Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: “Лукашэнка хоча прымусіць замаўчаць усіх сваіх апанэнтаў”


Алесь Дашчынскі, Менск Палітыку добрасуседзтва Эўрапейскага зьвязу павінны былі абмеркаваць удзельнікі адмысловага сэмінару 30 траўня ў Палаце прадстаўнікоў. Яго арганізатармі выступілі – офіс АБСЭ ў Менску і дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Бакі дамовіліся, што кожны запросіць на сэмінар па роўнай колькасьці ўдзельнікаў. Сярод іншых замежных гасьцей у Менск з 29 па 31 траўня мелася прыехаць кіраўніца рабочай групы па Беларусі Ута Цапф. Аднак гэты візыт давялося адмяніць, бо беларускі бок у чарговы раз перанёс дату правядзеньня сэмінару. Ута Цапф дала інтэрвію нашаму радыё.

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Цапф, чаму дата сэмінару да гэтага часу так і не вызначана?"

(Цапф: ) “У дадзены момант зрабіць гэта наогул немагчыма. Мы некалькі разоў ужо прапаноўвалі даты для сэмінару і, нарэшце, нават ўзгаднілі яе, але літаральна ў апошнія хвіліны мы атрымалі ліст зь Менску, што там ня могуць яго так хутка арганізаваць і мерапрыемства па просьбе старшыні беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі спадара Забалотца трэба перанесьці. Цяпер мы павінны зноў дамаўляцца пра дату сэмінару і зрабіць гэта магчыма найбліжэй ў Вашынгтоне пад час гадавой сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Але перамовы пра такі сэмінар, дакладней пра два сэмінары, якія мы хацелі б правесьці, вядуцца ўжо даўно, і па розных прычынах яны пастаянна пераносяцца ”.

(Карэспандэнт: ) "Як Вы пракамэнтуеце дзеяньні беларускага боку, чаму ў яго няма жаданьня зрабіць гэты сэмінар цяпер?"

(Цапф: ) “ Я ўпэўнена, гэта адбылося таму, што мы фактычна дамовіліся пра ўдзел у гэтым сэмінары апазыцыі, якая будзе мець магчымасьць на ім выступаць. Але задача нашай рабочай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі палягае ў тым, што мы павінны весьці шырокі палітычны дыялёг: з дэпутатамі Нацыянальнага сходу, апазыцыяй і няўрадавымі грамадзкімі арганізацыямі. Была дамоўленасьць, што мы будзем гэта рабіць. Мы адпаведна са свайго боку запрапанавалі шэраг апазыцыйных палітыкаў, навукоўцаў і NGOs для ўдзелу ў сэмінары і, я думаю, фактычна, удзел гэтых асобаў якраз быў непажаданым.

Мы запрапанавалі, да прыкладу, што былы сьпікер Савета рэспублікі Аляксандар Вайтовіч выступіць там з дакладам, таксама мы запрасілі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, лідэра Народнай грамады Мікалая Статкевіча і іншых, словам, тых вядомых апазыцыйных палітыкаў, якія займаліся дагэтуль эўрапейскай тэматыкай; таксама мы запрасілі прафэсара Алега Манаева, так што вы можаце сабе ўявіць кола гэтых асобаў, якіх было каля 20-ці”.

(Карэспандэнт: ) "Як Вы лічыце, наогул, ці лёгка дамовіцца з беларускімі ўладамі?"

(Цапф: ) “Мы маем тут справу не з уладамі, а з парлямэнтарамі і мы працуем зь сябрамі дэлегацыі Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай асамблеі, зь якімі мы і дамовіліся, што правядзём такія сэмінары: адзін мусіць прайсьці ў парлямэнце, другі – ў менскім міжнародным цэнтры IBB, і мы дабіліся, што кожны бок запрашае сваю палову ўдзельнікаў, каб на ім быў прэзэнтаваны шырокі спэктар грамадзкасьці ”.

(Карэспандэнт: ) "Якое значэньне для Беларусі мае гэты сэмінар?"

(Цапф: ) “Калі беларускі бок сумленна хоча правесьці гэты сэмінар, то тады можна дакладна аналізаваць, якія выгады на фінансавым, грамадзкім, інтэграцыйным, эканамічным роўні мае для Беларусі гэтая канцэпцыя Эўразьвязу аб добрасуседзтве. Мы хацелі абмяняцца думкамі наконт магчымасьці фармаваньня гэтай канцэпцыі, але відавочна, што ў беларускага боку няма жаданьня адкрыта гэта абмяркоўваць. Цяпер я не ведаю, ці адбудзецца гэты сэмінар увогуле”.

(Карэспандэнт: ) "Як Вы ацэньваеце цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі?"

(Цапф: ) “Я лічу, што сытуацыя ў Беларусі пастаянна пагаршаецца. Я практычна штодня чытаю паведамленьні БелаПАН пра забарону партый і грамадзкіх арганізацый, перасьлед апанэнтаў, зьбіцьцё дэманстрантаў, наступ на свабоду слова. З гэтага можна зрабіць толькі адну выснову– Лукашэнка хоча прымусіць замаўчаць усіх сваіх апанэнтаў і ўсе палітычныя сілы, дэмакратычныя сілы, і зноў удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах ”.

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Цапф, Вы мусілі прыехаць у Менск для ўдзелу ў сэмінары, а цяпер калі вы прыедзе ў Беларусь?"

(Цапф: ) “Відавочна, што я цяпер не змагу прыехаць у Менск. Да таго ж у нас мусяць прайсьці ў верасьні парлямэнцкія выбары і я буду занятая выбарамі. Цяпер я не ведаю нагоды для таго, каб ехаць у Беларусь: з кім я павінна там размаўляць, акрамя апазыцыі?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG