Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100-мільённы "народны аўтамабіль"


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Гэтымі днямі нямецкі аўтамабільны гігант “Фальксваген”, чые аўтамабілі вельмі папулярныя і ў Беларусі, адсьвяткаваў значную падзею ў сваёй гісторыі – на адным з заводаў канцэрну сабраны 100-мільённы аўтамабіль.

Канцэрн палічыў усе зробленыя на сваіх заводах аўтамабілі, пачынаючы ад 1945 году, бо перад вайной толькі невялікая частка вырабаў фірмы была прызначаная для цывільных патрэбаў, а ў часе вайны фабрыка працавала выключна для войска.

Як высьветлілася, юбілейны аўтамабіль – гэта мадэль “Туран” срэбнага колеру, які кіраўніцтва “Фольксвагену” вырашыла перадаць Эве Кёлер – жонцы прэзыдэнта Нямеччыны на патрэбы гуманітарнай арганізацыі, патронкай якой яна зьяўляецца.

“Такім спосабам фірма хоча паказаць свой удзел у грамадзкім жыцьці”, - заявіў кіраўнік “Фальксвагена” Бэрнд Пішэтсрыдэр.

Адметна, што як раз у гэты дзень на заводзе, дзе зьбіраецца найбольш пасьпяховая мадэль канцэрну “Фольксваген” – “Гольф”, адбылася аварыя і канвэер прыйшлося спыніць. Дарэчы, наступныя “хіты” “Фальксвагену”, пасьля “Гольфа”, гэта “Пасат” і “Пола”.

Найбольш буйны вытворца аўтамабіляў у Эўропе сьвяткуе выпуск свайго 100-мільённага аўтамабіля ў няпростыя часы – прыбыткі канцэрну зьмяншаюцца разам са зьмяншэньнем ахвотных купляць “Фальксвагены”, асабліва ў ЗША і Кітаі. Таму сёлета канцэрн распрацаваў адмысловую праграму ашчаднай працы, і кіраўніцтва спадзяецца на лепшыя вынікі, чым летась.

У дадатак канцэрн, праўдападобна, чакае працэс у справе слыннага фірменнага знаку “VW”. 85-ці гадовы Нікалас Борг з Тыролю падаў скаргу ў аўстрыйскі гандлёвы суд, дзе сьцьвярджае, што ў 1939 годзе ён, як малады графік, атрымаў ад міністра працы Нямеччыны замову распрацаваць фірменны знак для фабрыкі “Фольксваген” і гэта зрабіў.

Борг кажа, што яму не патрэбныя грошы і ён іх не дамагаецца , а толькі патрабуе аднаўленьня гістарычнай праўды.
XS
SM
MD
LG