Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці "Балтыка" даруе "Крыніцы" тры з паловай мільёны даляраў? (абноўлены)


Ігар Карней, Менск 30 траўня анансавалася як дата падпісаньня так званага прымірэнчага пагадненьня між менскім броварам “Крыніца” і піваварнай кампаніяй “Балтыка” з Санкт-Пецярбургу. Але “Балтыка” карэктуе заявы кіраўніцтва “Крыніцы” аб падпісаньні прымірэнчага пагадненьня ў справе сьпісаньня 3,5 мільёна даляраў запазычанасьцяў.

Беларускае прадпрыемства ўжо некалькі гадоў вінаватае расейцам 3,5 мільёна даляраў у выглядзе пэні і судовых выдаткаў за вяртаньне крэдыту, аднак рашэньні судоў “Крыніца” ігнаравала на той падставе, што матэрыяльныя прэтэнзіі з боку “Балтыкі” нібыта завышаныя. Праўда, напярэдадні кіраўніцтва беларускага піўзаводу заявіла, што дасягнутыя дамоўленасьці з адміністрацыяй піцерскага бровару пра сьпісаньне запазычанасьцяў. Аднак на самой “Балтыцы” такія зьвесткі камэнтуюць ня так адназначна.

Генэральны дырэктар менскага бровару Рыгор Пяткевіч заявіў, што піцерская “Балтыка” больш ня мае фінансавых прэтэнзіяў да беларусаў, і спрэчныя мільёны будуць сьпісаныя. Сёньня прадстаўнік “Крыніцы” Валеры Каштанаў пацьвердзіў: група спэцыялістаў выправілася ў Санкт-Пецярбург, дзе, маўляў, і плянуецца падпісаць адпаведныя дамоўленасьці.

(Каштанаў: ) “Я ведаю, што нашыя спэцыялісты ў камандзіроўцы…”

Тым часам, прадстаўнік “Балтыкі” Аляксей Кедрын кажа, што расейскае прадпрыемства ня мае адназначнага намеру дараваць беларусам немалыя сродкі. Паводле Кедрына, у дадзеным выпадку можна казаць хутчэй пра своеасаблівы “гандаль” бакоў у канчатковай суме, але “прымірэнчага пагадненьня” ў кантэксьце “Крыніцы” (поўнае сьпісаньне запазычанасьцяў) кіраўніцтва “Балтыкі” не разглядае.

(Кедрын: ) “Не, прынамсі, пакуль — не. Мы не адмаўляем факту перамоваў, але пры гэтым ня кажам пра афіцыйна замацаваныя дамоўленасьці. Канкрэтных рашэньняў на паперы няма”.

Канфлікт паміж буйнейшымі беларускім і расейскім броварамі доўжыцца ад 2001 году, калі “Балтыка” выдала “Крыніцы” крэдыт на пераабсталяваньне вытворчасьці — 10,7 мільёна даляраў. На сур’ёзнасьць двухбаковых намераў сьведчыла і тое, што тагачасны кіраўнік “Балтыкі” Таймураз Балоеў атрымаў непасрэдна ад Аляксандра Лукашэнкі гарантыі пераходу да расейцаў кантрольнага пакету акцый менскага бровару.

Аднак неўзабаве беларускі бок пачаў ініцыяваць дадатковыя патрабаваньні — узьвесьці ў Менску лядовы палац, інвэставаць у сельскую гаспадарку, а кантрольны пакет, паводле новага рашэньня, заставаўся ў дзяржавы. У выніку “Балтыка” прыняла рашэньне аб выхадзе з сумеснага праекту. Цягам наступных гадоў піваварнаму прадпрыемству праз расейскія гаспадарчыя суды, а таксама празь Міжнародны арбітражны суд удалося вярнуць асноўную частку крэдыту, аднак, паводле ацэнкі “Балтыкі”, нявернутымі засталіся 3,5 мільёна даляраў — пэня і судовыя выдаткі.

Беларускі бок прызнае факт запазычанасьці, аднак канкрэтных лічбаў пры гэтым не называе: на думку кіраўніцтва “Крыніцы”, лічбы істотна завышаныя.

У офісе расейскага бровару паведамілі, што перамовы зь менскай “Крыніцай” будуць працягнутыя яшчэ заўтра, але ў любым разе яны мусяць завяршыцца да 1 чэрвеня. Калі працэс акажацца безвыніковым, страчаныя ў Беларусі грошы “Балтыка” будзе вяртаць праз суд.
XS
SM
MD
LG