Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд Хадаркоўскаму – 9 гадоў – камэнтуюць палітыкі і бізнэсмэны


Юры Дракахруст, Прага Сёньня быў агучаны прысуд былым кіраўнікам кампаніі "Юкос" Міхаілу Хадаркоўскаму і Платону Лебедзеву – па 9 гадоў пазбаўленьня волі. На думку аднаго з адвакатаў Хадаркоўскага Робэрта Амстэрдама гэта прысуд расійскаму прадпрымальніцтву як такому.

(Амстэрдам: ) "Хадаркоўскі і Лебедзеў былі прызнаныя вінаватымі ў прадпрымальніцтве, у інавацыях, у празрыстасьці бізнэсу. Менавіта празрыстасьць – тое, што выклікала асаблівыя перасьцярогі ўладаў, гэта тое, чаго яны ня могуць вытрымаць. Гэта прысуд бязьлітасны, брутальны і зусім неаб’ектыўны. Прысудзіўшы Хадаркоўскаму 9 гадоў, суд пазбавіў Расею будучыні яшчэ на 9 гадоў".

Натальля Вішнякова – прэсавы сакратар генэральнай пракуратуры Расеі лічыць прысуд справядлівым і пазбаўленым якой бы то ні было палітычнай матываванасьці.

(Вішнякова: ) "Мы лічым гэты прысуд справядлівым і адпаведным абставінам і цяжкасьці злачынстваў, учыненых Хадаркоўскім, Лебедзевым і Крайновым. Мы катэгарычна адмаўляем якую б то ні было палітычную подбіўку ў гэтай справе. Зроблены канкрэтныя цяжкія злачынствы, якія даказаныя".

Расейскі палітоляг Марк Урноў мяркуе, што прысуд Хадаркоўскаму – гэта сыгнал усяму расейскаму грамадзтву.

(Урноў: ) "Тое, што адбылося, сьведчыць, што ў Расеі зарэгістраваная адсутнасьць нармальнага суду, незалежнага і аб’ектыўнага. Такі жорсткі прысуд – амаль па максымуму, сьведчыць пра тое, што нам проста сказалі: “Дэмакратыі ў вас цяпер няма. Зразумелі?"

Сярод тых, хто стоячы на вуліцы каля Мяшчанскага суду Масквы, чакаў прысуду, быў амэрыканскі кангрэсмэн Том Ланташ. Пасьля абвяшчэньня вэрдыкту ён сказаў:

(Ланташ: ) "Мы імкнёмся падтрымліваць з Расеяй добрыя адносіны, але трэба адзначыць, што тэндэнцыя да цэнтралізацыі можа перашкодзіць нам лічыць гэтую краіну дэмакратычнай".
XS
SM
MD
LG