Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі малодшага брата Сяргея Скрабца — Аляксандра (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск У Менску міліцыя затрымала Аляксандра Скрабца, малодшага брата аднаго з актывістаў беларускай апазыцыі, кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца, які быў арыштаваны 15 траўня. Аляксандра, як і брата, перавезьлі ў сьледчы ізалятар у Берасьці.

Інфармацыю пра затрыманьне малодшага брата экс-дэпутатата пацьвердзіў Міхаіл Хоміч — адвакат Сяргея Скрабца.

(Хоміч: ) “Арыштаваны брат. Дакладней сказаць, пакуль затрыманы. Сёньня будзе вырашацца яго далейшы лёс”.

(Карэспандэнт: ) “Па той самай справе?”

(Хоміч: ) “Так. Я запрасіў сваю калегу з нашай кансультацыі дапамагаць у гэтай справе”.

Сяргея Скрабца абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва. Сьледзтва лічыць, што былы парлямэнтар падбухторваў беспрацоўнага жыхара гораду Бяроза даць хабар 30 тысяч даляраў супрацоўнікам Берасьцейскіх пракуратуры і абласнога суду, каб тыя паспрыялі вынясеньню апраўдальнага прысуду жыхару вёскі Альшаны. (Пазьней той быў асуджаны на 24 гады пазбаўленьня волі.)

У чым канкрэтна падазраецца малодшы Скрабец, пакуль невядома. Але сьледчыя таксама пацьвярджаюць, што затрыманьне Аляксандра Скрабца зьвязанае менавіта з гэтай справай.

Сяргей Скрабец ад 15 траўня абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць абвінавачаньняў, якія ён лічыць беспадстаўнымі. Сёньня я спытаў адваката Міхаіла Хоміча, ці працягвае экс-дэпутат галадоўку. Адвакат ня змог даць дакладнага адказу, паколькі ня бачыў Сяргея Скрабца ўжо некалькі дзён:

(Хоміч: ) “Перапынак тлумачыцца тым, што я быў у камандзіроўцы па яго справе. А дзесьці сёньня-заўтра буду яго бачыць”.

А ў Берасьцейскім следчым ізалятары па-ранейшаму паведамляюць, што ніякіх заяваў пра галадоўку Сяргей Скрабец нібыта не падаваў:

(Дзяжурны: ) “Заяваў ад зьняволенага Скрабца адносна адмовы ад ежы альбо галадоўкі не паступала”.

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG