Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці аўкцыённы дом “Парагіс” прадаў больш як за паўмільёны даляраў фальшывага Шагала?


Ганна Соусь, Менск Дырэктарка музэю Марка Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая называе гэты твор падробкай. А паводле выканаўчай дырэктаркі аўкцыённага дому “Парагіс” Людмілы Конанавай, карціна Шагала — аўтэнтычная. Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі Ўладзімер Пракапцоў лічыць некарэктным выкарыстаньне домам “Парагіс” у сваіх мэтах брэнду Шагала і брэнду Нацыянальнага музэю.

Унучка Шагала Мэрэт Мэйер-Грабэр назвала фальшыўкай карціну, якую як невядомую жывапісную работу Шагала прадалі ў Менску на аўкцыёне дому “Парагіс” за 650 тысяч даляраў.

Гэткае ж меркаваньне падзяляе і дырэктарка музэю Шагала ў Віцебску Людміла Хмяльніцкая.

(Хмяльніцкая: ) “Яна зьявілася ня раптам, не ў адным Менску. Яна шмат гадоў гуляла па Маскве, і ў Эўропе яе бачылі. І спадарыня Мэрэт Мэйер-Грабэр бачыла яе ў Парыжы. Шагалаўскі камітэт у Парыжы ведае гэтую працу. Яны зрабілі заключэньне, што гэта фальшывая праца, і пра гэта было паведамлена ўладальнікам аўкцыёну. Такога ж меркаваньня прытрымліваюцца супрацоўнікі Трацякоўскай галерэі ў Маскве, экспэрты, якія некалькі гадоў таму мелі шчасьце бачыць гэтую працу”.

Выканаўчая дырэктарка аўкцыённага дому “Парагіс” Людміла Конанава сьцьвярджае, што ўнучка Шагала ня бачыла гэтага твору.

(Конанава: ) “Яна ня бачыла гэтай працы на свае вочы, і таму рабіць такія заключэньні, напэўна, проста нелягічна. У Шагалаўскім камітэце свая палітыка. Ім цікава зьбіраць па сьвеце ўсе працы па танных коштах, таму я не хачу ў гэта ўнікаць, мне гэта проста не цікава. Мы робім усё ў адпаведнасьці з нашым плянам. Работа мае экспэртнае заключэньне, яна аўтэнтычная. А камітэт Марка Шагала надаў сабе тыя правы, якія за ім ня ўсе яшчэ і прызнаюць”.

Паведамляецца, што экспэртнае заключэньне для дому “Парагіс” зрабіў прыватны экспэрт з Санкт-Пецярбургу Арсені Сагальчык. Першапачаткова аўкцыённы дом прапаноўваў набыць нібыта невядомую жывапісную работу Марка Шагала Нацыянальнаму мастацкаму музэю Беларусі.

Распавядае дырэктар музэю Ўладзімер Пракапцоў:

(Пракапцоў: ) “Яны зьвярталіся, але ж я сказаў, што ў нас такіх грошай няма, і сёньня ў мяне ёсьць праблемы іншыя. Больш за тое, яны зьвярталіся да мяне з прапановай, каб мы далі экспэртызу. Але мы ня робім такіх экспэртызаў. Гэта робіць толькі Трацякоўская галерэя, Расейскі музэй і Цэнтар Шагала ў Парыжы. Гэта яны проста выкарыстоўвалі брэнд Нацыянальнага мастацкага музэю, каб падвысіць узровень гэтага аўкцыённага лота. І я думаю, што рэальнага пакупніка не было, быў віртуальны пакупнік — з мэтай, каб падвысіць прэстыж аўкцыённага дому “Парагіс”. За такія рэчы вельмі сур’ёзныя разборкі потым адбываюцца, калі падсоўваюць падробку. Такімі брэндамі не жартуюць, як Нацыянальны мастацкі музэй, і як брэнд Шагала”.

Старшынём мастацкай рады аўкцыённага дому “Парагіс” быў мастацтвазнаўца і сябра Беларускага саюзу мастакоў Мікола Паграноўскі.

(Паграноўскі: ) “Я паводзіў сябе даволі карэктна — як для таго, так і для другога боку. Афіцыйна я не заявіў, што гэта не Шагал, і афіцыйна я не заявіў, што гэта Шагал. Што тычыцца ўсяго астатняга, то няхай з гэтым юрысты разьбіраюцца”.

Першапачаткова стартавы кошт работы, якую выстаўлялі на перадаўкцыённай выставе як жывапісны твор Шагала, складаў 250 тысяч даляраў. На самім аўкцыёне стартавы кошт узрос ужо да 450 тысяч і дайшоў да 650 тысяч даляраў.

Паведамлялася, што за гэты лот змагаліся пяцёра пакупнікоў. Супрацоўнікі дому “Парагіс” сьцьвярджаюць, што карціну набыў жыхар Беларусі. Паводле правілаў аўкцыёну, імя ўладальніка набытай карціны не агалошваеццца.

У Беларусі ў музэі Шагала ў Віцебску знаходзяцца графічныя друкаваныя працы Марка Шагала — літаграфіі, дрэварыты, афорты, акватынты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG