Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх школах празьвінеў апошні званок, а ў парку Чалюськінцаў – піва ды шампанскае


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў чатырох тысячах сто адной школе Беларусі празьвінеў апошні званок. У дарослае жыцьцё ўступаюць больш за 95 тысяч выпускнікоў.

Самі ўрачыстасьці прайшлі ў школах, але пасьля іх выпускнікі пачалі адзначаць сьвята ў парках, сквэрах і нават у кафэ і барах. Нягледзячы на тое, што Міністэрства адукацыі рэкамэндавала “узяць пад строгі кантроль усе сьвяточныя мерапрыемствы, забараніць падчас сьвятаў ўжываньне сьпіртовых напояў”. Магчыма, падчас выпускных вечароў, якія пройдуць з 18 па 20 чэрвеня, так і будзе. Але ў дзень апошніх званкоў у Менску ўсё свабодна прадавалася. Наша карэспандэнтка пабывала пасьля апошняга званка ў сталічным парку Чалюскінцаў.

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня ў вас апошні званок, можна сказаць, скончылася бесклапотнае дзяцінства. Сапраўды будзеце ўзгадваць добрым словам школу, настаўнікаў, сяброў?”

(Дзяўчына: ) “Канечне! Кожнаму з нас ёсьць што ўспомніць. Гэта незабыўнае – мы ўсе 11 гадоў былі разам, ішлі поруч, дапамагалі адзін адному. Думаю, гэта кожны будзе памятаць усё жыцьцё”.

(Карэспандэнтка: ) “Дзяўчаткі, вы ў такой прыгожай школьнай форме – у сукенках, белых фартушках. Вы так і ў школу хадзілі?”

(Дзяўчына 2: ) “У першую-другую клясу. А зараз проста настальгія па дзяцінстве, вырашылі зноў успомніць тыя гады, калі ўпершыню прыйшлі ў школу”.

(Карэспандэнтка: ) “А цікава апошні званок праходзіў у школе?”

(Дзяўчынка: ) “Вельмі цікава, вельмі ўрачыста. Добра нас сустрэлі настаўнікі, дырэктар школы, так сардэчна”.

(Хлопец: ) “У школе настаўнікі спэктакль паставілі, дыскатэка была, але мы вырашылі паехаць у парк, таму што ў школе нецікава, там няма чаго рабіць. Тут самі сабой можам быць. А там настаўнікі…”

(Карэспандэнтка: ) “Настаўнікі кантралююць, перашкаджаюць, а тут свабода?”

(Хлопец: ) “Канечне! Навошта нам настаўнікі тут?”

(Карэспандэнтка: ) "А чаго так далёка прыехалі – ажно з Гатава?"

(Хлопец: ) “Каб не было знаёмых твараў, каб нармальна, весела адпачыць. Праўда, некаторыя ня ўмеюць нармальна адпачываць…”

(Карэспандэнтка: ) “А што – ёсьць ужо праблемы? Я бачыла п’яненькіх тут”.

(Хлопец: ) “Так, ужо пару чалавек забрала міліцыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы тут з кока-колай. А штосьці больш моцнае будзе ці не?”

(Хлопец: ) “Глядзіце, колькі бутэлек! Але шампанскае, і ня болей”.

(Карэспандэнтка: ) “А бацькі ведаюць?”

(Хлопец: ) “Здагадваюцца. Але нам ужо па 18 гадоў, што хочам, то і робім”.

(Карэспандэнтка: ) А што – для весялосьці, для добрага настрою шампанскае абавязкова, неабходна?”

(Галасы: ) “Канечне! Абавязкова! А як жа? Танцы-шманцы-абдыманцы…”

(Карэспандэнтка: ) “Літаральна насупраць Парку Чалюскінцаў – унівэрсам “Генэрал”. У віна-гарэлачным аддзеле бойка ідзе продаж. Гутару з прадавачкай. Звычайна ў дні выпускных, апошняга званка забараняюць прадаваць моцныя напоі. Што, сёлета не было забароны?”

(Прадавачка: ) "Не, не было. Гэта вельмі дрэнна. Шмат выпускнікоў купляюць сёньня віно, піва, гарэлку. Гэта жахліва, вельмі дрэнна. Не прадаць не магу – ім ёсьць па 18 гадоў”.

(Карэспандэнтка: ) “Але сьвята працягваецца. І сёньня гучаць шчырыя словы падзякі”.

(Дзяўчынка: ) “Мы хочам падзякаваць нашым настаўнікам, бацькам. І хочам павіншаваць усіх выпускнікоў, і пажадаць, каб яны ўсе паступілі ў ВНУ!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG