Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У актывісткі АГП канфіскавалі маёмасьць (фота)


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марыны Багдановіч судовыя выканаўцы канфіскавалі маёмасьць. Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў ёй штраф 200 базавых велічынь (гэта каля дзьвюх з паловай тысячаў даляраў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 1 сакавіка. Пасьля канфіскацыі з Марынай Багдановіч пагутарыла наша карэспандэнтка.

У Марыны Багдановіч сёньня канфіскавалі ўсю бытавую тэхніку і частку мэблі.

(Багдановіч: ) “Мая малодшая дачка, ёй 10 гадоў, выйшла з раніцы на двор, прыбягае і кажа: “Мама, там поўны аўтобус АМОНу стаіць”. Разам зь імі стаялі начальнікі Ленінскага РУУС. Гэта была надзейная ахова людзям, якія прыйшлі забіраць маёмасьць”.

1 чэрвеня адбудзецца наступны вопіс маёмасьці Марыны Багдановіч. Яна павінна яшчэ выплаціць штраф за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” – 150 базавых велічынь. Усяго Марына Багдановіч павінна заплаціць каля 4 з паловай тысячаў даляраў.

(Багдановіч: ) “Застаўся ложак мой, маёй дачкі, стол, кухонны стол і невялікі сэрвант на кухні. Усю бытавую тэхніку ацанілі ўсяго на 300 даляраў. Тэлефон “Панасонік”, які каштаваў 250 даляраў, ацэнілі на 50 тысяч рублёў”.

(Карэспандэнтка: ) “А якія неабходныя рэчы ў Вас сёньня забралі?”

(Багдановіч: ) “Што найбольш шкада – гэта электрафэн і прас. Канечне ж, кампутар, электрачайнік і тостэр. Больш за ўсё шкада кніжных шафаў. У мяне вялікая бібліятэка, і цяпер кнігі ляжаць па ўсёй кватэры”.



Абскарджваць канфіскацыю маёмасьць Марына Багдановіч не зьбіраецца. Па-першае, у яе няма грошай на судовыя выдаткі. Па-другое, яна ня верыць у справядлівы суд. Спадарыня Марына кажа, што падчас канфіскацыі яе дачка адчула сябе блага.

(Багдановіч: ) “Яна так цьвёрда трымалася, ані сьлязінкі не было, кнігі дапамагала складваць. А потым ёй стала дрэнна, закружылася галава, і яна села. Было відаць па ёй, што ёй вельмі дрэнна. А я выйшла. І было такое адчуваньне, што я проста аглухла”.

Але актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марына Багдановіч ня траціць аптымізму. Яе дачка сёньня скончыла школу, і Марына атрымала ганаровую грамату як найлепшая маці, бо яе дачка – найлепшая вучаніца ў клясе.

Сёньня яна вязе дачку на адпачынак да бабулі, а заўтра будзе госьцем на зьезьдзе расейскага Саюзу правых сілаў.
XS
SM
MD
LG