Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму беларускія мужчыны забіваюць сябе?


Сьвятлана Курс, Менск На думку навукоўца з францускага дэмаграфічнага ўнівэрсытэту Жана-Клёда Шэнэ, колькасьць ненатуральных сьмерцяў у краінах былога СССР, у тым ліку ў Беларусі, такая вялікая, што варта ўвесьці для іх адмысловы тэрмін “сындром гвалтоўнае сьмерці”. Трэцяе месца сярод гвалтоўных сьмерцяў займаюць самагубствы, пераважная бальшыня самагубцаў – мужчыны. Нашая карэспандэнтка высьвятляла ў спэцыялістаў, чаму мужчынскія суіцыды так пачасьціліся.

Калі верыць статыстыцы, то штогод у Беларусі прыблізна на 200 самагубцаў стае болей. Залетась было больш як тры тысячы суіцыдаў на год.

Сярод краінаў былога СССР першай ідзе Летува – 44 самагубствы на 100 тысяч насельніцтва, потым Расея, Латвія і нарэшце на чацьвертым месцы – Беларусь – 32 самагубствы на 100 тысяч насельніцтва.

Пік самагубстваў прыпадае на вясну і восень. Мужчыны канчаюць жыцьцё самагубствам у шэсьць разоў часьцей за жанчын.

Вядучы супрацоўнік адмысловае лябараторыі па працы з суіцыдамі псыхіятрычнага шпіталя “Навінкі”, які не пажадаў, каб ягонае імя гучала ў эфіры, кажа:

(Псыхіятар: ) “Самы высокі ўзроставы каэфіцыент сьмяротнасьці – сярод мужчынаў ад 50 да 59 гадоў. На другім месцы ідзе ўзрост – 40-49 гадоў.

(Карэспандэнтка: ) “Можа гэта зьвязана з полавай праблемай?”

(Псыхіятар: ) “Гэтае пытаньне мы спрабуем больш-менш канкрэтызаваць”.

Дырэктар Менскага цэнтру сацыяльнай дапамогі сям’і і Андрэй Туравец лічыць, што мужчыны страцілі вітальнасьць, то бок волю да жыцьця. А супрацоўнік катэдры псыхалёгіі пэдунівэрсытэту імя Максіма Танка Андрэй Зыгмантовіч гаворыць:

(Зыгмантовіч: ) “Жанчыны цьвёрдыя, яны могуць доўга жыць у цяжкіх абставінах. А мужчыны ня могуць сябе рэалізаваць, ня могуць зарабіць сабе добрыя грошы. Некаторым трэба дапамагчы”.

Што гавораць самі мужчыны з тае ўзроставае катэгорыі, што Вы назвалі? Вось думка мужчыны з Чэрыкава.

(Мужчына: ) “Вось так, як бутончык раскрыесься, а табе – бац! – па галаве. І ты зноў у сабе. Я асабіста ад палітыкі адышоў, адышоў з усяго жыцьця. Цяпер мой шлях з дому – на працу, з працы – дамоў. Нішто не турбуе, нішто не хвалюе. Я ў чаканьні сьветлай будучыні, у нейкім неверагодным стане – ня тое сындрому нейкага, ня тое скамянеласьці. Калі зорачка нейкая ёсьць – ты да яе імкнесься, грабесься, бяжыш. А зараз – ня бачна сьвятла ў канцы тунэля”.

Мужчыны, нават перапоўненыя пакутлівымі перажываньнямі, ня ў стане шчыра папрасіць аб дапамозе. Жывуць яны пад гнётам віны – з-за немагчымасьці забясьпечыць дабрабыт сям’і. Гэта пашыраная думка сярод спэцыялістаў. Але прычыны суіцыдаў яшчэ больш складаныя. Трохі праясьніць справу дапаможа 15-гадовы маніторынг зьдзейсьненых і нязьдзейсьненых суіцыдаў, вынікі якога маюць абвесьціць сёлета ўвосень.
XS
SM
MD
LG