Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: "Эра стабільнасьці Аляксандра Лукашэнкі заканчваецца"


Вольга Караткевіч, Прага Лідэр Аб''яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька адказвае на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода. "У Беларусі мы можам паўтарыць украінскі сцэнар, але гэта ня будзе калька 1:1" – заяўляе палітык.

(Карэспандэнт: ) "Анатоль, мы глядзелі Вашае інтэрвію ўкраінскаму “5-му каналу”, і Вы сказалі, што ў Беларусі можа быць варыянт падзеяў, падобны да ўкраінскага. Чаму?"

(Лябедзька: ) “Калькі з украінскага або грузінскага сцэнара ня будзе, але калі праводзіць нейкія паралелі, то вядома мы значна бліжэй да таго, што адбылося ў Кіеве, чым у Тбілісі або нейкім іншым месцы. Я ня веру ў тое, што ў Беларусі можа быць “бунт пустых каструль”, а вось падзеі, якія б маглі пад лёзунгам “Мы – людзі, мы – ня быдла” – гэта ў Беларусі магчыма. Якраз адчуваньне, што ў грамадзтве адбыліся зьмены – у стаўленьні людзей да сытуацыі, да ўлады, да жаданьня галасаваць за новага чалавека – гэта прыводзіць мяне да думкі, што мы можам у пэўнай ступені паўтарыць тое, што адбылося ва Ўкраіне. Але гэта ня будзе такая калька 1:1”.

(Карэспандэнт: ) "Мы часта паведамляем пра акцыі прадстаўнікоў вашай партыі, але тым ня менш нашыя слухачы рэгулярна заклікаюць у сваіх званках апазыцыю “ісьці ў народ”. Наколькі часта вы, актывісты вашай партыі, прадстаўнікі кааліцыі “5+” праводзяць сустрэчы з патэнцыйнымі выбарнікамі і якія для гэтага ёсьць магчымасьці цяпер у Беларусі?"

(Лябедзька: ) “Ня буду казаць за ўсю краіну. Найбольш масавы выхад палітычнай апазыцыі ў народ быў падчас апошняй восеньскай кампаніі. Тады мы пакрылі амаль усю Беларусь, і гэта была штодзённая праца. А цяпер гэта зьвязана зь некалькімі кампаніямі.

Што да Менску, то мы вельмі актыўна працуем у фармаце кампаніі “Рукі прэч ад Скарыны і Машэрава”. Я лічу гэта вельмі пэрспэктыўным кірункам – гэта тое, што знаходзіць водгук у сэрцах людзей. І ня толькі мы ідзем да людзей – але і людзі ідуць да нас, гэтага даўно не было. На офіс, літаральна 10-15 хвілін, прыходзяць людзі, прыносяць подпісы супраць перайменаваньня вуліц. Нашы актывісты практычна кожны дзень выходзяць на гадзіну-паўтары ў горад і бяруць подпісы ў людзей. І гэта камунікацыя. Сёй-той праходзіць проста па дамах, сустракаецца, зноў жа ідзе размова і збор подпісаў. Вось гэта тое, што адбываецца ў Менску.

У іншых рэгіёнах мы цяпер імкнемся набліжаць праблемы да людзей – тое, што хвалюе іх у першую чаргу. Вось, літаральна на мінулым тыдні я быў у Жодзіне – там пачалі галадоўку дзеці, ідзе вайна супраць дзяцей. І мы можам арганізаваць інфармацыйную кампанію, бо ня ўсе жодзінцы ведаюць, што адбываецца ў іх горадзе. Водгук зноў жа зь іх боку даволі актыўны – людзі не разумеюць, чаму трэба ваяваць зь дзецьмі, якія хочуць вучыцца і мець свой погляд на сытуацыю, на падзеі”.

(Карэспандэнт: ) "Вы ўжо згадалі Грузію і Ўкраіну. На цяперашні момант як бы вы ацанілі расейскі фактар у магчымай зьмене палітычнай сытуацыі ў Беларусі?"

(Лябедзька: ) “Расея вялікая, і, вядома, у першую чаргу ўладныя структуры сыходзяць з таго, што яны ня любяць Лукашэнку, але яшчэ больш яны ня любяць аранжавыя-памаранчавыя рэвалюцыі. Лукашэнка спрабуе выкарыстаць гэтую сытуацыю – прадаць сябе Пуціну, Крамлю як нейкую “Бэрлінскую сьцяну”, якая была б перашкодай для вірусу памаранчавай рэвалюцыі на заходнім кірунку. Але гэта адна частка Расеі.

Падчас зьезду Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў сказаў, што трэба мяняць стратэгію і трэба ім заяўляць аб тым, што Расея павінна ісьці ў Эўрапейскі Зьвяз і ў НАТО. Упершыню з вуснаў расейскіх палітыкаў дэкляруецца як стратэгія адной з палітычных сілаў, структуры – што ёсьць дастатковая колькасьць людзей у Расеі, каб пераадолець 7-працэнтны бар’ер і такім чынам будаваць парлямэнцкую выбарчую кампанію. Так што Расея розная.

А што датычыць Беларусі – я думаю, што цікавасьць будзе расьці з набліжэньнем прэзыдэнцкай кампаніі – у нас дзьве нішы. Адна – ніша “беларускага Януковіча”, другая – “беларускага Юшчанкі”. На першую нішу будзе прэтэндаваць Казулін, магчыма яшчэ некалькі больш дробных фігур, і Аляксандар Лукашэнка. А мы будзем працаваць на нішу “беларускага Юшчанкі”.

