Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая прэса па-рознаму піша пра беларускія рэаліі


Алена Струвэ, Менск Беларуская апазыцыя бачыць у Польшчы свайго галоўнага выратавальніка, а беларускі кіраўнік –свайго галоўнага ворага. Тым часам некаторыя палякі лічаць, што Лукашэнка лепшы за Квасьнеўскага. З аглядам нямецкамоўнага друку – наша карэспандэнтка.

Як піша аўстрыйская газэта "Oberoesterreichische Nachrichten", “беларускі дыктатар усё больш нэрвуецца –апошнім часам самай небясьпечнай для яго краінай стала Польшча”. Прычым, небясьпека ідзе ня толькі з-за Буга, але і ад тых палякаў, якія жывуць у Беларусі. Як лічаць ў Менску, аналізуючы ўкраінскія падзеі, Польшча падтрымлівае праціўнікаў рэжыму. Тым часам вядучыя палітыкі Польшчы, пратэстуючы супраць захадаў Менску ў дачыненьні да польскай нацыянальнай меншасьці, выносяць беларускую праблематыку на эўрапейскі ўзровень. “Беларуская апазыцыя бачыць у Польшчы сапраўднае і адзінае вырататаваньне”, піша аўстрыйская газэта.

Тым часам аналітыкі нямецкага інтэрнэт-рэсурсу rbi-aktuell.de канстатуюць: цікавасьць Эўропы да Беларусі па-ранейшаму невысокая. Паводле rbi-aktuell.de “Лукашэнка мала чым адрозны ад свайго калегі Пуціна, але Беларусь ня ёсьць вялікай імпэрыяй зь вялікай колькасьцю прыродных выкапняў. Таму і лобі краіны такое малое. Акрамя таго, Захад ня можа пастаянна ўмешвацца ва ўнтутраныя справы гэтае краіны”. Паводле аўтараў артыкулу, Лукашэнка, якога на Захадзе называюць апошнім дыктатарам Эўропы, па-ранейшаму карыстаецца падтрымкай сярод свайго насельніцтва.

Інтэрнэт-рэсурс прыводзіць вынікі апытаньняў беларускай грамадзкай думкі, якія праводзіў цэнтар "Ecoom". Як вынікае, больш за палову насельніцтва (а менавіта 55,1%) ацэньваюць абстаноўку ў краіне як “спакойную і стабільную”. Каля 34% – “хутчэй як спакойную” і толькі 1,1% як “напружаную”. Меней за 7% беларусаў лічаць верагоднай каляровую рэвалюцыю у Беларусі. У той час як у Расеі на падобнае пытаньне адказалі 11,2%, а ў Казахстане – 12, 9%.

Чым можна растлумачыць падобны настрой грамадзтва? На гэтую тэму на старонках нямецкай "Die Zeit" разважае вядомы ўкраінскі пісьменьнік Юры Андруховіч. Аналізуючы “шлях капіталізму ва Ўкраіне”, аўтар піша: “Шок без тэрапіі, дзікае трыманьне кіраўніцтва за ўладу, адкрытае і схаванае беспрацоўе, сацыяльны заняпад грамадзтва ўключна з люмпэнізацыяй, поўная страта насельніцтвам таго, што ўдалося ашчадзіць і як антытэза –першыя тлустыя каты, якіх завуць алігархамі. Самае горшае чалавек становіцца перад выбарам –свабода альбо сацыяльная гарантаванасьць.”

“Лукашэнка лепш за Квасьнеўскага”, такія словы ўкраінскі пісьменьнік неаднойчы чуе ад свайго польскага сябра – журналіста. “Адрозна ад Квасьнеўскага Лукашэнка клапоціцца пра сацыяльныя гарантыі свайго народу”, – перакананы паляк.

“Канечне, сябру варта пажыць крышачку ў Беларусі. Там шмат чаго бракуе, а часам зьнікаюць і самі журналісты”, – піша ўкраінскі аўтар артыкулу ў нямецкай "Die Zeit".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG