Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 траўня ў Парыжы быў расстраляны Кастусь Далеўскі


RFE/RL Каляндар Свабоды – 27 і 28 траўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 27 і 28 траўня.

Сёньняшні дзень у беларускай традыцыі носіць імя Сідара. “Прыйшлі Сідары – прыйшлі і сіверы” – такую народную прыказку надрукаваў у 1934 годзе віленскі часопіс “Шлях моладзі”.

27 траўня 1871 году ў Парыжы быў расстраляны вэрсальцамі Кастусь Далеўскі. Родам ён са знакамітай у свой час у Беларусі шляхецкай сям’і ў Лідзкім павеце. У часе паўстаньня Каліноўскага Кастусь Далеўскі быў камандзірам атраду на Ковеншчыне. Пасьля паразы паўстанцаў здолеў перабрацца ў Францыю, дзе пасябраваў зь Яраславам Дамброўскім і далучыўся да парыскіх камунараў. Гэтак і загінуў, баронячы справу свабоды, якой прысьвяціў усё сваё нядоўгае жыцьцё – меў 34 гады.

27 траўня 1900 году ў вёсцы Макашы каля чыгуначнай станцыі Гарадзея пад Нясьвіжам нарадзіўся Ўладзімер Жылка, выдатны беларускі паэт. Усё ягонае жыцьцё прайшло на колах. У Менску ён браў удзел у Першым Усебеларускім кангрэсе. У Вільні друкаваў свае вершы. У Дзьвінску вучыўся ў гімназіі, а працягваў вучобу ў Праскім унівэрсытэце. Перабраўшыся ва ўсходнюю, гэта значыць, савецкую Беларусь, працаваў у газэтах і ў пэдагагічным тэхнікуме, але ў 1931 годзе быў арыштаваны савецкімі карнымі ворганамі і сасланы за тры тысячы кілямэтраў – у сібірскі горад Уржум, дзе неўзабаве памёр. Там і цяпер ёсьць ягоная магіла.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

28 траўня ў беларускай традыцыі ўшаноўваецца сьвяты Пахом. Пахом – казалі нашыя продкі – павее цяплом.

28 траўня 1987 году ў Маскве проста на Краснай плошчы прызямліўся самалёт маладога нямецкага лётчыка Маціяса Руста, які адзін паставіў пад сумнеў расейскую памежную дактрыну пра тое, што мяжа ў СССР – на замку. Руст тады атрымаў 4 гады турмы, зь якіх адседзеў крыху менш за год.

28 траўня ў 1961 годзе ў Лёндане была створаная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя”. Заснаваў яе юрыст Пітэр Бэнэнсон, які выступіў у абарону двух партугальскіх студэнтаў, што атрымалі па сем гадоў турмы за прамоўлены ў рэстарацыі тост “За свабоду!” З тых часоў “Міжнародная амністыя” ўважліва сочыць за парушэньнем правоў чалавека па ўсім сьвеце, асабліва ў тых краінах, дзе ўжываецца сьмяротная кара і дзе заканадаўства не адпавядае міжнародным прынцыпам дэмакратыі і свабоды.
XS
SM
MD
LG