Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдычнае абслугоўваньне ў "саюзнай дзяржаве": ці ёсьць роўнасьць?


Уладзімір Глод, Менск Прэзыдэнты Расеі і Беларусі падкрэсліваюць, што стварэньне так званай саюзнай дзяржавы не спэкулятыўная палітычная мэта. Маўляў, усё робіцца выключна дзеля простых людзей, каб беларусы і расейцы абавязкова мелі аднолькавыя правы. Ці аднолькавыя ўмовы мэдычнага абслугоўваньня для беларусаў у Расеі і расейцаў у Беларусі?

Высьвятляецца, што насамрэч расейцы ў Беларусі і беларусы ў Расеі абслугоўваюцца ў лякарнях як замежнікі. І такіх фактаў становіцца ўсё больш і больш.

Апошнім разам гэтае пытаньне на высокім дзяржаўным узроўні ўздымалася ў пятніцу, 27 траўня, калі чальцы беларускага ўраду адказвалі на пытаньні сяброў Нацыянальнага сходу. Дэпутатка Марыя Худая распавяла такую гісторыю. Маўляў, з саюзнага бюджэту на рахунак новага цэнтру радыёлягічнай мэдыцыны ў Гомлі перавялі значныя сумы спэцыяльна дзеля таго, каб жыхары суседняй з Гомельшчынай Бранскай вобласьці Расеі, якую таксама захапіла Чарнобыльская навала, маглі прыехаць сюды і, ужо не выкладаючы ўласных грошай, атрымаць прафэсійную кансультацыю, праверыць сваё здароўе на самых сучасных апаратах. Аднак кансультаваць расейцаў у Гомлі гатовыя толькі тады, калі тыя заплацяць за неабходныя дыягнастычныя працэдуры.

Намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Аляксандар Раманенкаў, які адказваў на пытаньне дэпутаткі, пацьвердзіў: за працэдуры патрэбна плаціць. Але ён лічыць, што віна за такое становішча ляжыць на суседзях:

(Раманенкаў:) "Калі ласка, пры ўмове аплаты лячэньня ў дадзенай лякарні. Таксама як і з боку Расейскай Федэрацыі адносна беларусаў. Там таксама патрабуюць грошы. Толькі што дэлегацыя нашага міністэрства вярнулася з Масквы, зь іхнага міністэрства. Расейцы ня хочуць ісьці на аднолькавыя ўмовы лячэньня нашых грамадзянаў, якія знаходзяцца ў Расеі. Пакуль няма пагадненьня паміж урадамі, ніякія пагадненьні паміж асобнымі мэдычнымі ўстановамі ня маюць сілы".

Беларусы, якія трапляюць у Расею, вельмі часта скардзяцца, што зь іх абавязкова патрабуюць грошы. Маўляў, там дзяржаўная мэдыцына фактычна засталася толькі ў рэгіёнах, а ў буйных гарадах, куды пераважна едуць грамадзяне Беларусі, квітнее камэрцыйная сыстэма. І зараз я прапаную нашым слухачам паслухаць запіс грамадзянкі Беларусі, якую завуць Натальля і якая сутыкнулася з неабходнасьцю мэдычнай дапамогі ў Маскве:

(Натальля:) "У мяне быў выпадак – падазрэньне на востры піеланэфрыт. Выклікалі на дом лекара, і той сказаў, што мне трэба ў шпіталь. І я запалаціла лекару грошы. Тры дні я там ляжала бясплатна, а потым мне сказалі: плаціце грошы альбо да пабачэньня. Усе аналізы накіроўваюць рабіць выключна платна, я ужо не кажу пра розныя УЗІ ды гэтак далей".

Але як мне падаецца, і высокія афіцыйныя чыноўнікі ўжо таксама прызнаюць: тут існуе мноства праблемаў. Прапаную паслухаць меркаваньне на гэты конт намесьніка старшыні Савета Рэспублікі Аляксандра Абрамовіча:

(Абрамовіч:) "Нашыя прэзыдэнты дамовіліся, што будуць роўныя ўмовы. Але вось Аляксандар Сяргеявіч (Раманенкаў) тут абсалютна канкрэтна гаворыць, і, падобна, ён мае рацыю - ня хочуць расейцы пакуль падпісваць. Так, на вышэйшым узроўні гаворыцца адно, а калі справа падыходзіць да падпісаньня адпаведных пагадненьняў, на жаль, подпісаў патрэбных няма".
XS
SM
MD
LG