Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэуле крытыкуюць беларускую сытуацыю ў галіне СМІ


Алена Струвэ, Менск “Беларускае кіраўніцтва належыць да тых урадаў, якія найбольш жорстка падаўляюць свабоду прэсы, а ўмовы, у якіх працуюць незалежныя беларускія журналісты зьяўляюцца аднымі з самых складаных”, пра гэта гаварылася сёньня ў Сэўле ў часе адкрыцьця 58-га Міжнароднага кангрэсу ўсясьветнай газэтнай асацыяцыі (WAN).

Напярэдадні аргкамітэт Кангрэсу распаўсюдзіў сярод дэлегатаў – выдаўцоў і галоўных рэдактараў з 80 краінаў сьвету традыцыйную гадавую справаздачу WAN пра стан друкаваных мэдыяў у сьвеце і пра ўмовы працы журналістаў розных краінаў.

Як вынікае з дакумэнту, “хаця фармальна Канстытуцыяй Беларусі замацаванае права на свабоду слова, улады па-ранейшаму ня церпяць крытыкі. Для таго, каб здушыць апазыцыйныя СМІ, яны нярэдка выкарыстоўваюць пазовы пра паклёп, розныя фінансавыя мэханізмы, перасьледуць журналістаў”.

Паводле экспэртаў WAN, разам з урадамі Зымбабвэ, Кітая, Кубы, Нэпалу, Туркмэністану і Эрытрэі, кіраўніцтва Беларусі дэманструе найбольш жорсткія парушэньні ў галіне свабоды прэсы і адмаўляецца падзяліць манаполію на інфармацыю.

У справаздачы прыводзяцца шматлікія факты такіх парушэньняў, рэзка крытыкуецца хада расьсьледаваньня крымінальнай справы па забойстве журналісткі газэты “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай.

Паводле прэзыдэнта Ўсясьветнага форуму галоўных рэдактараў Джорджа Брока, які зьяўляецца прадстаўніком "The Times", (гэтая імпрэза таксама стартавала сёньня ў рамках сэульскага кангрэсу), Беларусь належыць да краінаў з найбольш складанай сытуацыяй у галіне свабоды слова.

Як лічаць дэлегаты сустрэчы – прадстаўнікі выдавецкіх групаў “Гольцбрынк” (Нямеччына) і “Эдыпрэс” (Швайцарыя) – у Эўропе няма ніводнай іншай краіны, дзе б журналістам пагражала турэмнае шматгадовае зьняволеньне за крытычныя рэпартажы пра прэзыдэнта.

Паводле нямецкага рэдактара і выдаўца спадара Грабнэра, сытуацыя зь беларускай прэсай ня можа не выклікаць клопату ў эўрапейцаў.

(Грабнэр: ) “Прэзыдэнт Беларусі вельмі зацікаўлены ў разьвіцьці свайго аўтарытарнага рэжыму. Мы ведаем, што ў гэтае краіне працуюць таленавітыя незалежныя журналісты, ляўрэаты міжнародных прэміяў, дзейнічае вельмі моцная і прафэсійная незалежная журналісцкай арганізацыя БАЖ, аднак ціск, які аказваецца на гэтых сьмелых людзей, надзвычайны”.

Паводле аргкамітэту Кангрэсу, на сустрэчы ў Сэуле акрэдытаваная самая вялікая колькасьць удзельнікаў – звыш за 1000 рэдактараў і выдаўцоў. Запрашэньні рассылаліся літаральна ва ўсе краіны сьвету. Упершыню прыехала вялікая колькасьць прадстаўнікоў з Расеіі і іншых постсавецкіх краінаў.

“Але ж… – гаворыць прадстаўніца аргкамітэту. – ...прабачце, аднак прадстаўнікоў Беларусі я не магу знайсьці. Расейскіх рэдактараў шмат. Але беларускіх імёнаў я не магу знайсьці ў сьпісе”.

Як паведамілі Свабодзе ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, такое запрашэньне ў арганізацыю, сапраўды, прыходзіла. Аднак рэдактары незалежных выданьняў былі вымушаныя адмовіцца з-за вельмі высокіх выдаткаў на паездку. Адно толькі ўступны ўнёсак дэлегата – больш за тысячу эўра. Пры тым, што такія імпрэзы, як сёлетняя ў Сэуле, вельмі карысныя з гледзішча разьвіцьця выдавецкай справы.

На працягу чатырох дзён тут будуць прэзэнтавацца эксклюзіўныя дасьледаваньні па газэтных накладах, клясыфікаванай рэкляме, распаўсюджаньню выданьняў і гэтак далей. Весьці паседжаньні будуць вядучыя адмыслоўцы з самых цікавых і авангардных выданьняў сьвету.
XS
SM
MD
LG