Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Белавеская дэклярацыя” пра неабходнасьць "пасьлядоўнай палітыкі ізаляцыі дыктатарскай улады Аляксандра Лукашэнкі”


БЕЛАВЕЖА. ПОЛЬШЧА. У гэтым горадзе, што знаходзіцца на мяжы зь Беларусьсю, скончылася сёньня міжнародная канфэрэнцыя “Палітыка Эўрапейскага зьвязу ў дачыненьні да Беларусі: задачы на будучыню”, у якой ўзялі ўдзел дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, вядомыя польскія і беларускія апазыцыйныя палітыкі. Удзельнікі канфэрэнцыі падпісалі “Белавескую дэклярацыю”, у якой гаворыцца пра неабходнасьць правядзеньня “пасьлядоўнай палітыкі ізаляцыі дыктатарскай ўлады Аляксандра Лукашэнкі” напрыклад праз забарону ў’езду на тэрыторыю Эўразьвязу для чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама замарожваньне банкаўскіх рахункаў. Прапаноўваецца стварыць Эўрапейскі фонд дэмакратыі для дапамогі закрытым, ці тым, што знаходзяцца пад пагрозай закрыцьця недзяржаўным арганізацыям, а таксама паскорыць працэс стварэньня незалежнага радыё, якое вяшчала б на Беларусь з суседніх краінаў. Прысутны на канфэрэнцыі лідэр БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што дэклярацыя “утрымлівае надзвычай шмат канкрэтных прапаноў” і дапаможа ў далейшым лабіраваць гэтыя захады на міжнароднай арэне. Патрабаваньні “Белавескай дэклярацыі” будуць уключаныя ў тэкст ухвалы Эўрапарлямэнту ў справе Беларусі, якая будзе разгледжаная ў часе бліжэйшага паседжаньня парлямэнту.
XS
SM
MD
LG