Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фурфануць сьмятанкі


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Мая сяброўка-мастачка апавядала мне калісьці такі анэкдот з жыцьцёвага. Неяк вывезьлі іх, тады яшчэ студэнтаў, на Палесьсе – этуды маляваць. Расьсялілі па хатах, чалавекі два-тры на панадворак. Хлопцам зь ейнае групы пашэнціла: бабка-гаспадынька “дасталася” ветлівая, дужа гасьцінная, карміла добра. Шторазу “сыць, Божа!” жадала, ці смачна ў роце, пыталася. Завіхалася ля печы, дагадзіць старалася. Казала: “Мужык павінен есьці добра, бо калі ня досьць яму будзе, дык як тады на ваўкалаку перакуліцца? А калі мужык на ваўкалаку ня ўмее, дык які ж зь яго мужык?” Цікавая была бабка. На прымхах зналася. Дый на слоўца спрытная. Скажа – як у крапіву пасадзіць.

Вось частавала яна хлопцаў аднойчы буракамі. Саставіла на стол, адна пры адной, тры ўшчэрць паўнюткія талерачкі ды кажа:



Ну што, хлопцы, фурфануць сьмятанкі?

– Ну фурфані, бабка! – адказваюць тыя, няўцям паціскаючы плячыма.

То бабка дастае сьмятанку, набірае паўнюткі раток ды як фурфане па талерках, нібы ваду на прасаваную бялізну! І, з гонарам паглядаючы на хлопцаў, далонькай, даўжэзнай, што граблі, запрашае: “Смачна есьці, мілкі! Са сьмятанкай яно й праўда смачней!”

Сяброўка не казала, ці пад’елі тое хлопцы. Але тое, што родную мову ведаць карысна – гэта яны запомнілі назаўжды! І цяпер, калі выходзіць нейкая неспадзяванка, апрача вядомага: выскачыць як Піліп з канапель альбо ляснуць як пярун у зацірку, – я кажу: фурфануць сьмятанкі! За гэтым выразам – такая самавітая гісторыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG