Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дні гораду ў старажытным Полацку: сьвята душы ці сьвята страўніка?


Вінцэсь Мудроў, Полацак Сьвяты ў Беларусі робяцца ўсё больш гучнымі і працяглымі. І гэта тычыцца ня толькі сталіцы, але й пэрыфэрыі. 21 траўня ў старажытным Полацку афіцыйна пачалося сьвята гораду. Доўжылася яно больш тыдня і скончылася ўчора апоўначы.

Аповед пра сьвяткаваньне Дзён гораду мушу пачаць з неспадзяванкі. Рэч у тым, што апагеем сьвята павінна было стаць адкрыцьцё вучэбнага корпусу былой Полацкай езуіцкай акадэміі - у адрэстаўраваным будынку разьмесьцяцца гуманітарныя факультэты мясцовага ўнівэрсытэту. Да гэтай падзеі доўга рыхтаваліся, пра яе шмат пісалі ў мясцовым друку, але, калі прызначаным часам у двары былой Акадэміі сабраліся журналісты і прадстаўнікі грамадзкасьці, ім паведамілілі, што адкрыцьцё вучэбнага корпусу адкладаецца да верасьня. Аб прычынах пераносу ўрачыстасьцяў можна толькі здагадвацца, але, праўдападобна, аб’ект яшчэ не гатовы да эксплюатацыі.

Што яшчэ цікавага было на полацкім сьвяце? Асабіста мяне зацікавіла выстава “Рака Дзьвіна і гандлёвыя сувязі Полацка”, якая была адчыненая сьвяточнымі днямі. Распавядае загадчыца Полацкага краязнаўчага музэю Вольга Краско:

(Краско: ) “Гэтая выстава – першы крок стварэньня музэю гандлю ў Полацку. Яна раскрывае фэномэн ракі Дзьвіны; ракі, якая дала жыцьцёвую прастору нашаму народу, якая зьяўлялася як бы галоўнай крыніцай існаваньня палачанаў, і гэтая рака, па якой праходзіў некалі “шлях з варагаў у грэкі”, садзейнічала таму, што Полацак займеў такое важнае эканамічнае значэньне”.

На згаданай выставе экспануюцца ўнікальныя рэчы: пачынаючы ад знойдзеных у Полацку старажытных манэтаў ды ўпрыгожаньняў і заканчваючы старымі мапамі і гандлёвымі дамовамі Полацка з ганзэйскімі гарадамі. Але, што адметна, на яе адкрыцьцё аніхто з палачанаў, апроч купкі журналістаў, не прыйшоў. Тым жа днём у гарадзкой галерэі адчынілася заля дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Там на адкрыцьці прысутнічаў, апрача музэйных работнікаў, толькі адзін наведнік. Можна, вядома, наракаць на брак адпаведнай рэклямы ды іншыя хібы ў рабоце арганізатараў мерапрыемстваў, аднак варта сказаць наўпрост: палачанаў мала цікавіць гісторыя гораду, а пагатоў дэкаратыўна-ўжытковае мастацтва. І гэты факт найбольш уражвае на тле таго мора гарэлкі і піва, што было выпіта падчас сьвята.

Заўважу таксама, што гэтым разам на полацкіх вуліцах гучала беларускае слова. Ідучы па вуліцы Леніна, я сустрэў дзьвюх кабетаў, якія ў атачэньні збою падлеткаў размаўлялі міжсобку па-беларуску. Як высьветлілася, гэта былі экскурсанты зь Беласточчыны: вучні беларускамоўных клясаў і іхныя бацькі. Гаворыць адна з сустрэтых мною кабет, лекарка зь Беластоку Барбара Пякарская:

(Пякарская: ) “Прыехала нас агулам зь Беласточчыны 68 чалавек: 38 дзяцей, 30 бацькоў. У Беларусі мы другім разам такой групай. Мінулы год былі на Гарадзеншчыне, а сёлета нам захацелася прыехаць на Полаччыну. Ну, уражаньні, вядома, цудоўныя. Мы ўсе чыталі, усе чулі і пра Сафійскі сабор, і пра Спаса-Эўфрасіньеўскую царкву. Для ўсіх нас гэта ў пэўным сэнсе паломніцтва, а таксама вяртаньне да нейкай духовай Айчыны, крыніцы…”
XS
SM
MD
LG