Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці памірацца "Крыніца" і "Балтыка"?


Ігар Карней, Менск Менскі бровар “Крыніца” і піваварная кампанія “Балтыка” з Санкт-Пецярбургу сёньня павінны вызначыцца наконт магчымага падпісаньня “міравога пагадненьня” адносна запазычанасьцяў беларускага прадпрыемства.

Кіраўніцтва сталічнага заводу заяўляе, што адміністрацыя “Балтыкі” згодная сьпісаць 3,5 мільёна даляраў, якія “Крыніца” вінаватая ў выглядзе штрафных санкцыяў.

Днямі генэральны дырэктар менскага бровару Рыгор Пяткевіч заявіў, што адпаведнае рашэньне дасягнутае падчас перамоваў з новым кіраўніцтвам “Балтыкі”. Зазначу, што пры канцы мінулага году адзін з самых вядомых топ-мэнэджэраў Расеі, нязьменны кіраўнік “Балтыкі" Таймураз Балоеў нечакана для многіх заявіў пра сваю адстаўку. Такім чынам, беларускі бок ускосна даў зразумець, што непаразуменьні на ўзроўні каманды Балоева ўдалося вырашыць з новым кіраўніком “Балтыкі” Антонам Арцем’евым.

Канфлікт паміж двума броварамі доўжыцца больш за чатыры гады. У пачатку 2001 году “Балтыка” выдала “Крыніцы” за абяцаньні кантрольнага пакету акцыяў крэдыт памерам 10,7 мільёна даляраў. Аднак неўзабаве беларускі бок пачаў высоўваць розныя дадатковыя патрабаваньні – ад інвэстыцый у сельскую гаспадарку да будаўніцтва лядовага палацу. У выніку “Балтыка” прыняла рашэньне аб выхадзе з сумеснага праекту. Цягам наступных гадоў праз суды расейскаму прадпрыемству ўдалося вярнуць асноўную частку крэдыту, аднак, паводле ацэнкі “Балтыкі”, засталіся яшчэ 3,5 мільёна даляраў – пеня і судовыя выдаткі. Менавіта за гэтыя мільёны ідзе змаганьне. Цікава, што днямі прадстаўнік “Балтыкі” Аляксей Кедрын заявіў: кампанія па-ранейшаму патрабуе вярнуць грошы ў поўным памеры і, маўляў, ні пра якія міравыя пагадненьні гаворкі няма. Чаму зацікаўленыя бакі гавораць на розных мовах? Тлумачыць Аляксей Кедрын.

(Кедрын: ) “Камэнтар мой быў зьвязаны з тым, што была заява беларускага боку аб тым, што дасягнутыя ўсе дамоўленасьці. Мы не адмаўляем факту магчымых перамоваў, але не кажам пра нейкія замацаваныя дамоўленасьці, нейкіх канкрэтных рашэньняў пакуль на паперы няма. Вось чаму розныя пазыцыі. Але цалкам верагодна, што навіны зьявяцца 30 траўня раніцай”.

Дэкляраваных жаданьняў інвэставаць у беларускія бровары нашмат больш, чым прыкладаў удалага супрацоўніцтва. Нічым ня скончыліся спробы наладзіць сумесную вытворчасьць калінінградзкай “Піваварні Івана Таранава” зь Берасьцейскім броварам, а таксама маскоўскага “Ачакава” з заводам у Слуцку. Увогуле ж прычыну можна патлумачыць на прыкладзе бабруйскага піўзаводу “Дзеднава”. Прадпрымальнік Аляксандар Півавар, які ня здолеў канкураваць з амэрыканскім інвэстарам, кампаніяй “Дэтройт Брэвэры”, перакананы: прычынай – умяшальніцтва дзяржаўных чыноўнікаў, якія аднаасобна вырашаюць, хто мусіць рабіць надвор’е на канкрэтным прадпрыемстве. Але ў сытуацыі зь “Дзеднава”, гэтаксама, як і ў выпадку з “Балтыкай”, дзяржаўнае лёбі ніякага плёну ня мела.

(Півавар: ) “Сытуацыя зьмянілася пасьля таго, як была падпісаная дамова на падставе рашэньня Магілёўскага аблвыканкаму аб стварэньні прадпрыемства з удзелам замежнага інвэстара. Ад таго часу ўсё пайшло па-іншаму. Падчас прыняцьця рашэньня першапачатковы плян атрымаў істотныя зьмены. Найперш прыбралі рынкавую ацэнку завода, ацанілі паводле балянсавага кошту; адышлі ад плянаў адкрытай падпіскі на акцыі ў памеры ўсёй крэдытарскай запазычанасьці завода, каб разьлічыцца ня толькі з банкам і бюджэтам, але і зь іншымі крэдыторамі, якія ў завода таксама маюцца...”

Варта зазначыць, што сёлета ў піўной галіне адбыліся досыць істотныя зрухі. Рэчыцкі бровар на падставе нямецкіх тэхналёгій выпусьціў на рынак марку “Лебенбір”. На абсталяваньні з Даніі пачала варыць піва пад маркай “Дата 1864” менская “Аліварыя”. У красавіку новае піва “Тампліер” вытворчасьці прадпрыемства “Маладэчнапіва” на прэзэнтацыі прадстаўляў дзяржаўны чыноўнік – намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур. Паступова разуменьне прыходзіць, хоць, калі апэляваць да статыстыкі, то вельмі сьціпла. У аналягічнай па колькасьці насельніцтва Чэхіі дзесьці 3,5 тысяч бровараў, у Беларусі – паўтара дзесятка. Між тым, пра неабходнасьць інвэстыцый у галіну гавораць на ўсіх беларускіх броварах. Вось меркаваньне камэрцыйнага дырэктара Рэчыцкага піўзавода Міхаіла Гарая. (Гарай: ) “Піўная галіна – гэта тая сфэра, якая надзвычай выгадная дзяржаве: абарот грошай, акцызны тавар, падатковыя плацяжы, тавараабарот. І гандлёвай сетцы выгадна гандляваць півам. Вазьміце Украіну, Прыбалтыку, усе краіны вакол нас. Усюды вытворчасьць піва мае вялізныя аб’ёмы, і яна іх працягвае нарошчваць. Дзяржава спрыяе гэтаму, бо дзяржаве гэта выгадна”.
XS
SM
MD
LG