Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская перадача на літоўскім TV адзначае 15-годзьдзе


Тацяна Поклад, Вільня (Эфір 28 траўня) Беларуская перадача на Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі адзначыла сваё 15-годзьдзе. Цягам гэтых гадоў перадача выходзіла ў розным фармаце. Цяпер 15-хвілінная беларуская перадача “Віленскі сшытак” зьяўляецца ў эфіры кожную суботу а 10:30 на першай праграме Літоўскага нацыянальнага тэлеканала і паўтараецца па аўторках а 17:30 па другой праграме. Юбілейная беларуская перадача ў Літве, якая выйшла ў эфір 28 траўня – апошняя ў гэтым сэзоне, паколькі на летнія месяцы Літоўская нацыянальная тэлевізія спыняе выпуск арыгінальных аўтарскіх перадач.

Самая першая беларуская тэлеперадача ў Літве выйшла ў эфір 27 траўня 1990 году. Яна называлася “Запрашае “Сябрына”” і была распачатая на ініцыятыву клюбу “Сябрына”, самай першай беларускай арганізацыі ў Літве, створанай пасьля аднаўленьня незалежнасьці. Беларуская грамадзкасьць вырашыла, што, у ліку іншага, неабходна ствараць беларускія тэлеперадачы.

Першы кіраўнік “Сябрыны” Валянцін Стэх прыгадвае, што ў вызначальнай сустрэчы з тагачасным другім сакратаром кампартыі Літвы Юстасам Палецкісам напачатку 1990 году ўдзельнічалі віленскія беларускія дзеячы Лявон Луцкевіч, Хведар Нюнька, Аляксей Анішчык. Першымі вядучымі і стваральнікамі перадачы былі мастакі Хрысьціна Балаховіч і Алег Аблажэй, якія працавалі дабрачынна. Праз год на Літоўскую нацыянальную тэлевізію прыехала беларуская журналістка Тацяна Дубавец, у выніку яе працы разам з рэжысэрам Стасісам Кавалюкасам і паўстала тая адметная зьява культуры, якой сталася беларуская тэлеперадача ў Літве.

(Тацяна Дубавец: ) “Воляю лёсу, воляю людзей, якія тут у Вільні жывуць, яна не застаецца перадачай толькі меншаснай – толькі для той беларускай меншыні, якая тут жыве. Бо людзі, якія ўваходзяць у кадар, яны не пачуваюць сябе меншынёю тут, у Вільні. Многія людзі тут нарадзіліся, і яны адчуваюць сябе гаспадарамі Вільні. Гаспадарамі на ўсе часы, на ўсе вякі. Перадача, канечне, і пра беларускую меншасьць, пра тых людзей, каторыя так сябе адчуваюць, але – і пра іншае. Ведаючы, што я ўвайду ў кожны дом, я думаю пра гэтага чалавека, які мяне прыме ў доме са сваёй перадачай.

Я імкнуся, каб вобраз Беларусі, якая ўваходзіць у дом, быў прыгожы. Бо, не сакрэт, што, – у тым ліку і ў Літве – вельмі многія ведаюць Беларусь, як краіну, дзе ёсьць Лукашэнка і дзе Чарнобыль, і паехаўшы куды, можна вярнуцца на 20 гадоў назад у сваіх уражаньнях, як на машыне часу. Я ўсімі сваімі сіламі імкнуся даказаць, што гэта хай сабе і так – але ня толькі! Што гэта сапраўды вельмі вялікі і прыгожы сьвет – Беларусь.

І, ведаеце, за такое маё стаўленьне сьведчаць лісты, якія прыходзяць на наш сайт. Нас глядзяць таксама літоўцы, якім мала гэтага стандартнага вобразу лукашэнкавай, чарнобыльскай Беларусі, яны імкнуцца адшукаць і іншы вобраз. Я думаю, што ў маёй перадачы яны задавальняюць свае шуканьні, яны знаходзяць тую Беларусь, па якой сумуюць.”

Беларуская тэлеперадача выяжджае на здымкі па ўсёй Літве. За 15 гадоў жыцьця перадачы для яе працавалі многія аўтары зь Літвы і Беларусі. Год таму, пасьля заўчаснай сьмерці С. Кавалюкаса, у перадачу прыйшла новая рэжысэрка – Ліле Люцікайце. У перадачы ёсьць і “свае” апэратары, найчасьцей гэта – Натальля Калесьнік. Меркаваньні літоўскіх беларусаў пра “Віленскі сшытак”, натуральна, розныя, але бальшыня перадачу гэтую ўспрымае як “сваю” і цешыцца ёю.

М.Русак, былая вучаніца Віленскай беларускай гімназіі кажа:

(Русак: ) “Стараюся не прапусьціць ніводнага “Віленскага сшытку”, з прыемнасьцю гляджу. Мы пазнаём больш і больш людзей, беларусаў, каторыя робяць добрыя справы.”

В.Шостак, былая вучаніца Віленскай беларускай гімназіі:

(Шостак: ) “Заўсёды гляджу беларускую перадачу “Віленскі сшытак” – мне цікава.”

Л.Плыгаўка, загадчыца катэдры беларусістыкі ў Віленскім пэдунівэрсітэце, сказала Радыё Свабода:

(Плыгаўка: ) “Пажаданьні, каб перадача дажыла да залатога юбілею. Сапраўды, перадача вельмі заўсёды цёплая, і вельмі ўсё па-рознаму заўсёды...”

Л.Кавальчук-Шышэя, удзельніца беларускага падпольнага руху 1940-х гадоў:

(Кавальчук-Шышэя: ) “Мне падабаецца, сапраўды. Празь перадачу людзей новых бачу, тых, каго ня ведала раней, знаёмлюся зь імі.”

Г.Сівалава, дырэктар віленскай беларускамоўнай школы:

(Сівалава: ) “А вось у мінулую суботу нават разам з вучнямі беларускамоўнай Смургоньскай школы з задавальненьнем глядзелі “Сшытак”. Яны папрасілі касэту з запісам. Запісваем шмат якія перадачы на відэа.”

І.Саковіч, кіраўнік беларускай суполкі з Варэнскага раёну:

(Саковіч: ) “Глядзім. І, наколькі мне вядома, глядзяць яе ня толькі беларусы, глядзяць і літоўцы, ім цікава. Асабліва, калі былі перадачы пра наш раён. І можна выказаць толькі падзяку Літоўскаму ўраду, што знаходзіць грошы на такую перадачу, што паважае беларусаў. Беларусаў паважаюць у Літве.”

Адсутнасьць незалежнай тэлевізіі ў Беларусі вызначае асаблівую ролю беларускай тэлеперадачы ў Літве, якая працуе ў свабоднай дэмакратычнай інфармацыйнай прасторы.

(Дубавец: ) “Усе пэрспэктывы мы зьвязваем з нашай бацькаўшчынай, зь Беларусьсю. За гэтыя 15 гадоў існавала ня проста перадача, гэта была фактычна тэлевізія. Бо нельга было сказаць, што перадача існуе ў нейкім адным фармаце, мы спрабавалі рабіць вельмі розныя рэчы. Перадача яшчэ рыхтавала кадры, што ня робіць ніводная тут іншая перадача. У нас ёсьць вельмі многа людзей, якія сапраўды працавалі, навучыліся мантажаваць, размаўляць, працаваць у кадры, і я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь гэтыя кадры будуць запатрабаваныя ў Беларусі. Зусім магчыма, што калі будуць іншыя часы, іхныя сілы і ўменьне спатрэбіцца.”

Выбраныя перадачы і сюжэты “Віленскага сшытку” сёлета зьявяцца ў выглядзе асобнай відэакасэты, якая напачатку лета будзе прадстаўленая шырокай аўдыторыі ў Беларусі і Літве. Беларускія тэлеперадачы можна таксама глядзець у інтэрнэце на сайце Літоўскай нацыянальнага тэлерадыё www.lrt.lt.
XS
SM
MD
LG