Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўнікаў далучаецца моладзь (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Пяцёра сяброў “Маладога фронту” і руху “Зубр” далучыліся да галадоўнікаў у Жодзіне. 1 чэрвеня маладафронтаўцы правядуць шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на спыненьне перасьледу апазыцыйнай моладзі ў навучальных установах.

Да галадоўнікаў у Жодзіне далучыліся сябры “Маладога фронту” Ігар Шчэкарэвіч, які цяпер жыве ва Ўкраіне, Валер Мацкевіч з Бабруйску, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч зь Менску і сябра моладзевага руху “Зубр” з Барысава Міхась Кандрашоў. Аб гэтым паведамілі актывісты “Маладога фронту” на прэсавай канфэрэнцыі. Зьміцер Дашкевіч паведаміў Радыё Свабода, што на 1 чэрвеня заплянаваныя пікеты насупраць беларускіх амбасадаў ва ўсіх краінах Эўразьвязу, а таксама ва Ўкраіне і Расеі. Апроч таго, маладафронтаўцы зьбіраюць подпісы вядомых у Беларусі асобаў пад заявай з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзі. 1 чэрвеня яны плянуюць аднесьці заяву ў Міністэрства адукацыі міністру Аляксандру Радзькову і ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Сябры “Маладога фронту” паведамілі, што галадоўка ўжо пачала даваць станоўчыя вынікі: у юрыдычным каледжы пры Белдзяржунівэрсытэце скасавалі адлічэньне Кірыла Шымановіча. Бацькоў запэўнілі, што хлопцу ўручаць дакумэнты аб заканчэньні сярэдняй адукацыі — абы ён спыніў галадоўку. У самім Жодзіне абстаноўка таксама абвастраецца. Гаворыць Зьміцер Дашкевіч, які далучыўся да галадоўнікаў:

(Дашкевіч: ) “Распавядаў Павал Красоўскі, што ўвесь гарвыканкам “на вушах стаіць”. Кіраўнік выканкаму лазіць на апазыцыйныя сайты, бярэ інфармацыю, рассылае раздрукоўкі з сайту Радыё Свабода пра галадоўку ў навучальныя ўстановы. Казаў, што шараговыя супрацоўнікі гарвыканкаму выказваюць словы падтрымкі. Кажуць: “Даўно трэба было іх тут трасануць!”

1 чэрвеня ва Ўкраіне сябры “Нацыянальнага альянсу” правядуць шэраг вулічных акцыяў на знак падтрымкі з апазыцыйнай моладзьдзю ў Беларусі.

Павал Севярынец лічыць, што ўлады наўмысна пачалі дзясяткамі адлічаць апазыцыйна скіраваную моладзь з навучальных установаў, каб пазбавіць іх магчымасьці ўплываць на астатніх навучэнцаў.

(Севярынец: ) “Галадоўка ў Жодзіне, да якой далучаюцца маладыя людзі па ўсёй краіне, і судовы працэс, які відавочна палітычны і ідзе цяпер да завяршэньня, гэта ўсё зьвёны аднаго ланцугу. Гэта ўсё палітычная “зачыстка” перад выбарамі 2006 году. Безумоўна, улады ўбачылі, што ў гэтую вясну моладзь актывізавалася. “Малады фронт” зноў адчуў другое дыханьне і пачаў дзейнічаць так энэргічна і актыўна, як напачатку сваёй дзейнасьці. Вось гэта і выклікала боязь уладаў. Боязь падзеяў, якія адбываліся ў Грузіі, ва Ўкраіне і ў Сэрбіі”.

Беларускія барды заплянавалі канцэрт для галадоўнікаў у Жодзіне. Сябры “Маладога фронту” паведамілі на прэсавай канфэрэнцыі, што вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы ў Беларусі штодня тэлефануюць і час ад часу наведваюць юнакоў у кватэры, дзе яны разам трымаюць галадоўку. Яны таксама паведамілі, што праваабарончыя арганізацыі пакуль ня выявілі цікавасьці да гэтай падзеі.

1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей у Жодзіна выправяцца палітыкі, грамадзкія дзеячы і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, каб падтрымаць галадоўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG