Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жырыноўскі пахваліў “беларускую мадэль разьвіцьця” (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі, віцэ-сьпікер Дзярждумы Ўладзімер Жырыноўскі сёньня знаходзіўся з прыватным візытам у Беларусі. Прымалі яго на самым высокім узроўні: кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў. Сустрэўся Жырыноўскі і зь лідэрам ЛДПБ Сяргеем Гайдукевічам.

З Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімер Жырыноўскі сустракаўся сам-насам. Падчас так званай пратакольнай здымкі, калі ў пакоі прысутнічалі журналісты, гаварыў выключна маскоўскі госьць.

Лідэр ЛДПР гаварыў шмат камплімэнтаў. Ён паведаміў, што аб’ехаў усю Беларусь, ды заявіў, што тут абраны “найбольш прымальны варыянт разьвіцьця для дзяржаваў постсавецкай прасторы”, у тым ліку ў палітыцы, эканоміцы і бясьпецы.

“Усё, што ў вас адбываецца, магу ацаніць толькі станоўча, ніякага мінусу я не магу тут знайсьці”, — сказаў Жырыноўскі, зьвяртаючыся да А.Лукашэнкі.

(Жырыноўскі: ) “У любой краіне ёсьць там перакосы, у нас у Расеі ёсьць шмат рэчаў, якія крытыкую, — у Беларусі нічога няма. Па ўсіх пазыцыях яна магла б быць мадэльлю. Беларусь — сёньня мадэль для ўсёй СНД. І, можа, нават у будучыні — для ўсёй Усходняй Эўропы”.

Паводле Жырыноўскага, у Беларусі “амаль няма” беспрацоўя, інфляцыі, злачыннасьці, наркаманіі, алькагалізацыі насельніцтва. У тых цяжкасьцях, якія часам узьнікаюць ў дачыненьнях Беларусі і Расеі, вінаватыя выключна расейскія чыноўнікі, заявіў У.Жырыноўскі, а таксама правыя партыі і палітыкі, “такія як Нямцоў, Хакамада, якія шкодзяць, адпрацоўваючы грошы”. Беларускіх апазыцыянэраў, якіх Жырыноўскі сустракаў за мяжой, ён таксама назваў наёмнымі.

Уладзімер Жырыноўскі пасьля сустрэчы з Лукашэнкам заявіў, што выключае магчымасьць аксамітных рэвалюцыяў у Беларусі і Расеі. У Палаце прадстаўнікоў Жырыноўскага суправаджалі дэпутат Дзярждумы Аляксей Астроўскі і расейскі амбасадар Аляксандар Блахін.

Беларускія дэпутаты выказвалі Жырыноўскаму ўдзячнасьць за ўвагу. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў падзякаваў яму за падтрымку і парады падчас асабістай сустрэчы дзесяць гадоў таму, калі ён быў маладым парлямэнтарам.

На сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў прысутнічаў лідэр ЛДПБ дэпутат Сяргей Гайдукевіч, які раней адмаўляў, што мае шчыльныя кантакты з ЛДПР.

Надзвычай прыязнае стаўленьне Жырыноўскага да Лукашэнкі тлумачыцца палітычнымі меркаваньнямі, перакананы менскі палітоляг Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “У свой час ён быў вядомы іншай фразай пра Лукашэнку — як калгаснага канюха ці пастуха. Потым Жырыноўскі па сваёй палітычнай пазыцыі яскрава перайшоў на поле, якое падтрымлівае вялікадзяржаўную пазыцыю расейскай палітыкі”.

Аляксей Кароль лічыць, што нельга лічыць пазыцыю Жырыноўскага блізкай да крамлёўскай. Ён таксама нагадаў, што Жырыноўскі раней падтрымліваў Садама Хусэйна, а цяпер — Аляксандра Лукашэнку.
XS
SM
MD
LG