Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расьце колькасьць суіцыдаў сярод беларускіх жанчынаў


Сьвятлана Курс, Менск Суіцыдолягі лічаць, што адны з самых частых матываў жаночых самагубстваў – каханьне й сацыяльная неўладкаванасьць. Жанчыны ў 3-6 разоў радзей за мужчын ідуць на суіцыды, але робяць больш незавершаных суіцыдаў, якія грамадзтва няслушна лічыць дэманстрацыйнымі.

Пра свае суіцыдальныя спробы гаворыць 25-гадовая жыхарка Менску.

(Жанчына: ) “Ты адчуваеш сябе непатрэбнай, і тое, што пішаш, ідзе ў стол, і няшчаснае каханьне. У прынцыпе, час ад часу ўзьнікаюць настроі, нават калі ўсё выдатна, усё "шакаладна", супэр. У падсьвядомасьці гэта стаіць. Ты думаеш: “Дзеля чаго ўсё?” Дзеля чаго ты выпінаесься, жывеш, працуеш? Сытуацыя ў краіне складаецца так, што гэта нікому ня трэба".

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы цяпер ставіцеся да той сваёй спробы?”

(Жанчына: ) “Дзякаваць Богу, мне трапіўся добры доктар, стары-стары габрэй. Прыйшоў да мяне ў палату і кажа: “Калі такія як ты, будуць сыходзіць, застануцца толькі тыя, хто ляжыць у наркалягічным аддзяленьні”.

У беларускіх мужчынаў каля 80% самазабойстваў прыпадае на працаздольны век. А больш за 54% жаночых самагубстваў – на пэнсійны. Беларускія мужчыны хочуць разьвітацца з жыцьцём у 6 разоў часьцей за жанчын, але жанчыны зьдзяйсьняюць больш незавершаных суіцыдаў. Чаму – па гэтае пытаньне я зьвярнулася да славутага менскага псыхіятра доктара Ігара Сарокіна.

(Карэспандэнтка: ) “Кажуць, жаночы суіцыд – дэманстрацыйная вэрсія суіцыду”.

(Сарокін: ) “Па вялікім рахунку, любы суіцыд – імкненьне прыцягнуць да сябе ўвагу. Сьцьвярджаць, што заявы жанчынкі, якая пагражае каханаму, што атруціцца – дэманстрацыя, значыць, браць на сябе завялікую адказнасьць. 10% парасуіцыдэнтаў урэшце гіне ад суіцыду. Бальшыня парасуіцыдэнтаў – жанчыны. А мужчына, калі наважыўся, робіць гэта сур’ёзна і не пакідае сабе шанцу на выратаваньне”,

Паводле доктара Сарокіна, самагубства – заразная хвароба, нават дэманстрацыйныя суіцыды ўрэшце паланяюць душу чалавека і вядуць да пагібелі. Суіцыдальныя настроі заражаюць і навакольных.

Асаблівасьці жаночай псыхікі – зварот назьбіранай агрэсіі на сябе (паводле схемы самаабвінавачаньне — самапакараньне”), нецярпімасьць да эмацыйнай беднасьці штодзённых дачыненьняў – асабліва спрыяюць ўзьнікненьню перадсуіцыдальнага стану. Гэта пашыраная думка сярод спэцыялістаў Важна заўважыць стан чалавека і дапамагчы.
XS
SM
MD
LG