Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прысуд М.Статкевічу і П.Севярынцу камэнтуюць палітыкі і праваабаронцы


Альгерд Невяроўскі, Менск Палітычнай замовай з мэтай запалохваньня патэнцыйных праціўнікаў цяперашняй улады называюць прысуд, вынесены сёньня лідэрам апазыцыі Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу, актывісты дэмакратычнай апазыцыі і праваабаронцы. Прысуд камэнтуюць Анатоль Лябедзька, Людміла Гразнова, Уладзімер Колас і Ўладзімер Парфяновіч.

Усе мае суразмоўцы пільна сачылі за судовым працэсам над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам. Вось што сказаў пасьля вынясеньня прысуду старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Няма юрыдычнага прысуду. Гэта проста палітычны вэрдыкт. Судзьдзі няма, ёсьць фактычна чыноўнік. Што загадана, тое выконвае. Сёньня ўлада больш за ўсё баіцца нейкіх вулічных мерапрыемстваў, і вырашыла пачынаць зачыстку з гэтага сэгмэнту — выбіваць тых людзей, якія здольныя ці маюць імідж нешта арганізаваць на вуліцы. Мы можам толькі прагназаваць, што гэта не апошнія рэпрэсіўныя дзеяньні ўладных структураў. І, я думаю, той сьпіс людзей, якія заявілі аб прэзыдэнцкіх амбіцыях, а таксама актыўных людзей, здольных да арганізацыйнай працы, яшчэ чакаюць вялікія непрыемнасьці наперадзе”.

Лідэр АГП таксама падкрэсьліў, што яшчэ адной мэтай уладаў было запалохаць патэнцыйных удзельнікаў будучых вулічных акцыяў пратэсту. З гэтымі тэзамі згодная і кіраўніца арганізацыі “Праваабарончы альянс” Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Гэта палітычны загад — ізаляваць найбольш актыўных лідэраў апазыцыі, якія маюць магчымасьць выводзіць людзей на вуліцы і якія могуць арганізаваць масавыя акцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Тое, што будзе ў 2006 годзе, гэта ніякія ня выбары, калі ўсё застанецца так, як цяпер. Яны будуць фальсыфікавацца, народ будзе супраць выступаць. Ён выйдзе на вуліцу. І таму, каб не дапусьціць масавых вулічных акцыяў, ізалююць найбольш актыўных апазыцыйных лідэраў”.

Прэтэндэнт на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Уладзімер Колас назваў прысуд расправай над тымі, хто бараніў праўду ад гвалту:

(Колас: ) “Я думаю, што гэта расправа тых, хто пакуль мае сілы над праўдай, і над тым, хто стаіць на гэтых пазыцыях праўды. Гэта было абсалютна справядлівае абурэньне людзей вынікамі выбараў. На вялікі жаль, нашыя грамадзяне вельмі запалоханыя, і іх было на плошчы ня так шмат. Але нават тыя, хто выйшлі, тым больш гэта падкрэсьлівае гонар і мужнасьць тых, хто меў сьмеласьць выйсьці і апратэставаць гэты гвалт над справядлівасьцю. Таму гэта проста чыстай вады расправа”.

А былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і тройчы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Пярфяновіч увогуле быў вельмі нешматслоўны:

(Парфяновіч: ) “Як можна камэнтаваць судовыя рашэньні, якія выносяцца ў Беларусі? Улады рыхтуюцца да прэзыдэнцкіх выбараў. Улады чысьціць пляцоўку і будуць працягваць яе чысьціць. За гэта даваць два гады? Няма словаў!”

Гл. таксама • Суд абвясьціў прысуд – па тры гады "хіміі" (падрабязнасьці) • Як людзі на вуліцах ставіцца да прысуду М.Статкевічу і П.Севярынцу?
XS
SM
MD
LG