Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абнаўляецца база сховішчаў на выпадак катастрофы


Іна Студзінская, Менск Увесь мінулы тыдзень у Беларусі хадзілі чуткі пра падвышэньне радыяцыйнага фону. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў пачало бадзёра супакойваць беларускіх грамадзянаў: у краіне ўсё ў парадку. На выпадак надзвычайнага становішча, тэхнагеннай катастрофы, сховішчы грамадзянскай абароны гатовыя разьмясьціць усіх грамадзянаў краіны, і грамадзяне будуць своечасова папярэджаны.

Спачатку прапаную паслухаць, што думаюць на гэты конт грамадзяне Беларусі:

(Карэспандэнтка: ) “Ці верыце Вы, што ў надзвычайнай сытуацыі ці пры тэхнагеннай катастрофе народ своечасова папярэдзяць, разьмесьцяць у сховішчы?”

(Спадарыня: ) “Сумняюся. Сумняюся ў хуткасьці рэакцыі нашага ўраду”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці верыце вы, што падрыхтаваныя сховішчы, што ўсё ў парадку?”

(Спадарыня: ) “Не, я ня веру, і мне здаецца, што ўсе гэтыя сховішчы існуюць у абмежаванай колькасьці і ўвесь народ туды ня зьмесьціцца”.

(Спадар: ) “Усялякія тэхнагенныя катастрофы і ўсялякія прыродныя катаклізмы зьяўляліся зьнянацку, нават калі пра іх было вядома загадзя. Так што наўрад ці тут будзе зроблена нешта своечасова”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці верыце Вы, што ў нейкай надзвычайнай сытуацыі беларускі народ будзе своечасова папярэджаны і ўсіх зьмесьцяць у нейкія сховішчы, што ўсё ў парадку?”

(Спадар: ) “Я думаю, што ўсё можа быць у пляне рэакцыі ўладаў. Усё будзе залежыць ад уладаў ў залежнасьці ад маштабаў катастрофы ці нейкіх дзеяньняў. Думаю, што ўсё будзе залежыць ад таго, наколькі выгодна гэта ўладам, вось і ўсё”.

Літаральна ўчора інфармацыйная агенцыя “Інтэрфакс” паведаміла (са спасылкай на Міністэрства надзвычайных сытуацыяў), што сховішчы грамадзянскай абароны ў стане разьмясьціць усіх грамадзянаў адначасова. Прычым сховішчы разьмешчаныя такім чынам, што ў іх могуць схавацца грамадзяне паводле прынцыпу пражываньня (у непрацоўны час) і паводле прынцыпу месца працы. Але супрацоўнік Упраўленьня грамадзянскай абароны патлумачыў наступнае:

(Супрацоўнік штабу грамадзянскай абароны: ) "Прыкладна 60% насельніцтва можна схаваць адразу. На ўсё насельніцтва краіны ў нас абарончых збудаваньняў не хапае. Таму ў сельскіх раёнах, калі там нешта адбудзецца, будуць выкарыстоўвацца заглыбленыя збудаваньні, склепы… У Менску абарончых збудаваньняў дастаткова. Плюс мэтро. Тры станцыі мэтро можна аднесьці да абарончых збудаваньняў, астатнія станцыі зьяўляюцца толькі процірадыяцыйнымі сховішчамі”.

Супрацоўнік Упраўленьня грамадзянскай абароны ўдакладніў, нагадаю, што прыкладна працэнтаў 60 насельніцтва можна схаваць амаль адразу – паводле нарматываў, цягам 7 гадзін (патрэбна ўсё арганізаваць, каб панікі не было, каб мэдпэрсанал быў падрыхтаваны, забясьпечыць адзеньнем, харчаваньнем…), астатніх - у лепшым выпадку праз суткі.

А вось меркаваньне экспэрта ў пытаньнях абароны, аглядальніка тыднёвіка “Белорусский рынок” Аляксандра Алесіна.

(Алесін: ) “Будаўніцтва новых дамоў не прадугледжвае стварэньня бомбасховішчаў. Так што я моцна сумняюся, што ёсьць дастатковая колькасьць сховішчаў на ўсё насельніцтва. Дарэчы, і тыя сховішчы, якія былі, прыйшлі ў тэхнічную няспраўнасьць. Там ёсьць складаныя фільтравэнтыляцыйныя ўстаноўкі, дызэль-генэратары, многае раскралі. Казаць пра тое, што ў нас усё падрыхтаванае, у выпадку, калі ўзьнікне надзвычайная сытуацыя ці ў асаблівы пэрыяд, я не рызыкну. Гэта ўсё надзвычай дорага, неабходна ўкладаць вялікія грошы ў падтрыманьне гэтай інфраструктуры”.

Дарэчы, і супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў скардзяцца, што “цягам 17 гадоў у бомбасховішчы ды іншыя абарончыя збудаваньні не было ўкладзена ані рубля”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG