Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць гадоў трагедыі на "Нямізе" – боль бацькоў ня стаў меншым


Ганна Соусь, Менск Сёньня шостая гадавіна трагедыі ў падземным пераходзе станцыі мэтро “Няміга”. 30 траўня 1999 году тут у цісканіне загінулі 53 чалавекі. Яны вярталіся зь піўнога сьвята ля Палацу спорту і, хаваючыся ад дажджу і навальніцы, кінуліся ў падземны пераход. Сёньня нашая карэспандэнтка наведала месца трагедыі і пагутарыла з бацькамі загінулых.

Сёньня з самай раніцы да помніка ля падземнага пераходу станцыі мэтро “Няміга” людзі несьлі кветкі. Гэта родныя і знаёмыя ахвяраў трагедыі на Нямізе. Многія зь іх ужо добра ведаць адзін аднаго. Бацькі прыходзяць на месца трагедыі з фатаздымкамі сваіх дзяцей.

Алена Бельская, маці загінулай Анастасіі, прыехала сёньня ў Менск з Маладэчна.

(Бельская: ) “Адзіная дачка ў мяне была. Вучылася ў Маладэчанскім політэхнікуме на трэцім курсе. Практыку паехала праходзіць у Менск. Хацела так у Менск... У нас нават гадзіньнік спыніўся, як яна сабралася ад’яжджаць. Увечары ў нядзелю званок: “Трымайцеся, Насьці з намі больш няма. У мэтро задушылі”. Яна на першыя дзьве прыступкі паднялася, а потым убачыла такі натоўп — і давай назад бегчы. Вось яна ў самыя першыя шэрагі і трапіла. Ручкі заціснулі ёй, тварам уніз як упала — дык усё…”

Вользе Арол з Бабруйску сёньня магло б быць 25 гадоў. Яе маці, спадарыня Людміла, кажа, што за шэсьць гадоў боль ад сьмерці адзінай дачкі ня стаў меншым.

(Арол: ) “Вучылася ў тэхналягічным унівэрсытэце, тры курсы скончыла. Ніколі ў прынцыпе на хадзіўшы нікуды, раптам вырашыла пайсьці… І такое здарылася”.

Родныя загінулых на Нямізе неаднаразова падавалі ў суд на гарадзкія ўлады, міліцыю, піўзавод “Аліварыя”, радыёстанцыю “Мір” і “Класс-клуб ДК”, якія ў той дзень адказвалі за парадак на піўным сьвяце. З прычыны трагедыі была заведзеная крымінальная справа, аднак вінаватых не знайшлі.

Улады палічылі, што прычынай стаў трагічны зьбег абставінаў. Пазовы бацькоў адхілілі суды розных інстанцыяў. Гаворыць Натальля Навакоўская, маці загінулай Аляўціны:

(Навакоўская: ) “Бацькі памятаюць пра трагедыю, а ўлады, падобна, што забылі. Нават кветак не прынесьлі. За нядбайнасьць у нас, аказваецца, ніхто не нясе адказнасьці, хаця загінула столькі людзей. Мы замовілі літургію а 9 гадзіне ў Катэдральным саборы. Настаяцель Дзічкоўскі правёў памінальную імшу ў самім храме і прайшоў з намі па пераходзе на месца трагедыі. Ружы вось зьнікаюць, якія на прыступках першапачаткова былі ўскладзеныя, і тульпаны з мэталу зьнікаюць. Павінна было быць 53, а паглядзіце, колькі іх засталося”.

Разам з Натальляй Навакоўскай мы падлічылі, што замест 53 засталіся 52 мэталічныя кветкі. Паводле бацькі Аляўціны Навакоўскай, кветкі проста нетрывала замацаваныя.

(Навакоўскі: ) “Помнік у сьпешцы зроблены. Што хацелі, тое і зрабілі. Нам не далі зрабіць таго, што мы хацелі. Чысьцяць сьнег, рыдлёўкай зачэпяць — і адарвецца кветка. Так і ляжыць, пакуль да чарговай гадавіны не паправяць. Каб хутчэй людзі забыліся… Так яна хоча, нашая дзяржава”.
XS
SM
MD
LG