Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чакаецца прысуд у справе Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца


Любоў Лунёва, Менск Іх абвінавачваюць у арганізацыі дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка 2004 году, у часе правядзеньня якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Суд пачаўся 23 траўня. 24 траўня Міколу Статкевіча арыштавалі за непавагу да суду на 10 сутак.

Штодня яго прывозілі ў суд раніцай і пасьля абеду. Ён адмаўляўся ўставаць перад судзьдзём і яго выдалялі з судовай залі. 27 траўня абвінаваўца папрасіў суд пакараць Паўда Севярынца і Міколу Статкевіча трыма гадамі абмежаваньня волі.

Крымінальная справа супраць Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца за арганізацыю вулічных акцый ня першая ў іх жыцьці. У 1998 годзе супраць Паўла Севярынца была заведзена крымінальная справа за нібыта зрыў канцэрту 2 красавіка на плошчы Якуба Коласа з нагоды падпісаньня саюзнай дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй. Паўла трымалі ў СІЗА, а потым справу спынілі з фармулёўкай: “у зьвязку са зьмяненьнем палітычнай абстаноўкі”. А Міколу Статкевіча ў 2000 годзе судзілі разам з Валерыем Шчукіным за арганізацыю “Маршу Свабоды” 25 кастрычніка. У абодвух выпадках абвінавачваньне сьцьвярджала, што ў часе акцыяў адбываліся масавыя беспарадкі. Статкевіча і Шчукіна пакаралі штрафамі.

Прадстаўнік пракуратуры 27 траўня папрасіў пакараць апазыцыянэраў трыма гадамі абмежаваньня волі. Сёньня павінна прагучаць так званае “апошняе слова” абвінавачаных. Павал скарыстаецца гэтым правам. Міколу Статкевіча напачатку паседжаньня судзьдзя можа зноў выдаліць з судовай залі. Юрысты кажуць, што сама працэдура, калі Міколу Статкевіча трымаюць пад вартай і штодня па два разы на дзень возяць у суд і адразу выдаляюць з судовай залі, – беспрэцэдэнтная. Яны сьцьвярджаюць: з пункту гледжаньня юрыспрудэнцыі гэта абсурдна. Суд не павінен разглядаць крымінальнай справы ў адсутнасьці абвінавачанага. Больш за тое, кожнаму падсуднаму гарантавана права выступіць у спрэчках са сваёй прамовай. Суд ня можа пазбавіць чалавека такой магчымасьці. Гэта прэрагатыва самога падсуднага. Справа выклікае шмат крытыкі. Напрыклад, у абвінавачваньні напісана пра нібыта грубае парушэньне грамадзкага парадку. І адразу даецца тлумачэньне – на некалькі хвілінаў быў перакрыты дарожны рух. Тое, што згодна з загадам міліцыі гарэла чырвонае сьвятло сьветлафора, на абвінавачваньне не паўплывала. Але ўсё роўна за тое, што ня ў тым месцы перайшлі дарогу, ніколі не прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Апрача таго, няма ніводнай скаргі ад жыхароў, што ім заміналі дэманстранты. Кіроўцы грамадзкага транспарту, якіх апыталі ў судзе, ніякіх прэтэнзіяў да дэманстрантаў не выказвалі.

Павал Севярынец гатовы да горшага.

(Севярынец: ) “Паколькі ўвесь гэты працэс палітычны, і паколькі менавіта палітычныя распараджэньні будуць ляжаць у аснове прысуду, мне здаецца, што судзьдзя ўжо нічога асабліва не вырашае. Таму маральна гатовы да таго рашэньня, якое будзе абмяжоўваць мяне перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году. Гэты прысуд будзе сьведчыць аб тым, што ўлада баіцца. Улада баіцца паўтарэньня падзеяў ва Ўкраіне і Грузіі. Улада баіцца беларускай аксамітнай рэвалюцыі. Ну, а мы з Мікалаем Віктаравічам, апрача Бога, не баімся ні гэтай улады, ні гэтых судоў, ні турмы - ніякага пакараньня.”

Сёньня паседжаньне пачнецца з таго, што Міколу Статкевіча, які ўжо 8 дзён трымае галадоўку, прывязуць у суд. Калі яго зноў выдаляць з судовай залі, то прамову будзе казаць толькі адзін Павал Севярынец. Пасьля гэтага судзьдзя мусіць абвесьціць перапынак. Ён можа зачытаць прысуд напрыканцы працоўнага дня, а можа прызначыць для гэтага наступны дзень – 1 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG