Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткуе народзіны пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч


RFE/RL Каляндар Свабоды – 31 траўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 31 траўня.

31 траўня 1800 году пакінуў гэты сьвет Міхал Казімір Агінскі – адзін з найбольш выбітных дзеячоў беларускае гісторыі. Нейкі час гетман вялікі літоўскі Агінскі быў кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, пасьля змагаўся з расейскім захопам беларускіх земляў. Гэта ягонае трохтысячнае войска пацярпела паразу ад арміі Аляксандра Суворава ў вядомай бітве пад Сталавічамі. Зь імем Міхала Казіміра Агінскага зьвязана мноства прыкметнасьцяў Слоніма, дзе ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, заснаваў друкарню і тэатар. З ініцыятывы і на сродкі Міхала Казіміра пабудаваны знакаміты Агінскі канал. Гэтаксама як і ягоны сваяк Міхал Клеафас Агінскі, Міхал Казімір быў да ўсяго яшчэ й кампазытарам.

31 траўня 1863 году царскія карнікі арыштавалі аднаго зь лідэраў антырасейскага паўстаньня пад кіраўніцтвам Каліноўскага Аляксандра Аскерку. Паходзіў Аскерка з маёнтку Рудакоў у цяперашнім Хойніцкім раёне. Ён – адзін з распрацоўнікаў зямельнае рэформы, якую меркавалі ажыцьцявіць паўстанцы. Ён жа – выдавец беларускага лемантара-катэхізму. Пасьля таго арышту 31 траўня Аскерку саслалі ў Сыбір. Вярнуўшыся, ён жыў у Вільні, а пахаваны ў Відзах цяперашняга Браслаўскага раёну.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 31 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня амэрыканскага паэта Ўолта Ўітмэна, кніга якога “Лісьце травы” выходзіла і па-беларуску; францускага пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата Сэн-Жон Пірса і амэрыканскага актора і рэжысэра Клінта Іствуда.

Таксама сёньня сьвяткуе свае народзіны пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, аўтарка кніг “У вайны не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва”. У зьвязку з Алексіевіч часьцяком задаюць пытаньне, чаму яна лічыцца беларускай пісьменьніцай, хоць піша свае творы і гаворыць па-расейску, а таксама называе сябе чалавекам расейскай культуры. Нарадзілася Сьвятлана Алексіевіч ва Ўкраіне, у Івана-Франкоўску, у сям’і савецкага вайскоўца. Пасьля дэмабілізацыі бацькі сям’я пераехала на ягоную радзіму – у Беларусь. Тут Сьвятлана атрымала адукацыю журналіста ў БДУ, працавала настаўніцай і карэспандэнткай раённых газэт у Нароўлі і Бярозе, пасьля – у рэспубліканскай “Сельской газете”, а з 1976 году – у літаратурным часопісе “Нёман”. Літаратурным бацькам Алексіевіч называюць Алеся Адамовіча, які пісаў свае творы на беларускай і расейскай мовах.
XS
SM
MD
LG