Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскага госьця ляснога зьезду інтэлігенцыі ўразіла беларуская арганізаванасьць


Ул. інф. У 3-м усеагульным зьезьдзе інтэлігенцыі, які адбыўся ў суботу ў лесе пад Радашкавічамі, бралі ўдзел і замежныя госьці. Сваімі ўражаньнямі ад зьезду дзеліцца Сасо Цыскарыдзэ, прэзыдэнт грузінскай няўрадавай арганізацыі “Сусьветная лябараторыя”.

(Цыскарыдзэ: ) “У цэлым зьезд інтэлігенцыі Беларусі вызначаўся высокай арганізаванасьцю, нягледзячы на тое, што ўсё гэта адбывалася ў лесе і даволі далёка ад Менску - дэлегаты, запрошаныя зь Віцебску, Берасьця, Гомеля, Менску, Горадні, Магілёва - яны ўсе арганізавана зьявіліся ў тым лесе, абралі ўсе камісіі, неабходныя для правядзеньня зьезду, бадзёра галасавалі. Вядома ж, была і дыскусія, якая, на жаль, пэрыядычна прыпынялася ўмяшаньнем прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Але мяне зьдзівіла тая непахісная воля да завяршэньня гэтага зьездаўскага працэсу - нават не зьвярталі ўвагі, калі ўжо там пачалі забіраць правы ў кіроўцаў, штрафаваць. І толькі пасьля непасрэднай пагрозы, што зараз праз паўгадзіны зьявіцца АМАП і з усімі “разьбярэцца”, настала пара эвакуацыі некаторых гасьцей, у тым ліку і мяне ў першую чаргу. Як мне растлумачылі, тут улады ўжо прызвычаіліся да таго, што ў такіх нарадах удзельнічаюць палякі, а вось грузіна яны б затрымалі зь вялікай прыемнасьцю - каб давесьці, што ў нас тут сувязі зь міжнародным тэрарызмам.

Як бы там ні было, сам факт правядзеньня такога форуму, арганізаванага з канкрэтным вынікам вылучэньня кандыдата на пасаду прэзыдэнта за 15-16 месяцаў да выбараў, дае магчымасьць і жыхарам Беларусі і шматлікім яе прыяцелям за мяжою ацаніць увесь працэс перадвыбарчай гонкі - спадзяюся, што ўсё ж будзе гонка, а не індывідуальны забег...”
XS
SM
MD
LG