Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка забараніў выкарыстоўваць назвы "нацыянальны" і "беларускі" ў назвах недзяржаўных газэтаў


Міхал Стэльмак, Менск Аляксандар Лукашэнка 31 траўня падпісаў указ, якім рэглямэнтуецца выкарыстаньне словаў “нацыянальны” і “беларускі” ў назвах камэрцыйных і некамэрцыйных арганізацыяў краіны.

У прыватнасьці словы “нацыянальны” і “беларускі” могуць выкарыстоўваць у сваіх назвах дзяржаўныя органы і арганізацыі з дзяржаўнай формай маёмасьці, а таксама СМІ, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца дзяржаўныя органы.

Палітычныя партыі, рэспубліканскія грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы і банкі могуць выкарыстоўваць у назвах слова “беларускі”, але ня маюць права выкарыстоўваць слова "нацыянальны".

Недзяржаўныя незалежныя мэдыі ня маюць права выкарыстоўваць словы "беларускі" і "нацыянальны" ў сваіх назвах.

Арганізацыі і мэдыі, назвы якіх не адпавядаюць указу, павінны ў трохмесячны тэрмін прайсьці перарэгістрацыю.

Праўдападобна, што ўказ тычыцца перадусім уплывовых незалежных бізнэс-выданьняў "Белорусской деловой газеты", "Белорусского рынка" і "Белорусской газеты", якім давядзецца мяняць назвы.

Кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў лічыць, што згаданы ўказ абмяжоўвае канстытуцыйныя правы грамадзян Беларусі:

(Пастухоў: ) “У дадзеным выпадку адбываецца неабгрунтаванае абмежаваньне свабоды выяўленьня меркаваньняў, свабоды выкарыстаньня дазволеных найменьняў і тэрмінаў. Я кажу пра абмежаваньне з той прычыны, што ў нас Канстытуцыя, артыкул 23 устанаўлівае ў якіх выпадках могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды. Але тут абмежаваньне ўводзіцца неабгрунтавана. Без нейкіх сур’ёзных падставаў. А яшчэ: чаму ідзе такое дзяленьне на дзяржаўныя і недзяржаўныя структуры? Гэта яўная форма дыскрымінацыі недзяржаўных выданьняў, установаў і арганізацый. Тут у наяўнасьці абмежаваньне правоў пэўных структур. Гэтае абмежаваньне абцяжарвае становішча тых, хто меў у назовах “нацыянальны” і “беларускі”. Напрыклад, той жа “Беларускі рынак” павінен прайсьці перарэгістрацыю. Чаму?”

Паводле экспэртаў, новы ўказ прынясе недзяржаўным структурам і мас-мэдыям шмат арганізацыйных клопатаў і эканамічных праблемаў. Гаворыць аглядальнік газэты “Беларускі рынак” у пытаньнях гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Па-першае, сам гэты ўказ не мае лягічнага сэнсу. Бо слова беларускі азначае не дзяржаўную, а нацыянальную прыналежнасьць. Таму тут няма ні прававых падставаў, ні маральных, каб забараняць скарыстаньне гэтых словаў. А па-другое, каб унесьці зьмены ў статуты, трэба будзе схадзіць да натарыюса. А схадзіць да натарыюса – гэта шалёныя грошы. Трэба будзе таксама зьмяніць пячаткі, банкаўскія рахункі. А для СМІ гэта будзе азначаць і яшчэ неабходнасьць выйсьці на рынак пад новым брэндам. І чытач будзе пазбаўлены магчымасьці пазнаць: а ці тая самая гэта газэта. Ён будзе блытацца!”

Лічыць Сяргей Балыкін, аглядальнік газэты “Беларускі рынак” у пытаньнях гаспадарчага права.
XS
SM
MD
LG