(Карэспандэнт: ) "Анатоль, яшчэ адно пытаньне, якое часта задаюць нашыя слухачы – пра адзінага кандыдата. Я разумею, што ў кааліцыі :5+” ёсьць свая тактыка, яна, магчыма, непразрыстая зь нейкіх стратэгічных прычынаў. А вось, напрыклад, чым Ваша асабістая праграма адрозьніваецца ад праграмы Сяргея Калякіна або Аляксандра Мілінкевіча?"

(Лябедзька: ) “На гэтым этапе я прэтэндую на тое, каб быць лідэрам палітычных аптымістаў Беларусі. Наша апазыцыя, апанэнты беларускай улады, яны дзеляцца на дзьве вялікія фракцыі – пэсымістаў і аптымістаў. Я думаю, што пэсымісты больш рэалістычна апісваюць сёньняшнюю сытуацыю, але я перакананы, што перамены нясуць толькі аптымісты. Нашае пасланьне зьвязанае з тым, каб даць вельмі выразны вобраз будучай Беларусі, у якой знайшоў бы сваё месца кожны грамадзянін нашай краіны. Мы здольныя гэта сфармуляваць і мы вядзем такую працу, мы прадставім грамадзянам Беларусі Беларусь без Лукашэнкі, Беларусь пазытыўную, прывабную, якая можа канкураваць у Эўропе, у сьвеце. Я думаю, гэта вельмі істотна і вельмі важна. Акрамя гэтага цяпер мы актывізуем дзейнасьць Нацыянальнага Камітэту – правобразу ценявога ўраду – і імкнёмся, каб ён быў сфармаваны ня толькі на магчымасьцях і інтэлектуальным патэнцыяле Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, але і з прадстаўнікамі іншых палітычных сілаў, а таксама з тымі людзьмі, якія зьяўляюцца добрымі прафэсіяналамі ў той або іншай галіне. Гэта асноўныя накірункі, якімі мы цяпер займаемся”.

(Карэспандэнт: ) "Якое месца ў Вашай асабіста праграме займаюць нацыянальныя пытаньні – я маю на ўвазе статус беларускай мовы, беларускамоўнага навучаньня? Ці ёсьць гэтыя пункты ў вашых пэрспэктыўных дакумэнтах?"

(Лябедзька: ) “Безумоўна. Бяз гэтага пункту ня можа быць ніводнай праграмы. У нас ёсьць два пазытыўныя прыклады. Першы прыклад – яшчэ 500 гадоў таму ў манастырскіх школах той, хто іх заканчваў, ведаў пяць замежных моваў. Думаю, што і мы павінны ставіць такую задачу, каб кожны выпускнік беларускай школы ведаў як мінімум тры замежныя мовы. Беларуская – безумоўна нумар адзін, жыць на тэрыторыі Беларусі, быць грамадзянінам Беларусі і ня ведаць беларускай мовы – гэта няправільны падыход. І другі прыклад – гэта час Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня. Я памятаю, калі мы прыйшлі ў парлямэнт, у якім усяго некалькі дэпутатаў размаўлялі на беларускай мове. Але ўжо праз чатыры гады 70 працэнтаў дэпутацкага корпусу свае прамовы казалі на беларускай мове. Гэта азначае, што прымусу, гвалту не было. Але было проста модна размаўляць на беларускай мове, гэта лічылася добрым густам, добрым знакам. І я думаю, што тут сьпяшацца, з аднаго боку, ня трэба, але трэба, каб у людзей была матывацыя выкарыстоўваць тую самую беларускую мову, а разам з тым ведаць яшчэ некалькі моваў, каб адчуваць сябе камфортна ў розных сытуацыях, у міжнародных стасунках і г.д.”

(Карэспандэнт: ) "Многія аглядальнікі кажуць пра тое, што ў часе бліжэй да выбараў можна чакаць самай брутальнай расправы зь лідэрамі апазыцыі, якія прэтэндуюць на нейкае месца ў рэальным палітычным полі Беларусі. Як Вы да гэтага рыхтуецеся? Ці гатовыя ў гэтым выпадку ісьці да канца?"

(Лябедзька: ) “Можна было б зараз сказаць пра нейкія якасьці Рэмба... але ўсе мы жывыя людзі, і я думаю, што страх заходзіць у нашы душы, але ў кагосьці ён пасяліўся назаўсёды, а хтосьці вось так – ад выпадку да выпадку... За гэты час знаходжаньня ў палітыцы нейкім панцырам я ўжо таксама пакрыўся, праз многае прайшоў, праз страту сваіх паплечнікаў – і Ганчара, і Захаранкі, і Карпенкі – ведаю, што такое, калі людзі знаходзяцца ў турме, і ня 10-15 сутак... Так што гэта ўсё – ужо пройдзены этап.

Баяцца ўжо няма часу. Можа адбыцца ўсё. Мы падрыхтаваныя да самых пэсымістычных прагнозаў. Але як аптыміст я і ў рэпрэсіях бачу нейкі пазытыўны складнік. Таму што моцны палітык, які кіруе сытуацыяй, ніколі ў жыцьці ня будзе мяняць заканадаўства і надзяляць сябе правам аддаваць загад на ўжыцьцё зброі, як гэта зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Гэта якраз падкрэсьлівае, што чалавек, які зрабіў галоўным сваім саюзьнікам і дарадцам страх – сам заразіўся гэтым страхам.

Я думаю, што эра стабільнасьці Аляксандра Лукашэнкі заканчваецца. Сёньня, калі мы чытаем нават расейскую прэсу – проста жах. Яны гавораць аб тым, што могуць быць уведзеныя войскі або нейкія спэцыяльныя падразьдзяленьні, і з чым гэта зьвязана? Гэта зьвязана з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Гэта азначае, што стабільнасьць канчаецца. Нас чакае нестабільнасьць пры гэтым рэжыме, і людзі пачынаюць гэта разумець”.
XS
SM
MD
LG