Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне зьявіўся сьпіс “абавязковых” для продажу газэт


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскі аблвыканкам рашэньнем №277 забавязаў індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў, якія займаюцца розьнічным гандлем пэрыядычных выданьняў, пераўзгодніць да 1 чэрвеня пералік мэдыяў для продажу насельніцтву.

Паводле рашэньня аблвыканкаму, узгадняць пералік пэрыядычных выданьняў дзеля розьнічнага гандлю абавязаныя ідэалягічныя аддзелы гарадзкіх ды раённых выканкамаў.

Прадпрымальнікі павінны падаць у ідэалягічны аддзел зьвесткі ня толькі пра назву кожнага выданьня, што ён будзе прадаваць, але і пра ягоную тэматыку, дзяржаўную рэгістрацыю, указаць даты і нумары дамоваў на распаўсюд.

Для замежных пэрыядычных выданьняў, за выключэньнем Расейскай Фэдэрацыі, павінен быць указаны яшчэ і нумар адмысловага дазволу Міністэрства інфармацыі на распаўсюд у Беларусі.

Я пацікавіўся ў начальніцы ідэалягічнага аддзелу Гомельскага гарвыканкаму Ганны Шыдлоўскай, навошта патрэбна столькі зьвестак пра пэрыёдыку.

(Шыдлоўская: ) “Каб мы ведалі, дзе яны бяруць: ці яны друкуюць недзе тут, у прыгараднай Якубоўцы ў падвальным памяшканьні, ці заключаюць з кімсьці дамовы на пастаўку? Мы павінны ведаць, з кім. І плюс яшчэ. Ня меней 70% павінна распаўсюджвацца выданьняў Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе пра пэрыядычныя выданьні, які атрымліваюць датацыі зь бюджэту”, — кажа начальніца аддзелу ідэалёгіі спадарыня Шыдлоўская.

У пералік для абавязковага продажу ўвайшлі газэты “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, мясцовыя дзяржаўныя газэты “Гомельская праўда”, “Гомельские ведомости” ды іншыя афіцыйныя спартовыя, дзіцячыя, культурніцкія выданьні — разам 32 найменьні.

Прадпрымальнікі не ў захапленьні ад чарговага прымусу ўзгадняць пералік выданьняў дзеля продажу насельніцтву. Гаворыць намесьнік дырэктара прыватнага гандлёвага прадпрыемства “Прэс-тайм” Аляксандар Шыловіч:

(Шыловіч: ) “Мы хочам прадаваць тое, што людзі чытаюць. У нас ня шмат месца. Калі мы зоймем свае плошчы абавязковымі выданьнямі, то што гэта будзе за гандаль? Ёсьць рэкамэндаваны пералік выданьняў, ёсьць рашэньне на гэты конт аблвыканкаму, іншых мясцовых органаў. Але закону наконт таго, што павінна быць у нас у наяўнасьці, я нідзе не чытаў”.

Наколькі вядома, Гомельскі аблвыканкам сярод першых у краіне вырашыў рэглямэнтаваць продаж пэрыядычных выданьняў, спаслаўшыся на леташнюю ўрадавую пастанову наконт правілаў розьнічнага гандлю асобнымі таварамі.
XS
SM
MD
LG