Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў Менску так імкліва растуць цэны на жыльлё?


Іна Студзінская, Менск Чаму ў іншых гарадох Беларусі квадратны мэтар каштуе 300 даляраў, а ў сталіцы 700, і рост коштаў працягваецца, а звычайная аднапакаёўка на другасным рынку жытла каштуе ня менш за 25 тысяч даляраў? Гэтыя ды іншыя пытаньні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у пятніцу задавалі выканаўчай уладзе.

Спачатку - меркаваньні звычайных маладых менчукоў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можаце Вы купіць кватэру?”

(Спадарыня: ) “Гэта з разраду нейкіх жартаў. Адзінае, што я магу - гэта дачакацца, што мне хтосьці падорыць кватэру. Паводле нейкіх рэальных магчымасьцяў, я магу купіць машыну, а не кватэру. Кватэра – гэта штосьці нерэальнае, таму што кошты вельмі вялікія, людзям, якія ня маюць менскай прапіскі, крэдытаў таксама не даюць”.

(Спадар: ) “Магу. Калі буду вельмі доўга працаваць, калі ўсё будзе атрымлівацца, калі будзе вельмі моцна шанцаваць. Канечне, магчымасьці тут не такія багатыя, як, да прыкладу, у Расеі”.

(Спадар: ) “Ну вы што – вядома, не магу дазволіць, сьмеяцеся Вы ці што?”

(Карэспандэнтка: ) “А за колькі гадоў можна назьбіраць на кватэру?”

(Спадар: ) “Пры нашых заробках наагул ніколі, калі бізнэсам не займацца, бо ўсе грошы на жыцьцё ідуць”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі каштуе ў сярэднім кватэра, вы цікавіліся?"

(Спадар: ) "Калі аднапакаёвая – то ня менш за 20 тысяч даляраў. А калі 2-3 – то там ужо 50-60 тысяч даляраў. А такіх грошай мы не назьбіраем”.

Чаму так вырасьлі цэны на кватэры, парлямэнтары дапытваліся ў намесьніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Міхаіла Абрамчука. Той адказаў адназначна: кошты “ўзьвінцілі” расейцы, што актыўна скупаюць жытло ў беларускай сталіцы.

Рыэлтары, калі я зьвярнулася з пытаньнем, ці сапраўды жыльлё скупаюць расейцы, мяне проста абсьмяялі.

(Рыэлтарка: ) “Я лічу, што гэта зусім ня так. Расейцы, у якіх ёсьць вялікія грошы, будуць купляць толькі страшэнна дарагія аб’екты беларускай нерухомасьці, якія беларускаму абывацелю проста не па кішэні. Калі “хрушчоўкі” каштуюць столькі, колькі яны каштуюць, то прычым тут расейцы? Ім гэтыя хрушчоўкі абсалютна “да лямпачкі”. Гэта брэд сівай кабылы”.

Так, ёсьць выпадкі, калі расейцы купляюць дарагія элітныя кватэры. Але іх няшмат. Дый дазвол на такія ўгоды дае Менгарвыканкам. Як, дарэчы, і на пакупку кватэр іншагароднімі беларусамі.

Што да значнай розьніцы ў коштах на квадратны мэтар жыльля – гэтаму вельмі абураўся намесьнік старшыні камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Васіль Хрол. “Што там – іншая дзяржава, іншая цана на энергарэсурсы, іншыя расцэнкі на транспартныя выдаткі, іншыя каэфіцыенты? Даляр падае, а кошты ў даляравым эквіваленце растуць”, зьдзіўляўся дэпутат Хрол.

(Хрол: ) “Кошты на будаўніцтва растуць не па днях, а па гадзінах – 20-25% у квартал. Гэта што –дзяржаўная палітыка ў галіне задавальненьня жыльлёвых запатрабаваньняў грамадзянаў? Безумоўна, не. З гэтым пытаньнем я прапанаваў Мінітэрству архітэктуры і будаўніцтва разабрацца і сваю палітыку скарэктаваць”.

Дэпутат Хрол прапанаваў спыніць практыку стрымліваньня інвэстыцыйных праектаў пры будаўніцтве жытла. Участкі пад жыльлёвае будаўніцтва павінны прадастаўляцца на тэндэрнай аснове. На думку спадара Хрола, чым больш удзельнікаў гэтага рынку, чым больш канкурэнцыя – тым ніжэй кошты.

І яшчэ: і народ, і рыэлтары вельмі абураюцца працэнтнай стаўкай, пад якую беларускія банкі даюць крэдыты пад будаўніцтва жытла. Вось меркаваньне рыэлтара.

(Рыэлтарка: ) “Што вычварае пры гэтым банк? Банк падвышае працэнтную стаўку да 14% гадавых! Гэта ж проста жах! У Аўстрыі, да прыкладу, два з паловай працэнты пры пакупцы нерухомасьці”.

Першы намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Міхаіл Абрамчук паведаміў, што ўнесеная прапанова ва ўрад абмежаваць рэнтабэльнасьць для замоўнікаў жыльля: сабекошт плюс максымум 5%. Ён лічыць, што тады цэны на кватэры зьнізяцца ў паўтара раза.
XS
SM
MD
LG