Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму замежныя аўтаперавозчыкі пачалі абмінаць Беларусь?


Уладзімер Глод, Менск Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу Беларусь заўжды мела добрыя прыбыткі ад міжнародных транзытных аўтаперавозчыкаў. Аднак апошнім часам транспартныя патокі пацяклі іншым шляхам -- праз Украіну і краіны Балтыі. Перавозчыкі грузаў зь Нямеччыны, Францыі, Нідэрляндаў, іншых дзяржаваў і нават Расеі цяпер згодныя накручваць лішнія кілямэтры, абы толькі не перасякаць Беларусь.

Беларускія дарогі апошнім часам сталі надзвычай неспакойнымі. Ня ў тым сэнсе, што тут зьявіліся рабаўнікі, якія спыняюць кіроўцаў і адбіраюць фуры ды грошы. Гэтую ролю, як кажуць замежнікі, у Беларусі выконваюць дзяржаўныя ўстановы, перадусім мытнікі. Праблема набыла такую актуальнасьць ды сур’ёзнасьць, што да спробаў яе вырашыць актыўна далучыўся амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Блахін. Тое, што адбываецца на беларускіх дарогах, ён назваў здушэньнем транзытнага бізнэсу. І падаў у доказ сваіх словаў гэткія лічбы: "У Беларусі ў 2000 годзе было канфіскавана прадукцыі на 15 мільёнаў даляраў, у 2001 -- на 30, у 2002 -- на 60, у 2003 -- на 95 мільёнаў. Ёсьць фірмы, у якіх па 14-15 фураў канфіскоўвалі. Хто ж пасьля гэтага будзе езьдзіць празь Беларусь?".

Эмацыйна выказаў сваю заклапочанасьць і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі:

(Кучынскі:) "Як магло здарыцца, што транспартныя патокі, якія раней ішлі праз Рэспубліку Беларусь, пайшлі ў абыход нашай краіны? Хто ў гэтым вінаваты? Чаму так адбылося і якія страты панесла эканоміка нашай дзяржавы ад таго, што адбываецца?"

Вось што адказаў на гэтае пытаньне першы намесьнік міністра транспарту й камунікацыяў Мікалай Верхавец:

(Верхавец:) "Транспартныя патокі напрыканцы мінулага году й у пачатку гэтага сапраўды зьмянілі свой напрамак. Міжнародныя аўтамабільныя маршруты крыху зьмяніліся -- у абыход Беларусі, праз Украіну і Балтыю. Гэта тлумачыцца некалькімі абставінамі: вялікімі чэргамі, некаторымі дзеяньнямі нашых дзяржаўных органаў у справе канфіскацыі, я б сказаў, масавай канфіскацыі транспарту на мяжы. Апошнім часам урад даў даручэньне Мытнаму камітэту, Камітэту памежных войскаў ды іншым зацікаўленым арганізацыям унесьці адпаведныя зьмены ды вярнуць патокі назад. Мы прадпрымаем крокі, каб выключыць такія факты, калі за невялікую правіну адбывалася канфіскацыя аўтамабіля альбо яшчэ горш -- рэфрыжыратарнай сэкцыі".

Што да велічыні стратаў, на чым таксама акцэнтаваў увагу дэпутат Кучынскі, дык першы намесьнік міністра не называў ніякіх лічбаў. Ён чамусьці абыйшоў гэтую частку пытаньня. Але я пацікавіўся ў экспэртаў. І вось як ацэньвае выдаткі незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук:) "Безумоўна, абсалютна дакладна гэта падлічыць нельга. Але я думаю, што дзесьці мільёнаў 200 даляраў штогод мы маглі б мець ад транзыту. Маецца на ўвазе ня толькі сам транзыт, але і прыбыткі тых людзей, якія б іх абслугоўвалі".

Паводле зьвестак, якія выдае Мытны камітэт, яго ўнёсак у бюджэт Беларусі, разам з падаткамі, набліжаецца да 35%. Гэта вельмі вялікая лічба. І калі ў мытнікаў існуе плян прыбыткаў, дык, зразумела, яны любым спосабам імкнуцца яго выканаць. Вось на чым, сьцьвярджае той самы спадар Раманчук, і грунтуецца сучасная беларуская палітыка канфіскацыяў.
XS
SM
MD
LG