Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 траўня памёр Яўхім Лялевель


RFE/RL Каляндар Свабоды – 29 і 30 траўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 30 траўня. Сьпярша – пра каляндар учорашняе нядзелі.

29 траўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Магдалена. “Магдалена, – казалі нашыя продкі, – зязюльку прысылае”.

Што да славутых людзей, з чыім лёсам зьвязаны дзень 29 траўня, дык найперш згадаем Яўхіма Лялевеля – выкладчыка гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту, які выгадаваў цэлую кагорту паўстанцаў 1831 году. Сам прафэсар Лялевель браў чынны ўдзел у тым паўстаньні за незалежнасьць ад расейскага царызму. Вось чаму пасьля задушэньня паўстаньня ён мусіў жыць за межамі Беларусі, у Парыжы і Брусэлі. Там ён пісаў працы з гісторыі і культуры нашага краю. А памёр Лялевель 29 траўня ў 1861 годзе. Ён пахаваны ў Вільні на знакамітых могілках Роса.

І яшчэ адзін слынны беларус пакінуў гэты сьвет 29 траўня – у 1970-м годзе. Гэта Мікола Абрамчык, які быў прэзыдэнтам Рады Беларускае Народнае Рэспублікі на эміграцыі ажно 23 гады.

А спаміж тых, хто нарадзіўся 29 траўня, згадаем Гілбэрта Кіта Чэстэртона, ангельскага пісьменьніка і паэта, якога цяперашнія чытачы найлепей ведаюць як аўтара дэтэктываў, што прыдумаў свайго героя-сьледчага – айца Браўна.

Таксама 29 траўня нарадзіўся наймалодшы ў гісторыі прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэралд Кенэдзі. Але было яму пасьля выбараў 44 гады – усё адно болей, чым першаму і адзінаму пакуль прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі, якога абралі ў 42. Калі працягваць параўнаньне двух кіраўнікоў, дык пабачым, што малады Кенэдзі прыйшоў на прэзыдэнцкую пасаду зь вялікім досьведам у палітыцы. Ажно тры тэрміны дэпутацтва ў амэрыканскім Кангрэсе, пасьля – пасада сэнатара. Праўда, пабыў Кенэдзі прэзыдэнтам усяго два гады, бо загінуў ад кулі забойцы, Лі Гарві Освальда – амэрыканца, які пэўны час жыў у Менску.

Цяпер – пра сёньняшнія памятныя даты.

30 траўня ў 1221 годзе нарадзіўся расейскі князь Аляксандар Неўскі, пераможца крыжакоў у так званым Лядовым пабоішчы. Мала хто ведае, што Аляксандар Неўскі быў зяцем полацкага князя Брачыслава. Гэты факт згадваецца ў беларускай гісторыі ў зьвязку з паходжаньнем герба Пагоня. Гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў піша, што, “Найбольш раньнія выявы Пагоні захаваліся якраз на пячатках Аляксандра Неўскага, які яшчэ Неўскім у той час ня быў”.

А яшчэ 30 траўня сьвяткуе свой дзень народзінаў Вітаўт Кіпель, беларускі гісторык і грамадзкі дзяяч, найлепшы знаўца беларускае эміграцыі ў ЗША. Нарадзіўся спадар Вітаўт у Менску ў 1927 годзе.

Падзеі гісторыі 30 траўня мелі часьцяком драматычны характар. Менавіта ў такі дзень быў спалены на вогнішчы чэскі рэлігійны рэфарматар Еранім Праскі, якога зьвінавацілі ў ерасі. Таксама 30 траўня толькі праз 15 гадоў гарэла на вогнішчы гераіня францускай гісторыі Жанна Д’Арк. Нарэшце, зусім нядаўна, 30 траўня 1999 году ў Менску адбылася трагічная цісканіна на станцыі мэтро “Няміга”, калі загінулі 53 чалавекі.
XS
SM
MD
LG