Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Рар: "Ідэя вялікай, палітычна моцнай Эўропы выношвалася тысячагодзьдзе"


Юры Дракахруст, Прага Ці прывядуць вынікі францускага рэфэрэндуму да дэзынтэграцыі Эўразьвязу? Ці можа можна сказаць, што францускае "не" правядзе да працяглага замарожваньня працэсу пашырэньня Зьвязу? На гэтыя пытаньні адказаў у інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік аддзелу краінаў СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.

(Дракахруст: ) "Спадар Рар, нехта ў свой час сказаў, што інтэграцыя падобная на ровар – калі яна ня рушыць наперад, яна падае. Ці можна чакаць, што ў выніку францускага "не!" Канстытуцыі адзінай Эўропы пачне разбурацца нават той узровень інтэграцыі краінаў Эўразьвязу, які быў дасягнуты да мінулай пятніцы?"

(Рар: ) "Паніку разводзіць ня варта, але нешта ў вашым пытаньні ёсьць. Мне здаецца, што ёсьць рызыка, што інтэграцыйныя працэсы істотна прыпыняцца, затармазяцца, можа нават замарозяцца.

Небясьпека такая ёсьць, але больш цьвяроза было б казаць пра нейкую паўзу, якую Эўразьвяз вымушана бярэ ня толькі ў пытаньнях перабудовы і пашырэньня, але і ў пытаньні таго, як гэтую новую Эўропу можна "прадаць" народам, як зрабіць гэтую ідэю ізноў прывабнай для большасьці эўрапейцаў.

Ня толькі ў Францыі, але і шмат у якіх іншых эўрапейскіх краінах ёсьць нямала незадаволенасьці тым, як разьвіваецца Эўразьвяз – ён занадта збюракратызаваны. Галасы французаў, пададзеныя супраць – гэта перш за усё галасы супраць бюракратычнай сыстэмы, якая была збудаваная ў Эўрапейскім Зьвязе. Сыстэмы, якая незразумелая і занадта дарагая.

І калі людзі разьлічваюць на тое, што іх эканамічнае становішча будзе пагаршацца, яны больш схільныя давераць нацыянальным урадам, а не нейкаму Брусэлю, які, на іх погляд, няшмат для іх зрабіў".

(Дракахруст: ) "У некаторых камэнтарах адзначаецца, што французы, якія выказаліся супраць Канстытуцыі "вялікай Эўропы", у той самы час прыхільна ставяцца да паскарэньня інтэграцыі ў межах старой Эўропы, скажам, інтэграцыі франка-нямецкай ці ў межах формулы: Францыя + Нямеччына + краіны Бэнілюксу.

Прыгадваецца, што пра магчымасьць менавіта такога варыянта казаў летась прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. Ці ня можа стаць вынікам францускага рэфэрэндуму стварэньне "двухпавярховага" Эўразьвязу або Эўразьвязу "розных хуткасьцяў", дзе ёсьць клюб абраных і шараговыя сябры?"

(Рар: ) "Цалкам імаверна, што будучы Эўрапэйскі Зьвяз у бліжэйшыя 10-20-30 гадоў будзе сапраўды пабудаваны, як матрошка: будуць 3-4 дзяржавы, зацікаўленыя ў самай шчыльнай інтэграцыі, іншыя – толькі ў эканамічнай, яшчэ нехта – у нейкіх прамежкавых формах.

Эўразьвяз можа рушыць і па гэтым шляху, але тут ёсьць калясальныя праблемы. У Эўразьвязе могуць зьявіцца "шэрыя зоны”, асабліва гэта тычыцца тых краінаў, якія не патрапілі ў Зьвяз ці толькі што увайшлі ў яго, і маюць патрэбу ў палітычнай падтрымцы з боку старых сябраў Зьвязу.

Яны могуць не атрымаць гэтай падтрымкі, калі Эўропа будзе ісьці да аб''яднаньня на розных хуткасьцях. Другі момант – трэба разумець, што "не!" аб''яднанай Эўропе сказала Францыя, якая 50 гадоў выношвала гэтую ідэю і разам зь Нямеччынай выступала за яе пабудову.

Францыя цяпер пры любым прэзыдэнце – Шараку ці іншым – ужо ня можа выступаць маторам інтэграцыі, яны выходзіць з гульні, застаюцца немцы, якія знаходзяцца таксама на мяжы перамены ўлады. І шмат якія ключавыя пытаньні, скажам, тое ж уступленьне ў Эўразьвяз Турэччыны, будуць разглядацца зусім інакш, чым пры цяперашнім урадзе.

Наперадзе шмат крызысаў і ў найлепшым выпадку мы будзем казаць пра гістарычную паўзу, якую Эўразьвяз вымушаны ўзяць. У горшым выпадку мы будзем казаць пра поўнае замарожваньне інтэграцыйных працэсаў, пра тое, што Эўразьвяз аказаўся няздольным перайсьці ад эканамічнага саюзу да палітычнага саюзу, які ў будучыні мог бы ператварыцца ў Злучаныя Штаты Эўропы".

(Дракахруст: ) "Некаторыя экспэрты прагназуюць, што ў выніку францускага рэфэрэндуму ня толькі пляны, але і нават размовы пра далейшае пашырэньне Эўразьвязу будуць спыненыя. Ці падзяляеце Вы гэты прагноз?"

(Рар: ) "Мне усё ж здаецца, што Эўразьвяз ня мае альтэрнатывы, акрамя пашырэньня і адбудовы сябе як палітычнага саюзу. Што альтэрнатыва гэтаму? Стары Захад-крэпасьць, які не пускае ў адзіную цывілізацыю румынаў, баўгараў, украінцаў, беларусаў, малдаванаў, а потым грузінаў, армянаў, азэрбайджанцаў?

Я думаю, што тыя людзі, якія сёньня гавораць (прычым заўважу – дастаткова ціха), што трэба прыпыніць пашырэньне Эўразьвязу, ня думаюць палітычна – яны думаюць страўнікам.

Але гісторыя робіцца ня толькі эканамічным шляхам, патрэбныя вялікія ідэі, такія як ідэя вялікай, палітычна моцнай Эўропы. Гэтай ідэя узьнікла не пасьля Другой усясьветнай вайны, яна выношвалася тысячагодзьдзе. Я мяркую, народы да гэтага прыйдуць.

Я мяркую, што Эўразьвяз будзе аб''ядноўвацца ня толькі на эканамічным падмурку, а на падмурку бясьпекі. Міжнародны тэрарызм, ісламскі тэрарызм пагражае усёй Эўропе, і Расеі, і Беларусі, і Ўкраіне, калі не наўпрост, то ускосна – напэўна.

Думаю, што праз 20-30 гадоў у тых народаў, якія лічаць сябе эўрапейцамі, ня будзе іншага выйсьця, як нават не падмурку каштоўнасьцяў, а на падмурку бясьпекі, аб''яднацца ў супольнасьць. І мы убачым новы Эўрапэйскі Зьвяз узору 2020 году".

Гл. таксама • Вынікі францускага рэфэрэндуму камэнтуюць у Менску • Guardian: "Тое што французы сказалі "не!" Эўропе – такі ж парадокс, як тое, калі б расейцы адмовіліся ад гарэлкі" • Ці выкліча крызыс у Эўропе вынік францускага рэфэрэндуму?
XS
SM
MD
LG