Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя спрабавала зрабіць ператрус ў кватэры Караля


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міліцыянты спрабавалі зрабіць ператрус ў кватэры рэдактара газэты “Згода” Аляксея Караля. Супрацоўнікі міліцыі зьявіліся сёньня з ордэрам да рэдактара газэта “Згоды”. Гэта была ўжо другая спроба зрабіць ператрус ў кватэры вядомага палітыка.

30 траўня ў другой палове дня да рэдактара газэты “Згода” Аляксея Караля прыйшлі з міліцыі. У міліцыянта быў ордэр пракуратуры на агляд кватэры. Таксама супрацоўнік міліцыі цікавіўся ліцэнзіяй на выпуск газэты “Згода” і выпускамі газэты. Калі ўвечары я патэлефанаваў Аляксею Каралю, ён паведаміў, што ператрусу ўдалося пазьбегнуць.

Дапамагло тое, што ў ордэры не было пазначана, якія прылады злачынства трэба шукаць падчас агляду, а гэта ёсьць парушэньнем закону. Рэдактар “Згоды” не выключае, што ў міліцыі яшчэ раз паспрабуюць правесьці ператрус у ягонай кватэры

Нагадаю, два месяцы таму пракуратура завяла крымінальную справу паводле артыкулу аб зьнявазе прэзыдэнта на старонках “Згоды”. Падставай сталі гумарыстычныя каляжы, якія надрукавала газэта. Гэтыя каляжы потым былі канфіскаваныя ў рэдакцыі разам з кампутарамі, на якіх журналісты рыхтавалі газэту.

Кампутары газэце дагэтуль не вярнулі. Працяглы ціск на газэту “Згода” рэдактар, вядомы апазыцыйны палітык Аляксей Кароль зьвязвае адразу з некалькімі фактарамі.

(Кароль: ) “Гэта ёсьць звычайнай практыкай перасьледу апазыцыйных мэдыяў напярэдадні будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Другое, магчыма, гэта зьвязана з маёй палітычнай дзейнасьцю. І трэцяе, яны зараз вельмі баяцца альтэрнатыўных каналаў інфармацыі, якія выкрываюць хлусьню афіцыйных мэдыяў”.

Пасьля канфіскацыі рэдакцыйных кампутараў пэўны час “Згода” не выходзіла, але нядаўна выпуск газэты аднавіўся. Аляксей Кароль кажа, што гэта адбылося дзякуючы журналісцкай салідарнасьці і падтрымцы чытачоў.

У пракуратуры Менску кажуць, што крымінальная справа адносна “Згоды” не закрытая і ад камэнтароў адмаўляюцца.

***

Штотыднёвік “Згода” выходзіць ужо 13 гадоў. Ад пачатку гэта было выданьне беларускіх сацыял-дэмакратаў, у апошнія гады газэта набыла больш шырокае кола чытачоў. “Згоду” нязьменна рэдагуе вядомы палітык Аляксей Кароль.
XS
SM
MD
LG