Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі францускага рэфэрэндуму камэнтуюць у Менску


Валер Каліноўскі, Менск У МЗС Беларусі ня лічаць патрэбным ацэньваць вынікі рэфэрэндуму ў Францыі, тым часам перамогу праціўнікаў Канстытуцыі Эўразьвязу на францускім рэфэрэндуме камэнтуюць прадстаўнікі беларускіх уладаў і апазыцыі.

У Міністэрстве замежных справаў ня лічаць патрэбным ацэньваць вынікі францускага рэфэрэндуму наконт прыняцьця Эўрапейскай канстытуцыі. Гаворыць намесьнік начальніка інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Руслан Есін:

(Есін: ) “Гэта ўнутраная справа Францыі, якая не зьяўляецца прадметам камэнтароў”.

Нэгатыўны вынік рэфэрэндуму ў Францыі яшчэ ня сьведчыць, што Канстытуцыя Эўразьвязу ня будзе прынятая, лічыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) “Трэба разьмяжоўваць унутраную францускую палітыку і агульнаэўрапейскія працэсы. Думаю, што ўнутры Францыі насьпела шмат праблемаў, што беспасрэдна адлюстравалася на выніках галасаваньня, якое было ў пэўнай ступені таксама вотумам даверу прэзыдэнту Шыраку”.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка на мінулым тыдні правёў шэраг перамоваў у Эўрапарлямэнце і Эўракамісіі, дзе абмяркоўваў праблемы падтрымкі дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Спадар Вячорка мяркуе, што складанасьці з прыняцьцём Эўраканстытуцыі ў пэўнай ступені могуць зьменшыць публічную ўвагу краінаў Эўразьвязу да Беларусі.

(Вячорка: ) “Але, з другога боку, беларускі працэс у Эўрапарлямэнце, у Эўракамісіі, у Радзе Эўрапейскага зьвязу ўжо незваротны, што я магу засьведчыць як чалавек, які толькі што адтуль вярнуўся, бо прымаюцца не толькі рэзалюцыі, але і тэхнічныя рашэньні ў пляне стварэньня спэцыяльнай стратэгіі адносна Беларусі, і, безумоўна, яны будуць выконвацца”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава вынікі францускага рэфэрэндуму называе пройгрышам прэзыдэнта Шырака.

(Абрамава: ) “Калі прэзыдэнт ставіць на карту сваю рэпутацыю і заклікае нацыю прыняць рашэньне, а нацыя прымае іншае рашэньне большасьцю галасоў, то безумоўна, гэта пройгрыш лідэра нацыі. Калі памятаеце, у падобнай сытуацыі ў свой час Шарль дэ Голь пайшоў у адстаўку”.

Адстаўку Шырака спадарыня Абрамава не выключае таксама, хаця мяркуе, што цяжар адказнасьці за ўрэгуляваньне сытуацыі можа пераважыць. Нягледзячы на вынікі рэфэрэндуму, зь цягам часу Эўрапейская канстытуцыя будзе прынятая, бо такі вэктар эўрапейскага разьвіцьця, лічыць спадарыня Абрамава. Да рэфэрэндумаў як сродку вырашэньня грамадзкіх праблемаў дэпутат Абрамава ставіцца насьцярожана:

(Абрамава: ) “Рэфэрэндум — гэта ў любым выпадку небясьпечная дубінка, а ў нашых беларускіх умовах гэта лісьлівасьць у адносінах да народу, прылада папулізму ў значнай ступені”.

Адстаўны беларускі дыплямат Міхаіл Бацян называе галасаваньне ў Францыі пратэставым, аднак мяркуе, што беларускія ўлады паспрабуюць выкарыстаць гэта ў сваёй антызаходняй рыторыцы:

(Бацян: ) “Усякая праява эўраскептыцызму, як кажуць, на руку той нашай афіцыйнай палітыцы, якая калі не антыэўрапейская, то, скажам так, не эўрапейская”.
XS
SM
MD
LG