Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пырскнуць газам у вочы сына міліцэйскага начальніка каштавала 3-х гадоў строгага рэжыму


Браніслава Станкевіч, Віцебск За прымяненьне газу “Шок” віцебскі міліцыянт будзе адпраўлены ў калёнію строгага рэжыму. Опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку Чыгуначнага райадзьдзелу Юры Анісімаў выкарыстаў табэльны балёнчык з газам, каб спыніць у памяшканьні пастарунку бойку паміж двума нецьвярозымі хлопцамі. Адзін зь іх аказаўся сваяком начальніка мясцовае міліцыі. Таму жорсткі прысуд міліцыянту-шэрагоўцу многія ў Віцебску разглядаюць як прыклад карупцыі і нэпатызму ў вышэйшых міліцэйскіх колах.

Тры гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму атрымаў Юрый Анісімаў, абвінавачаны ў незаконным прымяненьні газу “Шок”, а таксама ў зьбіцьці нецьвярозага грамадзяніна Нікіціна, затрыманага за хуліганства ў грамадзкім месцы.

Гэты вырак упершыню выклікаў масавае незадавальненьня тутэйшай грамадзкасьці рашэньнем Першамайскага раённага суду: 116 міліцыянтаў-калег, а таксама некалькі соцень жыхароў мікрараёну Руба падпісалі лісты пратэсту ў абласныя суд і пракуратуру з мэтай адмяніць прысуд пакаранаму міліцыянту.

Яны лічаць, што Юры Анісімаў несправядліва асуджаны ў выніку карупцыйнай змовы, бо, на іхную думку, вышэйшы міліцэйскі начальнік знарок “падставіў пад удар” міліцыянта-шарагоўца, і нават знайшоў фальшывых сьведак, каб вызваліць ад адказнасьці за хуліганства свайго сваяка.

Калегія абласнога суду аднак гэтае меркаваньне прадстаўнікоў грамадзкасьці да ўвагі не прыняла. Яна пакінула ранейшы прысуд Юрыю Анісімаву без зьменаў, зазначыўшы толькі, што тэрмін ягонага зьняволеньня будзе на год карацейшы з прычыны амністыі.

Абаронца Генадзь Ражкоў мяркуе і далей абскарджваць гэтае рашэньне, а калегі -міліцыянты зьбіраюцца працягваць зьбіраньне подпісаў жыхароў горада за вызваленьне Юрыя Анісімава і перагляд ягонае справы.

Дарэчы, ліст з просьбаю разабрацца з праявамі карупцыі ў міліцэйскім асяродку, быў накіраваны і на імя Аляксандра Лукашэнкі. Ён быў адасланы некалькі месяцаў таму, але адказу з прэзыдэнцкае адміністрацыі няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG