Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі паэт: затворнік, самагубца, эмігрант...


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 22 траўня 2005 году.) Перадача з удзелам Славаміра Адамовіча.

“Пасьля сыходу Анатоля Сыса шмат думаецца ня толькі пра ўнікальнасьць гэтага творцы, але і пра тыповасьць ягонай сытуацыі беларускага паэта. Затворніцтва ў часы Кірылы Тураўскага, які замураваў сябе ад вонкавага сьвету, выпрабоўваючы дух, вечны вырай у пазьнейшыя часы і ўнутраная эміграцыя сёньня – гэта ўсё сынонімы аднаго лёсу. Нехта прысьпешвае свой вырай, нехта хаваецца за маскай блазна, нехта валацужыць па сьвеце ў пошуках усё той самай сымэтрыі, якая б прымірыла талент зь ягоным носьбітам, прыватным чалавекам. Але сымэтрыі няма. Паэзія патрабуе ўсяго чалавека, які ня мусіць дзяліць яе ў сваім сэрцы з такімі нармальнымі быццам бы рэчамі, як кар’ера і дабрабыт, сям’я і клопаты пра здароўе. Вы скажаце, што гэта дзікунскія нейкія патрабаваньні, якія нагадваюць пра першародныя часы чалавецтва. А яна вам адкажа, што для яе не існуе часу. І што ейны вырай ня зьмесьціцца ў шуфляду вашага працоўнага стала і не пачакае да заўтра. Паэзія не пярэчыць тым, хто спрабуе падзяліць яе з іншымі ўцехамі ды вартасьцямі жыцьця. Яна папросту ціха сыходзіць ад іх.

У сёньняшняй перадачы мы гаворым пра прыроду паэтычнага таленту. Сталы аўтар “Вострае Брамы” Зьміцер Бартосік адправіўся разам са Славамірам Адамовічам на ягоную малую радзіму. Славамір – аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, які і ўласнае жыцьцё піша як востры верш”.

(Бартосік: ) “Адвязі мяне на радзіму”, -- папрасіў сябра. “З радасьцю, -- адказаў я, -- але адна ўмова. Я буду ўвесь час наліваць і запісваць на магнітафон твае нецьвярозыя рыданьні”. Сябра, на маё шчасьце, пагадзіўся з такой умовай. Я ж наперад смакаваў нашае падарожжа. Бо колькі ні езьдзіў зь ім, дзе б ні бываў, ці то ў ялцінскіх пошуках Багдановічавай магілы, ці то ў санаторыі пад Менскам, ці то ў адной байдарцы ў расейскай глушы, мне заўсёды было цікава яго слухаць. Прычым ніякіх глябальных прагнозаў адносна беларускай будучыні, ніякіх глыбакадумных аналізаў нашага сёньня, ніякага мазгавога прарыву ў далёкую гісторыю ён не рабіў. Ён заўжды гаворыць са мною пра самыя звычайныя рэчы, ледзь не пра тое, што трапляе ў гэтую сэкунду ў поле зроку. А слухаць – цікава. Загадкавы чалавек – Славамір Адамовіч.

“Паэт-выгнаньнік на радзіме” – гэта той жанар, які патрабуе не дыктафону, а відэа-, ці лепш кінакамэры. Але, спадзяюся, слухачу і без візуальнага шэрагу будзе цікава далучыцца да нашай невялікай кампаніі з двух чалавек. Якая на старым аўто вырульвае зь мястэчка Будслава. На заднім сядзеньні ляжыць бутэлька малдаўскага партвэйну, у люстэрку задняга віду -- падсьвечаная сонечным промнем, як на замову, грамада галоўнага беларускага касьцёлу, а наперадзе гаворка.

ШКОЛА

У маленькай вёсачцы, каля хаты з павыбіванымі шыбамі, якая калісьці была ягонай першаю школай, Славамір працёр завільгатнелыя вочы. На ганку мы адкаркавалі бутэльку і зрабілі па доўгім глытку. З суседняга панадворку на нас пазіраў мужчына ў інваліднай калясцы. Аднагодак Славаміра, які ў юнацтве зламаў сьпіну на матацыкле. У небе зьбіраліся шэрыя хмары”.

(Адамовіч: ) “Зараз, калі я смакую гэта малдаўскае віно і ўспамінаю, што, практычна, першы раз за ўсё сваё жыцьцё пасьля таго, як скончыў хадзіць у гэтую школу, першы і, хутчэй за ўсё, апоші раз так выпіваю тут з табой… Гэта для мяне неяк шчымліва. Вось недалёка першы клуб, у які папахадзіў шмат.

-- А колькі ты тут ня быў? На гэтым ганку?

-- Бадай, гадоў трыццаць.

-- І што адчуваецца? Успаміны ня мучаюць? Нейкія сэнтымэнтальныя ўспаміны. Першае каханьне…

-- Ня ведаю, можа, гэта і бяда мая, але я лічу сабе сэнтымэнтальным чалавекам. Хоць адваротны бок сэнтымэнталізму майго – гэта жорсткасьць. Мне так здаецца. А зараз са спратаў памяці спрабуць выкараскацца нейкія ўспаміны, нейкія зьявы. Вось зазірнуў у разьбітае вакно, калідор, гэтыя класы. Гэта ніколі не забывалася – першы клас, першыя заняткі. Мне заўсёды з малым ростам выпадала сядзець на першых партах. І пасадзілі мяне ў першым класе зь дзяўчынкай. Дзеці ёсьць дзеці. Ішлі зарана ў школу, можна было і пазьней па гадох ісьці. І дзяўчынка падмачыла школьную парту. А паколькі лава была адна, калі нехта намачыўся з аднаго боку, то мокры быў і другі, сусед. Ну, але мы, мужчыны былі джэнтльмэнамі і тады. Прыйшлося ўзяць на сябе гэтае здарэньне. І ўсе шышкі ад настаўніка дасталіся мне.

-- Ты выратаваў гонар дзяўчыны…

-- Відаць, так. Гэта быў першы такі досьвед узаемадачыненьня зь дзяўчатамі, з жаночым полам. Які потым толькі пацьвердзіў, што гэты вопыт дорага каштуе. Каштаваў мне ў далейшым…”

ЭМІГРАЦЫЯ

(Бартосік: ) “Пачатковая беларуская школа. Маленькая аднапаврховая хата. З гарачай печкай узімку, з пахам сена летам. Сёньня гэтая школа здаецца такою далёкаю экзотыкай...

-- Ты калі сюды прыязджаеш, адчуваеш сябе “адарваным ламцём”?

-- Зараз як ніколі. Таму што ў такім стане, як зараз, я яшчэ ня быў у сваім жыцьці. Я проста баюся гэтага стану. Я проста баюся таго, што я бачу. Я такі ж, як і быў, застаюся, занадта адчуваю гэтае жыцьцё. А жыцьцё зьмянілася. Зьмянілася ня ў лепшы бок. І таму сёньня для мяне геройства проста ў тым, каб пастарацца больш-менш спакойна гэта ўсё перажыць.

Вялікая рэч – вопыт. Колькі кніг перачытана і сваіх тэкстаў напісана. Трэба пабываць у вялікіх гарах, а пасьля вярнуцца на раўніну. На нашу беларускую раўніну, каб адчуць вось гэтую прысадзістасьць гэтай зямлі. Абсадзістасьць. Масіўнасьць, калі хочаш, гэтай раўніннай нашай прасторы. Тут іншае неба, як тое, якое бачыў за мяжой. У той краіне, дзе я жыў сярод вялікіх скал, на беразе фіёрда. Ты разумееш, горы, асабліва калі на іх падымаешся, яны даюць адчуваньне нейкага ўзьлёту, нават палёту. І здаецца, працягні руку – вось аблокі, вось вышыня. Але адначасова гэта з налётам эфэмэрнасьці. Што зараз ня толькі ты, але і гэтыя горы, і гэтая краіна паляціць кудысьці, зьнікне. А тут масіўнасьць, гэтая абсадзістасьць, яна дае адчуваньне заземленасьці, моцы. На гэтай раўніне грунт ляжыць не на скале. Як у Нарвегіі. Нейкія дзесяць, дваццаць, трыццаць сантымэтраў – гэта ўжо лічыцца вялікая глеба. І на такой таўшчыні ўмудраюцца вырастаць дрэвы. А тут пад табой -- кілямэтры. Пад табой, урэшце, паспрабуй пракапаць і дастанеш гэты пуп зямлі. Гэтае адчуваньне можна набыць толькі вопытным шляхам.

-- Прыемнае, глыбокае адчуваньне?..

-- Ты разумееш, я быў заўсёды праціўнік усялякіх мумій, усялкіх сьвятых мошчаў. Тым больш, каб захоўвалі мяне ці не мяне, хай сабе іншага, у нейкіх маўзалеях. Я проста хачу пайсьці ў гэты масіў, у гэту абсаду, у гэты глыб. І каб там прырода зрабіла далей свае справы. Але ў гэтым мсіве неяк спакайней, думаецца, будзе ляжаць. Разумееш? Чым у нейкім эфэмэрным месцы...”

ДАРОГА НА ХУТАР

(Бартосік: ) “Мы йшлі па лузе, на ўскрайку якога разьлеглася Славамірава колішняя сядзіба. Хата, абсаджаная дубамі. Мне, гараджаніну ад нараджэньня, пасьля Менска любы краявід без бэтону здаецца першародным і некранутым. Нават адна магчымасьць доўга ісьці па сырой зямлі, а не па плітачцы, ужо радуе душу. Так я і ішоў, не хаваючы эўфарыі. Ах, якая, маўляў, вакол цнота! Ах, якое неба сіняе, а трава зялёная, ды які казачны лес чарнее на даляглядзе! І цішыня. Вось толькі мой сябра зусім не падзяляў майго наіўна-захопленага, калі не сказаць ідыёцкага, настрою:

-- Ядловец, як і бэз, хоць і шматгадовая расьліна, але вельмі такая.., як парэшткі нашай беларускай інтэлігенцыі, вельмі далікатная. Каб ядлоўцу вырасьці, прыжыцца, трэба сваеасаблівыя ўмовы. Таму калі ўбачыш купку ядлоўца, будзь пэўны, што гэта зямля не перажыла мэліярацыі, нейкіх тэхнічных удасканаленьняў, зьменаў. Хутчэй за ўсё, яна ляжыць нечапаная з часоў ледавіковага пэрыяду.

-- А тая, па якой мы зараз ідзем да твайго хутара?

-- А па якой мы ідзем, гэта ўжо перарытая вялікай тэхнікай 15 гадоў таму. У нашым кутку, бадай, апошняя саюзная кампанія была мэліяратыўная.

-- А раней што было?

-- Раней людзі не зраўноўвалі ўсё, ня нішчылі кусточкі, дзе магла вывесьціся птушка. Тыя ж самыя кнігаўкі гнязьдзіліся. Мы зараз ідзем, першае ўжражаньне – кнігаўкі не чуваць. Гадоў трыццаць таму тут зь неба не сыходзілі кнігаўкі. Ідзеш поплавам, паплавы тут былі, зараз ад паплавоў засталося толькі балотца, а раней тут кнігаўка крычала. Загнязьдзілася, паклала яечкі. Зараз гэта ўсё акультурана, ёй гнязьдзіцца няма дзе і мы ня чуем такой характэрнай для Беларусі птушкі. Адна з маіх любімых. Яе яшчэ каняй называюць.

-- А чаму любімая?

-- Яе трэба пачуць. Пастарайся, пакруціся, дзе-небудзь знайдзі запіс. Каб яе пачуць, як яна крычыць.

Мы зараз ідзем па зялёным ландшафце, трава падымецца густая, яна будзе даваць корм скаціне, але разам з тым, для душы чалавечае – гэта нежывы ландшафт. Таму што я ня чую кані над галавой. Я ня бачу гэтых валуноў, якія ляжалі і якія мне пашчасьціла яшчэ бачыць. Піць пасьля дажджу там, дзе ёсьць ямкі на камянях, асабліва на крамянёвых, ваду. Падлеткам. Няма маіх любімых ядлоўцаў. А са зьменай ландшафту прыйшла і зьмена, прычым у самы горшы бок, зьмена людзкога жыцьця. Каб жа мы хоць жылі пасьля гэтага... лепш… Не. Адыйшоў ландшафт, адыйшла гісторыя, адыйшлі пакаленьні. Яны ня вельмі далёкія ад нас па гадох, але яны ўжо адыйшлі. І адыходзяць рэшткі людзкога дабрабыту”.

ПАНАДВОРАК

(Бартосік: ) “Паслухаць кнігаўку ў аўдыёзапісе. Пабачыць валун ледавіковага пэрыяду ў музэі камянёў … Пасьля Славаміравай лекцыі краявід ужо не здаваўся непаўторным. Беларусы апошняга савецкага пакаленьня ў сваёй пагоні да “харошай жызьні” шмат чаго недаацанілі. І зрушаны са свайго спрадвечнага месца валун, і асушанае балота, і зруйнаваная старажытная камяніца маштабам страчанага не саступаюць здраджанаму беларускаму слову. І наступнае пакаленьне жыхароў Беларусі яшчэ чакае цікавае пытаньне. Ці магчыма адрадзіць у гэтым краі людзкае жыцьцё хаця б без адной з гэтых, на першы погляд, непатрэбных у гаспадарцы рэчаў?

-- А хто тут жыў – бацька, дзед, прадзед?

-- Тут жыў я, бацька, дзед мой, Станіслаў.

-- А пабудаваў хату дзед?

-- Так. Я нават, да свайго сораму… Адзінае, што ведаю – мая радня і да пабудовы гэтай хаты на гэтым месцы жыла. А хата пабудавана ўжо на фундаманце. Незадоўга да вайны. І вось у гэтых вуглах добра пастаялі немцы, перамогу над якімі мы ў гэтыя дні сьвяткуем.

Ой, блін! Зрэзалі гэтыя бярозы. Ну вось... там бацькам былі пасаджаныя бярозы... Вось мой дуб. Падымаецца раскошны. Дубы любяць нашу зямлю. Дубам падабаецца ў нашай глебе. Вось мая елка. Перад арміяй... восеньню васьмідзясятага... Дваццаць пяць гадоў ужо... Дзеткі мае. Ой, Зьміцер, вырасьці на хутары, на волі – гэта… З гадамі я больш і больш разумею, што… Гэта грунт, гэта аснова. Вось той дуб стаіць на грунце… Так і дзяцінства чалавека. Ты можаш стаць, дзякуючы сабе, кім заўгодна, але калі ў цябе не было дзяцінства, дык яго і не было. Адкуль ты яго возьмеш? За грошы ня купіш. Я засьпеў час, калі жалі снапом. Вось поле адных гаспадароў, вось поле другіх. І гэта ж такое жыцьцё! Такія ўзаеміны! Такія кантакты! Зараз, езьдзячы па сьвеце, не набіраешся тых узаемін чалавечых паміж людзьмі. Езьдзіш па гарадох, а таго цяпла, таго кантакту не набываеш. Які набываў тады, калі можна перагукнуцца і пайсьці нешта пазычыць у час абеду. У каго там скончылася малако, а каго там хлеб...”

ХАТА

(Бартосік: ) “Люблю старыя, няжылыя хаты. Хай даўно астыла вялікая печ. Хай гаспадары вывезьлі мэблю. Хай выцьвілыя шпалеры сваімі цёмнымі плямамі на месцы колішніх сямейных фатаздымкаў ствараюць атмасфэру жалобы. Але і па тых сьлядах і знаках, што засталіся, можна тое-сёе зьведаць пра тых людзей, якія палілі печ і глядзелі праз вакно. Два вялкія пакоі. Адзін, як этнаграфічны музэй, з голымі бярвеньнямі і грубаю падлогай. Другі ў зялёных шпалерах. На сьцяне два партрэты – Аляксандра Пушкіна і Славаміра Адамовіча. І галоўная дэталь інтэр’еру – вялізарны, старадаўні, сапраўдны, той яшчэ куфар. Я адкрыў цяжкое вечка. Куфар пад завязку быў забіты беларускімі кнігамі…

-- Вось як ты лічыш, ты – хлопец з хутара. Адкуль гэта ў цябе? Адчуваньне беларускага слова, паэзія… Гены?

-- Забывацца пра гены ці скідваць іх з рахунку... Трэба памятаць, якіх ты крывёў. А потым -- дзе чалавеку пашанцавала правесьці дзяцінства. І наколькі ён шмат уражаньняў пасьпеў ухапіць, увабраць у сябе. У маім выпадку – гэта дзяцінства на класічнай беларускай сядзібе. На зямлі. Тры істотныя складнікі. Астатнія можна налічваць бясконца. Кроў, дух, зямля.

-- Ты сказаў такую фразу – “дзе пашанцавала правесьці дзяцінства”. Мне пашанцавала правесьці дзяцінства ва Ўсходнім Казахстане, у горадзе Усьць-Каменагорску, абсалютна хрушчоўскі прамысловы горад. У мяне няма сваёй сядзібы. У нас дзьве розныя сытуацыі. У чым плюсы і ў чым мінусы тваёй сытуацыі?

-- Як гэта ні дзіўна, у свае сорак з хвосьцікам я разумею: тое, што маленства прайшло ў сядзібе, якія сёньня татальна па Беларусі гібеюць, і практычна ўжо распаліся, ужо гадоў дваццаць таму іх лёс быў прадвырашаны... Я проста адчуваю сябе закладнікам. Я адчуваю сябе старым. Гэтыя ніці, гэтыя сувязі, можа быць, для свайго далейшага лепшага самаадчуваньня трэба было парваць раней. З другога боку, ужо трохі пажыўшы, я разумею, што гэта, гэты хутар, гэтая сядзіба – адна з тых галоўных рэчаў, якая будзе грэць у старасьці, калі я да яе дажыву”.

КУФАР

(Бартосік: ) “Забіты даверху кніжкамі куфар – сапраўднае багацьце для бібліяфіла. Беларускія пэрыёдыкі 60-х, 70-х і 80-х гадоў. Школьныя беларускамоўныя падручнікі па біялёгіі і фізыцы. Безьліч кніг. Па выбітай шыбіне можна здагадацца, што ў хаце былі нязваныя госьці. Але, дзякуй богу, сярод іх не знайшлося аматараў роднага слова”.

(Адамовіч: ) “Калі яны залезуць у нашу хату, акрамя бібліятэкі, якая ляжыць у куфры, яны тут нічога ня знойдуць. І можна толькі фантазіраваць, што падумае гэты бесхацінец, якому трэба нешта знайсьці, каб потым набыць пляшку таннай гарэлкі і закускі. І ён тут атрымлівае такую неспадзяванку. І што ён думае пра гэтых гаспадароў, якія тут жылі некалі...

-- Можа падумае, што тут жылі настаўнікі. Ці вар’яты нейкія.

-- Хутэчй за ўсё, вар’яты. Таму што сёньня чалавек настолькі дэградуе… Пра такую зьяву, як настаўніцтва, наўрад ці ён можа падумаць.

-- Паэт павінен мець цяжкі лёс?

-- Вось якраз трымаю чацьверты нумар часопіса “Маладосць” за 86-ы год. І на 19-й старонцы разгарнуў падборку Анатоля Сыса. Гэта часткова адказвае на тваё пытаньне. Паэт... я ня думаю, што ён некаму нешта павінен, акрамя самога сябе. Адказваючы на тваё пытаньне, можна фантазіраваць, а можна сыходзіць з фактаў. Чамусьці, калі мы бярэм вядомых аўтараў, як правіла, іх лёс супадае з матывам, з тым, што аўтар стварыў. І чым мацнейшыя тэксты, тым больш яскравы лёс у аўтара. Што гаварыць? Успомнім Пушкіна, суседа нашага. Там няма нейкіх разыходжаньняў, усё зьліта ў адно. І тое, што ён пісаў і як ён жыў, як скончыў сваё жыцьцё. Як жыў, што напісаў Максім Багдановіч. Як жыў, што напісаў і як скончыў жыцьцё Максім Гарэцкі. І гэтак далей. У жывапісе, у музыцы. Жыцьцё пацьвярджае – калі ёсьць біяграфія творцы, цэльна пражытая, то прысутнічае цэльнасьць, яскравасьць і агонь у тэктсах, на палотнах. Уявіць сабе цяжка, што Багдановіч дажыў бы да 90 гадоў і напісаў тое, што ён напісаў, палежваючы недзе ў той самай Ялце і цярэбячы свой сыценькі жывоцік. Гэта немагчыма ўявіць. Хай банальна гучыць, але творчасьць – тая сфэра, за якую чалавек плаціць самую вялікую цану. Усякім браткам, рускім, амэрыканскім гэтая цана і ня сьнілася. Якую плаціць наш брат творца”.

(Бартосік: ) “Піжон у вэлюравым капелюшы на фоне крымскіх кіпарысаў, франдзёр у вайсковым галіфэ і надраеных да бляску ботах на сталічным бруку, учорашні амэрыканскі будаўнік-нелегал у спартовых штанах у саўковай рэстарацыі, трыбун з палаючым зіркам на шматтысячным мітынгу – у якіх толькі постацях я не сузіраў гэтага актора. Але гэты сёньняшні -- сівы, няголены, са стомленымі вачыма, на тле назаўжды пакінутага котлішча… Тут гульні скончыліся.

Вечар неўпрыкмет панагнаў хмараў. Зацерабіў дробны дожджык. Зрабілася халодна і сумна. І нашая пляшка амаль апусьцела. На апошні глыток я папрасіў Славаміра прачытаць верш”.

(Адамовіч: ) “Дзесьці гады паўтара таму жыў я разам зь сям’ёю маладога аўганца. У іх была дзяўчынка, чарнявенькая такая, вельмі падобная на маю дачку Ксеню. І вось напісаліся такія радкі.

Зэйнаб

Насупраць маёй кватэркі Жыве дзяўчынка Зэйнаб. Частуе мяне цукеркамі І дзеліць на ўсіх кебаб.

Ёй толькі што два з паловай Споўнілася. Пакуль Расьце яна пад аховай Ад розных шалёных куль.

На рукі із рук просіцца. Вялікай цацкай грыміць. Крыніца такога настрою, Што хочацца жыць і жыць”.

(Дубавец: ) “Гэты верш Славаміра Адамовіча быў напісаны ім у лягеры для ўцекачоў у Нарвэгіі. Там, дзе непрыручальныя паэтычныя душы даўно сталі альбо прафэсійнымі літаратурнымі работнікамі, альбо ахоўваюцца дзяржавай, як жывая нацыянальная каштоўнасьць – носьбіты духу альбо духоўнасьці.

Калісьці і там паэты былі валацугамі, вар’ятамі і прарокамі. Як, зрэшты, і па ўсім сьвеце. Сёньня ж затворнікі і ўнутраныя эмігранты жывуць, бадай, толькі ў нас у Беларусі. Папулісцкая ўлада карыстаецца гэтым па-свойму, шмат гаворачы пра духоўнасьць, але на практыцы паводзячыся па-дзікунску. Бо ніхто там, ва ўладзе, і не задумаўся, куды сыйшоў Сыс альбо куды ляжыць шлях Адамовіча. Шмат гаворачы пра духоўнасьць, гэтых яны, нібы тыя ганчакі, заганяюць да самага канца. І паэты замуроўваюцца. А іхная цэгла – гэта ня што іншае, як мы з вамі.

Нашы паэты сапраўды існуюць адным лёсам з Кірылам Тураўскім. І ў гэтым – галоўная праблема. Прычым не праблема літаратуры ці паэзіі, а праблема грамадзтва, якое так ці інакш неўсьвядомлена адлюстроўвае шлях сваіх паэтаў і ўжо само выглядае затворнікам альбо ўнутраным эмігрантам. Каб зразумець, што з намі адбываецца, варта сачыць за лёсамі нашых паэтаў”.
XS
SM
MD
LG