Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія "белыя ночы" на Одэры ў Нямеччыне


Алена Струвэ, Менск У эўрапейскім унівэрсытэце Віядрына ў Нямеччыне пачалася падрыхтоўка да беларускай імпрэзы “Белых ночаў на Одэры”. Так называецца традыцыйная навукова-культурніцкая імпрэза, якая праводзіцца ў час самых доўгіх дзён і самых кароткіх начэй. Сёлетняе мерапрыемства ўпершыню будзе прысьвечанае Беларусі і Віцебску. У рамках “Белых начэй на Одэры” пройдуць навуковыя дыскусіі, фота – і кніжныя выставы, будуць дэманстравацца кінафільмы пра Беларусь ды гучаць музыка беларускіх вулічных музыкаў.

"Белыя ночы на Одэры" зьбіраюць вялікую аўдыторыю. Сёлета яны пройдуць 8 і 9 чэрвеня. Паводле традыцыі, імпрэза адкрыецца ў сэнацкай залі франкфурцкага ўнівэрсытэту. З навуковымі дакладамі, якія можна абагульніць адной тэмай “Беларусь у Эўропе” выступяць вядомыя адмыслоўцы ў пытаньнях Ўсходняй Эўропы – прафэсар Карл Шлёгель, доктар Райнэр Лінднэр ды іншыя.

Мяркуецца, што ўдзельнічаць у дыскусіях будуць вядомыя нямецкія палітыкі, навукоўцы, экспэрты ды таксама студэнцкая моладзь з розных краінаў сьвету, якая навучаецца як у Віядрыне, так і ў розных іншых ўнівэрсытэтах Нямеччыны.

Нагадаем, што летась пасьля закрыцьця беларускімі ўладамі ЭГУ Віядрына прыняла да сябе на вучобу 37 былых студэнтаў гэтае ўстановы. Адным з непасрэдных ініцыятараў стварэньня вучэбных месцаў для беларусаў стала прэзыдэнт Віядрыны прафэсар Гезінэ Шван. Менавіта, яна разам з двума іншымі грамадзкімі дзеячамі Нямеччыны доктарам Гансам-Георгам Вікам і прафэсарам Клаўсам Зэгбэрсам накіравала летась ліст да міністра Фішэра з патрабаваньнем зрабіць усё, каб Беларусь не апынулася ў адукацыйнай і культурніцкай ізаляцыі. У лісьце ў тым ліку выказвалася прапанова адносна стварэньня ЭГУ ў выгнаньні.

Характэрна, што гэты праект стартуе 9-га чэрвеня ў Вільні, у той самы час, калі ў Франкфурце на Одэры будуць праводзіцца беларускія дні і ночы.

Прэзыдэнт Віядрыны прафэсар Шван бачыць вялікую будучыню ўа распаўсюджаньні адукацыйных эўрапейскіх ведаў на усходзе Эўропы.

(Шван: ) “Віядрына для ўсяго усходняга рэгіёну ёсьць пэўным знакам надзеі. У тую ж Усходнюю Нямеччыну, дзе знаходзіцца ўнівэрсытэт, дэмакратыя прыйшла зусім інакш чым у заходнія нямецкія землі, зусім пры іншых, значна больш цяжкіх эканамічных умовах. Я заўсёды кажу: дэмакратыя – гэта прапанова, выбар. І той, хто ўпарта дамагаецца яе, хай і ня ведае, калі яна прыйдзе, той мае вельмі добрыя пэрспэктывы на будучыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG