Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буш паабяцаў 50 мільёнаў даляраў палестынцам


Юрась Бушлякоў, Прага Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш прымаў напярэдадні ў Белым доме палестынскага лідэра Махмуда Абаса – прымаў як міратворцу. У ходзе сустрэчы з Абасам Буш паабяцаў выдзеліць палестынскім уладам 50 мільёнаў даляраў дапамогі. Такая амэрыканская падтрымка можа ўзмацніць пазыцыі кіраванага Абасам руху “Фатах” перад прызначанымі на 17 ліпеня парлямэнцкімі выбарамі ў Палестынскай аўтаноміі.

Паводле Буша, выдзяляныя грошы маюць пайсьці беспасярэдне на будаўніцтва жыльля ў паласе Газы.

(Буш: ) “Злучаныя Штаты забясьпечаць палестынскія ўлады 50 мільёнамі даляраў для ажыцьцяўленьня праектаў будаўніцтва жыльля й разьвіцьця інфраструктуры ў паласе Газы. Гэтыя грошы будуць выкарыстаныя, каб палепшыць якасьць жыцьця палестынцаў у паласе Газы, дзе столькі галечы й такое высокае беспрацоўе”.

На прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з Абасам Буш заклікаў як палестынцаў, так і ізраільцаў прытрымлівацца абавязаньняў, узятых у рамках “дарожнай мапы” – пляну мірнага ўрэгуляваньня на Блізкім Усходзе. “Дарожная мапа” прадугледжвае, што новая палестынская дзяржава мае ўключаць і землі, акупаваныя Ізраілем пасьля блізкаўсходняй вайны 1967 году.

(Буш: ) “Ізраіль не павінен чыніць ніякіх дзеяньняў, якія супярэчаць абавязаньням у рамках “дарожнай мапы” або наносяць шкоду перамовам у пытаньні Газы, Заходняга берагу й Ерусаліму. Такім чынам, Ізраіль мусіць зьняць незаконныя блёк-пасты і спыніць пашырэньне паселішчаў”.

Паводле Абаса, палестынскія ўлады разглядаюць дэмакратычны шлях разьвіцьця не як “прыгоду”, а як выбар для палітычнай будучыні палестынцаў. Усе палестынцы хочуць свабоды, а дэмакратыя й свабода – два бакі адной манэты, – гаварыў Бушу палестынскі лідэр.

(Абас: ) “Мы падкрэсьліваем, што дэмакратыя ня можа разьвівацца пад акупацыяй і пры адсутнасьці свабоды. Таму мы выказалі нашу глыбокую заклапочанасьць у сувязі з далейшым пашырэньнем ізраільскіх паселішчаў і пабудоваю муру на нашай зямлі, у прыватнасьці ў раёне Ерусаліму. Пашырэньне Ізраілем паселішчаў падрывае прапанаваную прэзыдэнтам Бушам пэрспэктыву заснаваньня палестынскай дзяржавы, здольнай да суіснаваньня з Ізраілем”.

Разам з тым і Буш, і Абас павіталі плян ізраільскага прэм’ера Арыеля Шарона, які прадугледжвае вывад сёлета габрайскіх паселішчаў з паласы Газы й часткова з Заходняга берагу Ярдану.

Махмуд Абас стаў першым палестынскім лідэрам, якога прыняў у Белым доме цяперашні прэзыдэнт ЗША. Візыт Абаса паказвае на пацяпленьне ў стасунках паміж ЗША й палестынскімі ўладамі пасьля сьмерці Ясіра Арафата, сустрэч зь якім Буш унікаў.
XS
SM
MD
LG