Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масавыя пахаваньні каля Андыжану: чалавек, які паказаў карэспандэнту Радыё Свабода магілы ахвяраў, быў забіты


Кастусь Бандарук, Прага Нягледзячы на ўведзеную ўладамі Ўзбэкістану інфармацыйную блякаду, кожны дзень паступаюць усё новыя зьвесткі пра ахвяры разьні ў Андыжане. Узбэцкія ўлады цьвердзяць, што агулам загінулі 173 чалавекі, аднак праваабаронцы ацэньваюць колькасьць забітых у 1000 чалавек і прыраўноўваюць гэтую крывавую разьню да падобных падзеяў у Пэкіне 16-гадовай даўніны. Жыхары Андыжану паведамляюць пра масавыя магілы на ўскраінах гораду. У мінулую пятніцу карэспандэнт узбэцкай службы нашага радыё наведаў адну з такіх магілаў. Чалавек, які паказаў яму гэтыя магілы быў забіты – зарэзаны нажом.

Апошнімі днямі некалькі масавых пахаваньняў былі знойдзеныя ў прыгарадным раёне Андыжану Багішамол. Гэта былі пахаваньні ахвяраў разьні ў Андыжане, якую ўзбэкі называюць “крывавай пятніцай”.

Адзін з магільшчыкаў, які пабаяўся назваць сваё прозьвішча, паведаміў Радыё Свабода, што ў адпаведнасьці з мусульманскай традыцыяй, целы забітых былі загорнутыя ў белыя прасьціны, аднак іх хавалі не паасобку, але па некалькі ў адной магіле. Апрача таго, на загад уладаў, хавалі забітых не-мусульмане, але магільшчыкі з праваслаўных могілак. Вось, што сказаў пра гэта адзін з далакопаў-мусульманаў.

(Далакоп: ) "Сьпярша прывезьлі сюды 48 целаў. Хавалі па дваіх ў адной магіле. Нам улады не дазволілі набліжацца да гэтага месца. Ім дапамагалі іншыя, магільшчыкі з расейскіх могілак".

Мясцовы лідэр апазыцыйнай партыі Свабоды Э.І.Халдораў разам зь некалькімі іншымі актывістамі і праваабаронцамі наведаў адну з магілаў у Багішамолі, каля Андыжану.

Магільшчыкі з мусульманскіх могілак расказалі яму, што целы прывезьлі на трох грузавіках МАЗ. Агулам пахавалі 74 целы ў 37 магілах.

Адзін зь мясцовых жыхароў паведаміў, што цягам апошніх дзён некаторыя магілы былі раскапаныя. Людзі шукалі сваіх блізкіх, каб іх перазахаваць.

(Мясцовы жыхар: ) “Два дні таму я бачыў людзей, якія выцягвалі целы з магілаў. Гэта былі блізкія ахвяраў”.

У мінулую пятніцу карэспандэнт узбэцкай службы Радыё Свабода упершыню наведаў адну з такіх магілаў. Чалавек, які паказаў яму гэтыя магілы быў зарэзаны.

Сапраўдная колькасьць ахвяраў крывавых падзеяў ва Ўзбэкістане дагэтуль дакладна не вядомая. Сем’і некаторых загіблых баяцца прызнацца, што нехта зь іх блізкіх удзельнічаў ў бунце. Іншыя спадзяюцца, што блізкі чалавек, якога яны шукаюць магчыма ўцёк у суседні Кіргізстан.

Андыжан і ўся Фэрганская даліна цяпер закрытая для замежнікаў. Перакрытыя межы з Кіргізстанам і Таджыкістанам. Не працуе чыгунка, а войска ўсюды ўсталявала блёк-пасты.

Незалежныя крыніцы кажуць пра 1000 загіблых. Ужо падчас штурму на турму ў Андыжане бунтаўшчыкі забілі каля 100 ахоўнікаў. У пятніцу, калі войска адкрыла кулямётны агонь па шматтысячным натоўпе на плошчы Бабара загінулі 600-700. Паводле сьведкаў, пасьля некалькіх залпаў салдаты дабівалі параненых.

Лекарка з Анджыжану Гулбахар Турдыева сьцьвярджае, што сама бачыла каля 600 целаў выкладзеных для ідэнтыфікацыі ў будынку мясцовага тэхнікуму. Адвакат і праваабаронца Саіджан Зайнабідзінаў паведаміў, што каля 200 чалавек вайскоўцы застрэлілі ў панядзелак ў горадзе Пахтаабад. Некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку салдатаў загінулі ў перастрэлках ў мястэчках Кара-Суў і Тэшыкташ.

Міжнародная супольнасьць націскае на рэжым Карымава, каб той дазволіў правесьці незалежнае сьледзтва ў справе крывавых падзеяў, аднак афіцыйны Ташкент ігнаруе гэтыя заклікі. Заміж гэтага ўлады адключылі ўсе замежныя тэлеканалы, а мясцовае тэлебачаньне перадае народную музыку і афіцыйныя паведамленьні.
XS
SM
MD
LG