджаць спартоўцаў ня горшых за іх. Для гэтага трэба ствараць адпаведныя ўмовы”.

(Скобла: ) “Вашую кнігу, у якой за тры сотні старонак, павінны прачытаць як мага больш людзей. Выцісьніце галоўнае, зрабіце квінтэсэнцыю ў трох абзацах: што ёсьць беларуская нацыянальная ідэя?”

(Севярынец: ) “Беларуская нацыянальная ідэя — хрысьціянская ў сваёй сутнасьці. Ні адрадзіць, ні ўявіць Беларусь бяз Бога, без хрысьціянства, без царквы — немагчыма. Задача нацыянальнай ідэі можа быць коратка сфармуляваная як: хрысьціянізацыя беларусаў і беларусізацыя хрысьціянаў.

Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя Сэрца. Сэрца Эўропы, што церпіць, баліць і любіць за ўсіх. Сэрца, празь якое праходзяць усе шляхі і якое абліваецца крывёю з кожным нашым уздыхам. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя Сьвятла, белі, чысьціні, сьвятасьці, якой Беларусь літаральна зіхаціць зь сярэдзіны. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя Солі. Краіна, нетры якой складзеныя з солі, выступае як эвангельскі эквівалент сэнсу, зьместу, сутнасьці — і шчопцю асаляе сьвет, захоўваючы ад псуцьця, надаючы смаку. “Гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе й нашчадкам тваім з табою” (Лікі 18:19). Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя Міжмоўя. Месца сумоўя царкоўнаславянскае і лаціны, грэцкае і нямецкае, польскае і расейскае, калыска эспэранта ды іўрыту.

Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя Храму. “На Беларусі Бог жыве”. Храму вялікага, ціхага, урачыстага, дзе маліліся ўсе канфэсіі. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя Крыжа. Вялікага геапалітычнага скрыжаваньня, на якім, між варагаў і грэкаў, Захаду і Ўсходу, Эўропы і Расеі, укрыжаваная Беларусь. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта ідэя Слова. Краіна кнігадрукаваньня, Статуту і Мэтрыкі, паэзіі і прозы, краіна, ад якой засталіся адно словы, якая жыве ў слове і абуджаецца Словам — самае месца, каб сказаць: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам” (Яна 1:1)”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG