Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 31 траўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 31 траўня.

“Крыніца”, 1925 год. Ліст з Нова-Пагосту Дзісьненскага павету:

“У нас ёсьць звычай, уведзены ад старых людзей-каталікоў, ухадзя ў хату гаварыць: “Пахвалёны Езус Хрыстус”. І так навучаныя ад бацькоў нашы дзеці. Нашы-ж вучыцялі і вучыцелькі навучылі дзяцей ухадзя ў хату гаварыць: “Дзень добры”, або “вечур добры”. Наш народ беларускі, глыбока-рэлігійны, стаіць за сваю веру. З вучыцяляў-жа ёсьць такія, якія не ўважаюць і сьмяюцца з веры. Дзеля гэтага не знайдуць яны ў нас паважаньня і добрых для іх адносін”.

“Знамя юности”, 1985 год. Да пачатку 1 чэрвеня антыалькагольнай кампаніі міністар унутраных справаў БССР К.Платонаў:

“Як высьветлілася, раней вызначаныя адміністрацыйна-прававыя сродкі аказаліся малаэфэктыўныя. Новы ўказ за выраб, збыт ці захаваньне з мэтай збыту моцных сьпіртовых напояў хатняга вырабу, а таксама апаратаў для іх выпрацоўкі, прадугледжвае цяпер ня толькі пазбаўленьне волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў з канфіскацыяй маёмасьці ці безь яе, але і папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці, а таксама кару ад 500 да 1000 рублёў”.

“Советская Белоруссия”, 1995 год. Ліст на беларускай мове 11 студэнтаў зь Берасьця:

“Мы, моладзь, чакалі чаго-чаго, а не змянення сімволікі. Растлумачце мне, калі ласка, што азначае спалучэнне зялёнага і чырвонага? Для нас гэта значыць толькі тое, што 75% нашых рускіх беларусаў, ці, беларускіх расіян, з’яўляюцца мусульманамі. Гэтыя сімвалы — частка знікнуўшай імперыі, у якой можна было нават ствараць свае законы геральдыкі. Можаце лічыць нас вар’ятамі, нацыяналістамі, фашыстамі, што дарэчы для некаторых з’яўляецца сінонімамі, але мы — простыя людзі, якім не абыякавы лёс краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG