Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Колькі можна чакаць, пакуль Захад вызваліць нас ад дыктатуры?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці варта чакаць, што дэмакратычныя зьмены прыйдуць у Беларусь звонку, з-за мяжы, бязь дзейснага ўдзелу саміх беларускіх грамадзянаў? З адказу на гэтае пытаньне, які даслаў у сваім лісьце на “Свабоду” наш віцебскі слухач Аляксей Сёмкін, і пачну сёньняшнюю размову.

“Даўно ўжо настаў час, каб Захад зрабіў больш рашучыя крокі дзеля перамогі дэмакратыі ў Беларусі. Колькі мы можам тут пакутаваць, заставацца адзінай дыктатурай у цэнтры Эўропы? Я хачу жыць у Беларусі, якая стане часткай Эўразьвязу. Хачу без усялякіх візаў падарожнічаць па сьвеце, езьдзіць на заробкі ў Нямеччыну, а не на падмаскоўныя будоўлі, дзе беларусаў прыніжаюць і падманваюць. Хачу, каб зь беларусаў у сьвеце не пасьмейваліся, а паважалі і ўспрымалі як роўных. Але часам мне здаецца, што гэтага ніколі ня будзе. Бо апроч словаў, з боку Захаду няма ніякіх рашучых крокаў, каб мы сталі вольнымі”.

А якія, спадар Сёмкін, намаганьні прыклалі асабіста вы дзеля таго, каб вашае жаданьне зьдзейсьнілася? Вядома, вонкавапалітычны фактар для такой невялікай і эканамічна залежнай краіны, як Беларусь, надзвычай важны. Уплыў суседніх краінаў, меркаваньне магутных супэрдзяржаваў, палітычныя і эканамічныя санкцыі — гэта вельмі дзейсныя інструмэнты ўзьдзеяньня. Але галоўны, вырашальны чыньнік — усё ж сам народ, ягонае імкненьне да зьменаў у сваёй краіне, ягоная гатовасьць прыкласьці дзеля гэтых зьменаў уласныя намаганьні. Без гэтага свабоды і дэмакратыі не дасягнула ніводная нацыя.

Вялікі ліст даслала нам Вольга Маскалёва з Воршы. Пад лістом падпісаліся таксама яе аднадумцы — Ніна Аскера зь Віцебску, Ганна Севасьцьянава з Гомелю і Ганна Чупырка зь Менску. Ва ўсіх гэтых жанчын падобны лёс: дзяцінства выпала на час вайны. Бацькі загінулі. Далей чакаў дзіцячы дом, пра які яны сёньня ўспамінаюць з жахам. Цытую ліст:

“Гэта былі сталінскія спэцыяльныя дзіцячыя дамы, у прыстасаваных памяшканьнях, з казённым казарменна-муштравым рэжымам. Прычым, трымалі нас там толькі да 14 год. За гэты час дзіця не пасьпявала атрымаць нават пачатковую адукацыю, акрыяць ад голаду. А яго ў прымусовым парадку, не пытаючы пра ягоныя жаданьні і схільнасьці, выштурхоўвалі без усялякіх сродкаў да існаваньня ў спэцыяльна адкрытыя для сіротаў фабрычна-заводзкія і рамесныя вучэльні. Як сьляпых кацянят, нас выкідвалі на рынак непасільнай фізычнай працы. Пры гэтым не ішло ніякай размовы нават пра сацыяльную пэнсію ў сувязі са стратай кармільца”.

Далей у сваім лісьце Вольга Маскалёва з Воршы расказвае, што чакала былых дзятдомаўцаў потым, у дарослым жыцьці. Яна піша:

“Па сутнасьці, мы былі асуджаны на самавыжываньне. Злавесны ярлык “дзятдомаўца” захоўваўся за намі доўгія гады. Без бацькоўскай падтрымкі, без уласнага кутка, без сур’ёзнай адукацыі — на што мы маглі разьлічваць? Толькі на цяжкую нізкааплатную працу. А цяпер чыноўнікі заяўляюць нам, што нас, маўляў, “вырасьціла і выхавала дзяржава”.

Вольга Маскалёва і яе аднадумцы дамагаюцца, каб дзяржава кампэнсавала ім маральныя і матэрыяльныя страты за гады дыскрымінацыі. Але безвынікова. Зь Міністэрства сацыяльнай абароны ім паведамілі: закон “Аб вэтэранах” на такіх, як яны, не распаўсюджваецца. Льготы і пэнсіі належаць толькі тым дзецям загінулых салдат і партызан, якія ў свой час атрымлівалі пэнсіі з нагоды страты кармільца. А дзятдомаўцам такіх пэнсіяў не давалі. На падставе гэтага Вольга Маскалёва робіць наступную выснову:

“Спачатку нас выключылі з закону “Аб вэтэранах”, а потым выкрасьлілі з гісторыі краіны, якую мы, сіроты, паднімалі з руін і попелу з 14-гадовага ўзросту. Нават нямецкі Бундэстаг прызнаў перад усім сьветам сваю адказнасьць за злачынствы папярэдняга рэжыму, і робіць усё магчымае, каб дапамагчы ахвярам фашызму. А ў беларускага прэзыдэнта ёсьць толькі адзін узьведзены ў культ “баявы атрад” вэтэранаў вайны. На тых, каму яны абавязаныя сваім мірным сёньняшнім жыцьцём, яны не ўспамінаюць”.

Сапраўды, столькі публічных клятваў у “вечнай памяці” аб палеглых на вайне гучала ў апошнія месяцы і з высокіх трыбунаў, і на шматлікіх шэсьцях, сходах ды мітынгах. А дзеці гэтых ахвяраў і герояў вайны, застаўшыся ў пасьляваенны час круглымі сіротамі, аказваецца, адчуваюць сябе абдзеленымі нават у параўнаньні з тымі сваімі равесьнікамі, у якіх хаця б адзін з бацькоў застаўся жывы, а таму сям’я магла атрымліваць пэнсію. Такім жа, як Вольга Маскалёва, пэнсіяў тады не давалі. Сталінскі рэжым лічыў, што іх і так забясьпечылі ўсім неабходным: жалезным ложкам у інтэрнаце, рабочай спэцоўкай, лыжкай кашы і пачатковай адукацыяй з пэрспэктывай пажыцьцёвай працы на будоўлях камунізму.

І вось жа: што замінае чыноўнікам цяпер, праз 60 год пасьля вайны, справядліва паставіцца да гэтых немаладых ужо людзей, якія столькі крыўдаў цярпелі ў сваім жыцьці? Але ж не: раз сталінскі рэжым не плаціў ім пэнсіі — ня плаціць і цяперашняя беларуская ўлада. Пераемнасьць…

Урывак зь ліста Зыгмунта Дзякевіча зь вёскі Пянценішкі Воранаўскага раёну. Слухач, разважаючы пра ўрокі і наступствы другой усясьветнай вайны, піша:

“Мінулае стагодзьдзе было крывавым, супярэчлівым і самым складаным у гісторыі чалавецтва. І мяняць штосьці цяпер, раскладваць па палічках, даваць ацэнкі — што нам падабаецца, а што не — гэта, на маю думку, самае вялікае глупства. Гэта пройдзены адрэзак гісторыі. Вярнуць назад нічога нельга, як бы таго камусьці ні хацелася. Такі быў час, і ўсе дзяржавы сьвету жылі паводле тых законаў, якія навеялі час і лёс. Навошта цяпер кагосьці асуджаць. Што казаць, калі нават і цяпер, у ХХІ стагодзьдзі, мы бачым праявы фашызму. Мне сумна і балюча, калі бачу моладзь, якая не імкнецца бараніць сваю радзіму, а імкнецца разьвязаць вайну”.

Цяжка сказаць, спадар Дзякевіч, што за моладзь вы маеце на ўвазе, якая, паводле вашых словаў, “імкнецца разьвязаць вайну”. А вось наконт таго, ці варта даваць ацэнкі мінулым падзеям, спрабаваць разабрацца ў іх — тут вы, на маю думку, ня маеце рацыі. Зусім ня ўсе дзяржавы сьвету нават у самы змрочны час, калі набіралі моц дыктатарскія рэжымы, жылі паводле аднолькавых законаў. Так, былі фашысцкія дыктатуры ў Нямеччыне ды Італіі, бралі зь іх прыклад многія аўтарытарныя кіраўнікі ў невялікіх усходнеэўрапейскіх краінах; на гвалце, крыві і няпраўдзе трымалася сталінская камуністычная дыктатура. Але ў той жа час справядлівую вайну за вызваленьне сьвету ад фашызму вялі вялікія дэмакратыі — Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія, Францыя. І яны ўрэшце перамаглі, хоць канчатковай перамогі дэмакратыі на ўсім эўрапейскім кантынэнце давялося чакаць яшчэ доўгія пяцьдзясят гадоў пасьля вайны.

На заканчэньне электронны ліст ад Яўгена Лёсіка зь Менску:

“Прывiтаньне, “Свабода”! Даведаўся праз вашае радыё пра выданьне дапаможнiка клясычнага правапicу. Падтрымлiваю гэтую працу і людзей, што ўзялi на сябе адказнасьць за стварэньне адзiнага нацыянальнага правапicу. Лiчу, мы ўсе павiнны БЕЗУМОЎНА прыняць гэты правапiс як адзiны. Гэта адзiны выдадзены дапаможнiк — iншага дагэтуль не існавала. А каменныя афiцыйнiкi разам са сваймi аўтарытэтамi хай пiшуць, як хочуць. Іх, напэўна, нiякiмi аргумэнтамi не пераканаць. І думкi пра зьліцьцё афiцыйнага і клясычнага правапiсаў абсалютна марныя й непатрэбныя. Павiнна адбывацца чыстае прыняцьцё клясычнага правапiсу без анiякага зьлiцьця. Ды і icнаваньне двух правапiсаў дапушчальнае, абы толькi iх не было больш. І анiякiх падзелаў грамадзтва ды сварак тут ня будзе. З-за чаго сварыцца, навошта? Няхай людзi пiшуць, як хто хоча, як каму падабаецца, як хто лiчыць правiльным. Праблемаў правапiсу няма: ёсьць праблемы ў каменных галовах людзей. Таму і зычу такiм хворым людзям найхутчэйшага выздараўленьня”.

Мы, спадар Лёсік, падрабязна паведамлялі пра выданьне сучаснага збору правілаў беларускага клясычнага правапісу, давалі слова і прыхільнікам ягоным, і апанэнтам, якія лічаць, што ён паглыбляе сытуацыю расколу беларускае мовы. Адметна, што ні адны, ні другія не падзяляюць вашай высновы наконт таго, што людзі могуць пісаць так, “як хто хоча, як каму падабаецца, як хто лічыць правільным”. Нормы павінны існаваць, інакш будзе памнажацца непісьменнасьць альбо паўпісьменнасьць. І ў кожным разе гэта не на карысьць беларускай мове, яе прэстыжу і пэрспэктывам, пашырэньню колькасьці яе носьбітаў. Асабліва ўлічваючы той складаны пэрыяд, які пачаўся пасьля рэфэрэндуму 1996 году, калі беларускую мову зноў пачалі выціскаць з усіх сфэраў грамадзкага ўжытку, і найперш з адукацыі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG